Знайсці
02.08.2015 / 12:1724РусŁacБел

Самы «праваслаўны» кот Беларусі жыве ў Горадні ФОТА

Культ ката, інакш і не скажаш, набыў у гарадзенскім манастыры кур’ёзныя, амаль булгакаўскія, формы…

Настаяцельніца жаночага манастыра Раства Багародзіцы матушка Гаўрыіла (Глухава) у Горадні ці не самы публічны прадстаўнік царкоўнай іерархіі. Яе часта можна ўбачыць на афіцыйных гарадскіх мерапрыемствах, нават на трыбуне падчас парадаў, а таксама на старонках «Гродзенскай праўды». У часы адыёзнага губернатара Саўчанкі казалі нават пра «клуб сяброў» матушкі з ліку дырэктараў і начальнікаў, якія заходзілі ў манастыр «на гарбату».

Пытанне пра манастырскага гадаванца ўпершыню паўстала ў гарадзенцаў у 2008 годзе пасля з’яўлення ў продажы марозіва «Пушок» з выявай белага пухнатага ката і подпісам «…по Благославению патриаршего Экзарха всея Беларуси, Высокопреосвященнейшего Митрополита Минского и Слуцкого Филарета».

Тады ў СМІ і пачаліся спрэчкі: чый гэта кот — дырэктара фабрыкі або нават самога мітрапаліта Філарэта?..

Усё аказалася прасцей і складаней адначасова: Пушок — любімы кот ігуменні Гаўрыілы, а паколькі матушка шчыльна сябруе з гарадскім кіраўніцтвам, у тым ліку дырэктарамі прадпрыемстваў, падобная экстравагантная прапанова з яе боку, хутчэй за ўсё, знайшла водгук у сэрцах кіраўнікоў фабрыкі «Молочный мир», якая выпусціла марозіва…

Выпадак з марозівам мог бы падацца выпадковасцю, калі б Пушок па незразумелых мірскому чалавеку прычынах не прысутнічаў у публічным жыцці манастыра ўвесь час: 

Пушка фатаграфуюць для манастырскіх паштовак,

Пушок ляжыць перад манашкамі на калектыўным фота (на якім падпісаныя толькі матушка і кот, імёнаў манашак няма),

у манастыры частуюць гасцей марозівам «Пушок»…

У 2010 годзе Горадню з гастролямі наведваў Юры Куклачоў, які …таксама не абмінуў мажлівасці сустрэцца з Пушком. Пра гэта афіцыйная газета напісала ў рубрыцы з суворым назовам «ЖЫЦЦЁ», хоць больш дарэчным, падаецца, было б апублікаваць разам са свецкай хронікай.

Як піша газета, дрэсіроўшчыка настаяцельніца запрасіла на «духовное общение», дадаўшы, што на такіх сустрэчах Пушок прысутнічае ледзьве не ў абавязковым парадку(!). Напрыканцы сустрэчы Куклачова, канешне ж, пачаставалі знакамітым марозівам.

«Ёсць, канешне, манастыры, дзе асабліва ставяцца да катоў, — распавядае святар а. Аляксандр Шрамко. — Напрыклад св. Міколы на Кіпры або Аляксееўская абіцель (Угліч, Расія). Але гэта іншае, там няма культа нейкага ката-генерала, наўпрост ратуюць беспрытульных жывёлінаў…»

«Дарэчы, калі выпускалася марозіва з подпісам пра блаславенне, я таксама звяртаўся ў епархію, бо лічу, што гэта дыскрэдытуе Царкву», — выказаў меркаванне а. Аляксандр Шрамко.

Цікава, што марозіва «Пушок» у гарадзенскіх крамах прадаецца і дагэтуль, але ўжо без усялякіх блаславенняў. Мажліва, новы мітрапаліт не аматар салодкага…

АК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930