Знайсці
28.08.2015 / 08:1016РусŁacБел

Парады маладому настаўніку

Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна

Зусім хутка настаўнікі па размеркаванні выйдуць на працу ў школу. Прапаноўваем парады ад настаўніцы англійскай мовы, якая адпрацавала ў гомельскай школе год па сваім жаданні.

Вы маеце права выбіраць сваю нагрузку

Маладога настаўніка ставяць перад фактам і даюць максімальную нагрузку, якая толькі не размеркаваная ў школе. Старэйшыя настаўнікі часам змагаюцца за дадатковыя гадзіны, маладым жа бывае вельмі цяжка ўзяць 1,5 стаўкі на самым пачатку.

Адразу вызначце, колькі гадзін на тыдзень вы пацягнеце, пасля паменшыце гэтую лічбу на пяць і настойвайце на такім аб’ёме працы. Тут трэба памятаць пра штодзённыя 3-4-гадзінныя нарады і пасяджэнні, семінары для маладых настаўнікаў і іншыя каляшкольныя мерапрыемствы.

Не чакайце дапамогі

Ведайце, што маладога настаўніка ніхто не падтрымлівае, бо не чакае, што ён можа застацца працаваць у школе пасля размеркавання. (Людзі, што прыйшлі ў школу самі, увогуле не ўпісваюцца ў звыклыя каардынаты.) Нікога не цікавіць, што ён стамляецца і ні на што не хапае часу — пасярод года нагрузку ніхто не зменшыць, хутчэй павялічаць. Вас пачнуць падтрымліваць, калі пераканаюцца, што вы добры работнік, настроены заставацца ў школе надоўга

Вы не абавязаны плаціць за метадычную літаратуру

Кропка. Усе прэміі з’яўляюцца элементам заахвочвання і ўзнагародай за працу без заганаў і не могуць выдзяляцца на канцылярскія ці адміністратыўныя патрэбы.

На пачатку года мы здалі па 300 000 на «Настаўніцкую газету», у канцы — па 600 000 на метадычную літаратуру. Я заплаціла толькі ў верасні, бо «не ведала, што можна не плаціць» — шмат хто праігнараваў патрабаванне дырэктара і не меў аніякіх праблем.

Адміністрацыя мае план падпіскі, таму будзе ўсяляк палохаць. Варта спакойна давесці, што вы разумеце сітуацыю, але не маеце магчымасці/жадання да прымусовай падпіскі. Паабураюцца ды забудуць.

Вы не абавязаны весці факультатывы

У верасні, калі набіраюць групы і размяркоўваюць факультатывы паміж настаўнікамі, варта ўвогуле не хадзіць на «нефармальныя» сустрэчы з завучамі, таму што хто прыйшоў, той і атрымаў. Завучы паміж сабой не кантактуюць (гаворка пра вялікія школы, я працавала ў такой) і іх не цікавіць вашая вялікая нагрузка па іншых прадметах.

Мне асабіста завуч пагражала праблемамі, калі я не вазьму факультатывы, але пазней высветлілася, што нагрузку факультатываў я набрала «добраахвотна». Мне казалі, што будуць надакучаць праверкамі, але на справе аніразу не прыйшлі.

Усе мае распрацаваныя па апошніх методыках урокі ды інтэрактыўныя семінары нікога не цікавілі і былі зробленыя толькі для таго, каб пакласці на палічку.

Пільна сачыце за колькасцю гадзін факультатываў: былі выпадкі, калі праведзеныя заняткі не фіксаваліся завучам — памыляюцца яны, натуральна, у свой бок.

Вы не абавязаны вадзіць дзяцей у выходныя на пазашкольныя мерапрыемствы

Каб вы разумелі, яны не аплачваюцца, дый дзеці звычайна не тыя, у якіх вы выкладаеце. Адмовіць цяжка, але трэба, бо варта пагадзіцца адзін раз — і на вас будуць выязджаць кожныя выходныя.

Настаўнікі замежных моў часам не маюць класнага кіраўніцтва, лічацца менш нагружанымі, таму імі закрываюць арганізатарскія дзіркі.

Выбірайце школу побач з домам

Мінімум раз на тыдзень будуць нарады ці семінары, на якіх адміністрацыя будзе патрабаваць прысутнічаць. Пакуль настаўнікі паспявалі схадзіць дадому, я сядзела ў школе, бо ездзіць далёка дамоў, каб адразу вяртацца, не было сэнсу.

Змагайцеся за правы

У нашай школе працавала восем настаўнікаў англійскай мовы, дзве звольніліся пасярод года, тры сышлі на бальнічны, адна з’ехала з дзецьмі ў санаторый на месяц.

Замест таго, каб ставіць замены іншымі прадметамі ці шукаць настаўнікаў, мы працавалі ўдзвюх за ўсіх. Адна вяла ў цэлых класаў старэйшай школы, другая — ва ўсіх астатніх. Гэта ніяк не аплачвалася, не фіксавалася, не афармлялася як замены. Калі я пачала высвятляць, хто нясе адказнасць за дзяцей, таму што фактычна і дакументальна я ў іх не выкладаю, — як выкладаць з такой колькасцю, бо гэта не адпавядае спецыфіцы прадмета, — завуч толькі пасмяялася ды параіла пасля працы выпіваць, каб настрой падняўся…

Аказалася, што не трэба хвалявацца, галоўнае, каб быў выгляд, што ўрокі праводзяцца. Пазней я даведалася, што ўсе замены афіцыйна фіксуюцца ў адмысловы журнал, паводле запісаў якога аплочваюцца дадатковым чынам. Аб’яднанні ж трох-чатырох груп, то бок праца некалькіх настаўнікаў, выкананая адным, не фіксаваліся ніяк.

Цякучка кадраў дзікая!

Нас не паважаюць, абражаюць і прымушаюць. У маёй школе з васьмі настаўнікаў англійскай мовы да канца года застаўся толькі адзін — адпрацоўваць размеркаванне. Сыходзілі як маладыя, так і настаўніцы з вышэйшымі катэгорыямі.

Маладых настаўнікаў у сучаснай школе не цэняць, бо на іх месца хутка прыйдуць новыя, на чарговыя два гады адпрацоўкі. Дурная сістэма…

Марыя Амялюсік, Гомель

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера