Знайсці
25.08.2015 / 19:4770РусŁacБел

Статкевіч: Халуі не могуць зразумець чалавека гонару. Мяне вывучалі гадамі, але не змаглі спрагназаваць простыя рэчы

Праз дзень пасля вызвалення Мікалай Статкевіч адказваў на пытанні журналістаў і чытачоў «Нашай Нівы». Прапануем вашай увазе частку адказаў палітыка. 

«Наша Ніва»: Якія першыя ўражанні пасля вызвалення з турмы? Можа, нешта засмуціла, а што абрадавала?

Мікалай Статкевіч: У мяне было два вельмі моцныя ўражанні цягам першых гадзін на волі. Першае — негатыўнае. Як толькі мяне пасадзілі ў аўтобус, я папрасіў у кіроўцы мабільны, каб пазваніць сваякам. Ён ведаў, што я няпросты зэк, і напалохаўся. У выніку я ўзяў мабільны ў нейкай дзяўчынкі, што сядзела побач. Размаўляў па-беларуску з бацькам і жонкай. У размове ўжыў слова «самазванец». І салон адразу заціх. Узнікла напружанне і страх. У маршрутцы ехалі звычайныя людзі з Бялыніч, Беразіна і іншых гарадоў. Узнікла адчуванне забітай і запалоханай краіны. Думаю: што ж я ўбачу ў Мінску? Да чаго давялі гэты няшчасны народ.

Едзем-едзем — і тут тэлефанаванне кіроўцу, ён увесь спалохаўся: «Каго ты там вязеш? Сто чалавек ужо сабралася сустракаць!» Я ж думаў, што ў цудоўны суботні жнівеньскі вечар добра калі Марына чалавека якога знойдзе, каб рэчы дапамог давезці, можа, журналіст які знойдзецца… Я выйшаў з аўтобуса і ўбачыў сотні людзей. Вольных, смелых, мужных. Гэта было каласальнае ўражанне. Я вельмі ўдзячны тым людзям, што прыйшлі на вакзал.

«НН»: А як Вы ўяўлялі ўласнае вызваленне?

МС: Я яго крыху пабойваўся. Думаў, што ўсё так прыкладна і адбудзецца. Хіба што лічыў, што вызваляць уначы і пасадзяць на цягнік. Яны зрабілі хутчэй. Купілі за мае грошы білет і пасадзілі ў аўтобус. Я баяўся, як буду на ўсё рэагаваць. Нават пасля ШІЗА, як вяртаешся ў камеру, то дзень гаварлівасці забяспечаны.

«НН»: Адзіночка — цяжкае выпрабаванне?

МС: Адзіночка давала большую загартаванасць. Я разумеў усю небяспеку турмы, супрацьстаяў гэтаму маруднаму забойству. Я ведаў, якімі людзі бываюць пасля «крыткі».

Я змагаўся з гэтым з вялікім запасам. Мае фізічныя параметры добрыя. Нядаўна памералі ціск, дык ён быў 120 на 80. У некаторым плане я нашмат слабейшы, чым быў да турмы, у некаторым плане — мацнейшы.

«НН»: А як трэніраваліся?

МС: Было чатыры трэніроўкі за дзень. Я баяўся перагрузіць сэрца. Пасля пад’ёму абавязковая размінка ўсіх суставаў. Пасля на прагулцы ў турэмным дворыку прысяданні і адцісканні са становішча седзячы. Рабіў тры-чатыры падыходы з інтэрвалам у некалькі хвілін.

На трэцяй трэніроўцы ў камеры я развіваў прэс, мышцы спіны. Нават клаўся для гэтага на ложак, заўваг не атрымліваў, хоць і было забаронена. Пасля была імітацыя падцягвання на нарах.

Перад вячэрай рабіў адцісканні. Апроч гэтага я хадзіў пастаянна ўзад-уперад. Займаўся паставай. Нават крыху дыкцыяй. Увесь час там трэба быць занятым. Ставіць задачы па самаўдасканаленні.

«НН»: Заставацца адзін на адзін з думкамі нельга?

МС: Самае галоўнае — не пачынаць сябе шкадаваць. Або думаць, што там трава, дрэвы, свабоды, як хочацца туды… Шчыра кажучы, я адчуваў, наколькі мне ўсё ж лягчэй за тых, хто асуджаны па крымінальнай справе.

«НН»: Чаму?

МС: Бо гэтыя людзі здзейснілі нейкае злачынства, яны пакутуюць на нейкія згрызоты сумлення, адчуваюць марнасць жыцця. Я разумеў, што ў той прамежак жыцця, проста знаходзячыся там і не пішучы прашэнне аб памілаванні, рабіў болей, чым мог на свабодзе.

«НН»: Няма цяпер жадання адпачыць?

МС: Мой арганізм мабілізаваны, ён сам сябе падтрымлівае. Я добра сябе адчуваю. Калі пачнецца расслабленне, будзе небяспечны момант. Памятаецца, пасля «хіміі», калі я вырашыў першасныя пытанні, у бацькі на кватэры трое сутак спаў. Мабыць, будзе нешта падобнае і цяпер. Спадзяюся, што займею малы перыяд часу з’ездзіць бліжэй да мора, падыхаць паветрам, паляжаць пад дрэвамі.

«НН»: З чым Вы звязваеце датэрміновае вызваленне?

МС: З цяжкай эканамічнай сітуацыяй. Выбары тут нават другасныя. На ўтрыманне дыктатуры няма грошай, і іх трэба атрымаць. Я зусім не веру ў лібералізацыю. Бо нават мінімальныя крокі ў гэтым кірунку прывядуць да змены сістэмы. Але ўлады хочуць зымітаваць лібералізацыю, каб нармалізаваць адносіны з Захадам, атрымаць крэдыты. Нават калі крэдыты зацягнуцца, то так можна напалохаць Маскву. І Крэмль раскашэліцца вельмі хутка. Пакуль Расія не пазбавіцца сваіх комплексаў, гэта схема будзе працаваць. Ці пакуль Захад не зразумее, што гэты рэжым не пераменіцца.

«НН»: Пасля падзей ва Украіне ходзіць меркаванне, што абдымацца можна хоць з чортам.

МС: Яны даабдымаюцца. Як можна бачыць у Лукашэнку гаранта незалежнасці? Гэты чалавек 20 гадоў знішчаў усё беларускае. Ён разглядае краіну як сваю маёмасць, і ён будзе абараняць гэтую маёмасць. Але гінуць за яе не стане. Калі будзе крытычная сітуацыя, то аддасць за паўцаны.

«НН»: Вам удавалася сачыць за падзеямі ва Украіне? Якая Ваша думка на гэты конт?

МС: У мяне быў перыяд, калі ў камеры быў тэлевізар. Безумоўна, я бачыў усю гэтую істэрыку, бруд на расійскіх тэлеканалах. Гэта жахліва. Але я разумею матывы гэтага. Безадказны кіраўнік заўсёды можа стварыць такую эйфарыю. Але якім будзе наш свет, калі кіраўнікі так сябе паводзяць? А людзі элементарна купляюцца на ўсё. Праўда, праз пару гадоў у Расіі можа прачнуцца галоўны інстынкт — інстынкт голаду. Я ўспамінаю 1914 год і хвалю ўра-патрыятызму ў Расіі пасля пачатку вайны, і мы памятаем, што здарылася з кіраўніцтвам Расіі праз 2,5 года. Толькі таму, што ў булачныя Піцера не завезлі белага хлеба.

 «НН»: Вы плануеце ствараць нейкі новы рух?

МС: Я меў за кароткі час на волі сустрэчы з годнымі людзьмі. Гэта Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька. Размаўляў з Паўлам Севярынцам па тэлефоне. Ніхто з нас не ідэальны, мы ўсе амбітныя людзі. Без амбіцый у палітыцы нічога не бывае. Але прыйшоў той час, калі ёсць першасныя рэчы. Мы ўсе ставім на першае месца інтарэсы краіны. Мы ўсе шукаем выйсця з той сітуацыі, у якую трапіла Беларусь. Я не кажу, што Статкевіч выйшаў і хоча аб’яднаць здаровую частку апазіцыі. Я кажу, што здаровая частка апазіцыі хоча скарыстаць Статкевічаў «тыдзень славы», каб агучыць агульную пазіцыю. Я на 90% упэўнены, што цягам некалькіх дзён мы агучым яе. Але немагчыма аб’яднаць усю апазіцыю, бо значная яе частка гуляе ў падтанцоўкі з уладай.

«НН»: Злоснікі будуць укладаць і сілы, і грошы, каб такой еднасці не было.

МС: Усе названыя мной людзі — дасведчаныя і збітыя-перабітыя. Яны трымалі ўдар у цяжкой сітуацыі. Не думаю, што кагосьці з нас будзе лёгка падмануць. Думаю, што нават гаворку пра няроўнасць суб’ектаў у гэтым аб’яднанні заводзіць не варта. А пытанне лідарства можа часова трымаць любы, хто выйдзе наперад.

«НН»: Ці адчуваеце Вы, што сёння адказнасць перад Вамі яшчэ большая, чым у той час, як Вы сядзелі ў турме?

МС: Вы вельмі дакладна сфармулявалі мае пачуцці. Дадаць больш няма чаго.

«НН»: Лукашэнка, калі Вас згадваў, казаў, што «Статкевіч сядзіць, каб быць героем». Праўда?

МС: Гэта нейкае смешнае дзіцячае жаданне. Яны ўвесь час спрабавалі знайсці мае матывы. І датрымаліся да памылкі. Выпусці мяне ўвосень 2011 года — пра мяне б усе забыліся. Але яны шукалі прагматычныя матывы. Маўляў, Статкевіч зразумее, што яму кандыдацтва нічога не дало, і падпіша прашэнне. Насамрэч, яны не разумеюць аднаго: у вялікай колькасці людзей асноўнае жаданне — застацца прыстойным чалавекам. У сваіх вачах, у вачах родных. Безумоўна, хацелі зламаць, але нахіліліся самі. Нахіліліся за грашыма ці чым яшчэ, але здаліся яны, а не я. Мяне вывучалі гадамі, але не змаглі спрагназаваць простыя рэчы. У камеры са мной сядзеў псіхолаг, які раз на два-тры дні пісаў вялікія лісты пра мяне. Каб зразумець чалавека, трэба да яго прыпадобніцца. Але яны не здольныя да гэтага, бо нізкія людзі. Яны разумеюць толькі прымітыўныя, прыземленыя матывы, бо мяркуюць па сабе. Для такога чалавека гонар, годнасць, краіна, нацыя, тое, што я называю родавым пачуццём, нічога не значаць. Тыя людзі, што сёння ў кіраўніцтве краіны, у халуях, яны проста не такія, як мы, яны іншыя. У халуёў няма гонару, і яны не могуць зразумець чалавека, у якога гонар ёсць.

«НН»: Што Вы адчулі, калі Саннікаў падпісаў прашэнне?

МС: Я з павагай стаўлюся да Андрэя. Мне нават няёмка, але я не лічыў яго здатным да тых паводзін, якія ён прадэманстраваў 19 снежня. Ён годна трымаўся ў неймаверна цяжкіх умовах. У кожнага чалавека ёсць свая мяжа. Я не магу яго судзіць, тым больш ён не выступаў на ТБ, не пісаў даносаў. Для сябе я разумеў, што такое не зраблю ніколі. У нас розны досвед, ступень трэніраванасці… Ад снежня 2011 года, калі Саннікаў напісаў прашэнне, і да лютага 2012-га ішоў найбольшы ціск на мяне. Мабыць, лічылі, што пакідаць аднаго мяне героем — не варта. Хацелі, каб мы двое выйшлі. За тое, што Саннікаў зрабіў у дзень выбараў, я здымаю капялюш. Перад ім і яго жонкай. Наколькі нізка ціснуць праз дзіцё… У цябе што, самога дзяцей няма? Ты на што іх выракаеш?

«НН»: Ці былі ў Вас у турме моманты адчаю?

МС: Не, не было. Былі цяжкія перыяды. Я расцэньваю іх сапраўды як слабасць. Гэта была галадоўка ў «амерыканцы». Па сутнасці, дзякуючы гэтай галадоўцы я ўратаваў шмат каго з сваёй каманды ад турмы, ды і сябе ад здзекаў людзей у масках. Чалавек не здольны ж галадаць тры месяцы, толькі тры тыдні, а далей ужо ідуць незваротныя працэсы. Я здаровы дзядзька, але мне не 20 гадоў, даруйце за падрабязнасці, і я не чакаў такой рэакцыі арганізма. Увесь час ідзе сліна, немагчыма нават спаць. Гэта так вымотвае. Нават у адзін момант думка ўзнікла: «Хутчэй бы Божанька прыбраў». Вось гэта была слабасць.

Калі спыняў галадоўку, то гэта ўжо не была слабасць, а выбар. Мяне адвезлі ў турму КДБ, дзе сказалі: «Мы вам памерці не дамо, іголка, кропельніца. Калі вы станеце інвалідам, я абяцаю, мы вас выпусцім». І я прыняў рашэнне сам спыніць галадоўку. Я не хацеў рабіцца інвалідам. Больш і ўзгадаць няма чаго. Наш рай і пекла ўнутры нас. Калі ты разумееш, што твой выклік правільны, то з’яўляюцца сілы. Гэта як вайна, як барацьба. А я здолею, я мацнейшы, я перамагу.

* * *

Адказы на іншыя пытанні чытайце на сайце НН пазней.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930