Знайсці
14.10.2015 / 15:2317РусŁacБел

Таццяна Караткевіч абскардзіла ў ЦВК вынікі выбараў

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч 14 кастрычніка падала ў Цэнтрвыбаркам скаргу з просьбай прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі па ўсёй краіне.Як паведаміла Караткевіч журналістам пасля наведвання ЦВК, скаргу прынялі і плануюць разгледзець на пасяджэнні камісіі 16 кастрычніка. 

БелаПАН

Паводле слоў экс-кандыдата, у скарзе ўтрымліваюцца звесткі назіральных кампаній «Права выбару» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары», а таксама спіс парушэнняў, зафіксаваных актывістамі штаба Караткевіч, які заняў 139 старонак.

«Мы не спадзяемся на тое, што перагледзяць вынікі, але важна быць паслядоўнымі», — падкрэсліла Караткевіч. 

На пытанне, колькі выбаршчыкаў, паводле яе ацэнак, прагаласавалі за яе, Караткевіч адказала, што каля 25%. «Гэта не тая большасць, якая дазволіла б нам перамагчы», — дадала яна. 

Экс-кандыдат зазначыла, што ў пададзенай скарзе таксама ўтрымліваюцца прапановы для ЦВК па правядзенні наступных выбарчых кампаній. У прыватнасці, прапаноўваецца садзейнічаць рэгістрацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці, абмежаваць датэрміновае галасаванне на выбарах, гарантаваць уключэнне ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў усіх кандыдатаў і забяспечыць адкрыты падлік галасоў. 

Таццяна Караткевіч таксама заявіла, што яе каманда пачынае падрыхтоўку да наступных выбарчых кампаній — парламенцкіх выбараў 2016 года і прэзідэнцкіх 2020-га. 

Згодна з папярэднімі звесткамі ЦВК, на выбарах прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі 11 кастрычніка, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 83,49% выбаршчыкаў, за Таццяну Караткевіч — 4,42%, за Сяргея Гайдукевіча — 3,32%, за Мікалая Улаховіча — 1,67%. Супраць усіх прагаласавалі 6,4% выбаршчыкаў. Канчатковыя звесткі павінны стаць вядомыя 16 кастрычніка. 

Згодна з артыкулам 79 Выбарчага кодэкса выбары прэзідэнта «ў цэлым па рэспубліцы або па асобных участках для галасавання, раёнах, гарадах, раёнах у гарадах, абласцях, горадзе Мінску могуць быць прызнаныя несапраўднымі з-за дапушчаных падчас выбараў або пры падліку галасоў парушэнняў патрабаванняў сапраўднага Кодэкса, калі яны паўплывалі на вынікі выбараў у цэлым па рэспубліцы». 

Рашэнне аб прызнанні выбараў несапраўднымі прымаецца Цэнтрвыбаркамам. Скарга аб такім парушэнні павінна быць пададзена кандыдатам у прэзідэнты не пазней чым на трэці дзень пасля выбараў. Рашэнне ЦВК аб прызнанні выбараў несапраўднымі можа быць абскарджана ў Вярхоўны суд цягам дзесяці дзён. Разам з тым рашэнне аб прызнанні выбараў сапраўднымі абскардзіць нельга.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера