Знайсці
23.09.2015 / 12:1710РусŁacБел

Мікалай Амяльчук: «Вырошчваць вінаград на Палессі прасцей, чым яблыкі»

Захапленне вінаградарствам у Мікалая Амельчука пачалося 17 гадоў таму, калі жонка прынесла ад знаёмых саджанец. Цяпер мужчына прафесійна займаецца развядзеннем вінаграду, і на сваіх 23 сотках ён вырошчвае больш за 70 гатункаў.

— Пачаў з «алёшкі», — так ласкава Мікалай Мікалаевіч называе гатунак вінаграду «алёшанькаў», які з'явіўся першым на яго надзеле. — Гэта самы першы наш вінаград. Гэты куст пладаносіць да гэтага часу.

Мікалай Амяльчук кажа, што толькі апошніх гадоў дзесяць сур'ёзна гэтай справай займаецца:

— Раней я нічога не ведаў пра вінаград, пра тое, як яго даглядаць, як разводзіць. Веды прыйшлі з часам, пасля мноства прачытанай літаратуры пра вінаградарстве, пасля непасрэднай працы над вырошчваннем вінаграду. Многія кнігі і часопісы, якія трапляліся мне на вочы, напісаны складанай навуковай мовай, не ўсё ў гэтых кнігах было зразумела. Таму я шукаў тое, дзе напісана прасцей і лягчэй для разумення недасведчанаму ў вінаградарстве чалавеку. Першай такой кнігай стала кніга «Разумны вінаграднік для сябе» навукоўца-агранома, садоўніка-прафесіянала Мікалая Курдзюмова. Менавіта з такой літаратуры раю пачынаць кожнаму, хто вырашыў пасадзіць у сябе вінаград і не ведае, як яго даглядаць. Ды і ў інтэрнэце цяпер шмат розных садаводчых сайтаў, дзе можна не толькі прачытаць, але і паглядзець, што і як рабіць з вінаградам на ўчастку.

На прысядзібным участку Мікалая Амельчука расце 74 гатункі вінаграду, усяго каля сотні кустоў. Не адзін вінаград тут расце: вырошчваюць у гародзе Амельчукі і бульбу, і буракі, і памідоры і іншую гародніну.

— Калі абдумана падыходзіць да справы, то на гэтай зямлі можна каля 200—300 кустоў вінаграду пасадзіць. Але мне трэба яшчэ і гародніну саджаць. Таму ўсю зямлю пад вінаград пусціць не магу, — адзначае вінаградар.

У цяпліцы растуць асабліва цеплалюбівыя кусты вінаграду

З усіх вінаградных кустоў 32 растуць у цяпліцы. Тут жа, як кажа Мікалай Мікалаевіч, знаходзіцца і «школка» — градка з маладымі саджанцамі вінаграду.

«Школкі» ў цяпліцы вінаградара Мікалая Амельчука

Першы ўраджай вінаграду, кажа Мікалай Мікалаевіч, у гэтым сезоне пачаў збіраць прыкладна 20 ліпеня. Адзін з першых — гатунак «тасон», дарэчы, адзін з самых любімых гатункаў Амельчука. Да глыбокай восені ласуецца сям'я Амельчука вінаградам, бо сярод кустоў і раннія гатункі, і пазнейшыя.

Мікалай Мікалаевіч паказвае свой вінаград і называе кожны з гатункаў. Мне, дылетанту ў такой справе, дзіўна: лісце некаторых гатункаў на першы погляд практычна аднолькавае — як тут адразу вызначыць? Але чалавеку, які аддаў любімай справе не адзін год жыцця, лёгка назваць з мноства кустоў той самы. Зялёны, ружовы, светла-ружовы, сіні па колеры, круглы, даўгаваты, буйны і дробны па форме — такі вінаград расце ў Мікалая Амельчука.

«Ананасная», «атаман», «атаман паўлюк», «алёшанькаў», «аркадзя ружовая», «віктар», «дыксан», «жэмчуг», «кадранка», «красуня», «ланцэлот», «ліепайскі бурштын», «прамяністы», «марыя магдаліна», «надзея азос», «новае стагоддзе згту», «памяць дамбкоўскай», «горад плевен», «падарунак запарожжа», «русмалета», «рашфор», «талісман», «цімур», «чарлі» — няпоўны пералік гатункаў вінаграду, якія вырошчвае ў сябе дома Мікалай Амяльчук. Цікава тое, што вінаградар беспамылкова на смак, не бачачы ягаду, вызначае гатунак вінаграду.

Вінаград у Мікалая Мікалаевіча смачны

Напрыклад, з 15 кг гатунку «памяць дамбкоўскай» выходзіць 11 л соку. А яшчэ з мускатных гатункаў вінаградар робіць хатняе віно. Уся сям'я Амельчука любіць вінаград, у кожнага ёсць свой любімы гатунак. Напрыклад, жонка і сын Мікалая Мікалаевіча любяць «алёшаньку», дачка — «красуню» і «тасон», а цешча не ўпускае магчымасці паласавацца ўсімі гатункамі вінаграду.

— З вінаградам крыху лягчэй, чым з яблынямі. Вырасла лаза, з лазы — атожылак, а з яго на наступны год — вінаград. Толькі тут ужо не трэба шкадаваць ні парасткі, ні плады. Слабыя трэба выдаляць. Тады і ўраджай добры будзе, — кажа вінаградар. — На трэці год ад чатырох да шасці гронак спее. Напрыклад, гатунак «віктар» ужо на другі год даў ураджай. На ім было дзевяць гронак, большую частку я выдаліў і пакінуў усяго тры. Дык вага адной гронкі была прыкладна два кілаграмы.

У поўную сілу вінаградны куст уваходзіць звычайна гадоў так праз пяць-шэсць. У аматарскім вінаградарстве ягад можна каля 20—30 кг з куста збіраць.

Мікалай Амяльчук кажа, што ў нас тут няма традыцыі вінаградарства. Ды і зямля не зусім прыдатная для яго. Вінаград гіне, калі холадна, таму трэба ўмець дагледзець яго своечасова. Калі дрэнна выспявае, то трэба апрацоўваць. На зіму кусты вінаграда трэба абрэзаць, прыхіліць да зямлі, атуліць. Таксама перад зімой пад кожны куст вінаграду добра выліць 50—100 літраў вады ў залежнасці ад куста. Абеззаражвальную апрацоўку на зіму таксама добра зрабіць. Можна выкарыстоўваць медны купарвас (да 500 грам развесці на 10 літраў). Увесну таксама трэба апрацаваць куст. Адзін раз зрабіць гэта да цвіцення, калі з'яўляюцца першыя пупышкі, другі раз — пасля цвіцення. Увесну для лепшага росту можна выкарыстоўваць азот, летам для надання цукрыстасці, прысмаку ягадам — фосфар і калій, восенню добра падкарміць куст попелам або сернакіслым каліем.

— Імкнуся як мага менш выкарыстоўваць прэпараты для росту вінаграду, для лепшага ўраджаю — самому потым усё гэта есці. Дык навошта ў пагоні за добрым ураджаем псаваць свой арганізм? Бо і без гэтага можна вырасціць выдатны вінаград, — усміхаецца і разводзіць рукамі Мікалай Амяльчук.

Мікалай Амяльчук гатовы кожнаму даць слушную параду па вінаградарстве

Вінаград для пасадкі на сваім участку Мікалай Мікалаевіч купляў у знаёмых, выпісваў па пошце з гадавальнікаў, абменьваўся саджанцамі з іншымі вінаградарамі. Непрыемна, калі ў выніку атрымліваў не тое, што купляў. Але тым не менш рук не апускаў — працягваў займацца любімай справай.

— Пакуль свой уласны гатунак вінаграду не вывеў, але думкі такія ёсць. Тут трэба ўсё добра абдумаць, распланаваць: як саджаць, з якім гатункам пераапыляць і гэтак далей, — дадаў ён.

Мікалай Амяльчук апошнія два гады пачаў браць удзел у выставах, у тым ліку і вінаградараў, дзе яго ўраджай сярод вінаграду такіх жа, як і ён, захопленых вінаградарствам людзей, глядзеўся годна.

Вінаград Мікалая Амельчука на выставе ў Рэмлі падчас раённых «Дажынак»

У Мікалая Мікалаевіча на ўчастку расце персік і вельмі рэдкі, не звыклы для нашых кліматычных умоў, інжыр. Інжыр пладаносіць, плады смачныя.

Інжыр расце ў зацішшы, мае патрэбу ў клопаце і цяпле

Калі хто-небудзь хоча больш даведацца пра вінаградарства, можа наўпрост звярнуцца да Мікалая Мікалаевіча. Прыветны паляшук раскажа і падкажа ўсё самае важнае ў вінаградарстве, параіць, які гатунак вінаграду лепш выбраць пачаткоўцу. Тэлефон Мікалая Мікалаевіча: 8 (029) 5373780.

Мікалай Амяльчук ля аркі з вінаграду каля свайго дома ў Хорску

Наталля Базар, «Медыя-Палессе»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930