Знайсці
31.07.2015 / 19:3215РусŁacБел

«Мая курва ехала?» Я адказала: «Ехала». І ўсё». Шэкспіраўская трагедыя пад Магілёвам

Муж забіў жонку з палюбоўнікам, а затым здаўся міліцыі.

У гэтым доме адбылося двайное забойства.

Ад Магілёва вёску Палавінны Лог аддзяляе невялікі ўзгорак. Вёска даволі вялікая. Амаль палова яе — катэджы і дачы, неблагія цагляныя дамы. Але дагледжаныя нават старыя хаты — не гніюць і не развальваюцца.

«Усе старыя хаты — вёска, «свежыя» — дачнікі. У нас жа ўжо і газ, і вада, — кажуць мясцовыя жыхары. — Каб яшчэ асфальт паклалі ды маршрутку пусцілі…»

Пакуль сюды ездзіць толькі аўтобус, раз на тры гадзіны. Прасцей дайсці пехатою. У вёсцы некалькі прадпрыемстваў — «кааператываў», як называюць іх мясцовыя. Вытворчасць дзвярэй, рамонт аўтамабіляў («Калгас усю зямлю распрадаў», — скардзіцца мне жанчына). Але па словах вяскоўцаў, народ працуе ў асноўным у горадзе.

«Дык ён жа не ішоў забіваць»

17 ліпеня каля 22.00 у вёсцы здарылася бяда. 38-гадовы Аляксандр (усе імёны зменены) забіў сваю 41-гадовую жонку Наталлю і яе 39-гадовага палюбоўніка Ігара, якіх заспеў падчас спаткання. Затым сам здаўся міліцыі.

«Як пасля расказаў падазраваны ў забойстве, яму патэлефанаваў знаёмы і паведаміў пра здраду жонкі, удакладніўшы, што тая з палюбоўнікам знаходзіцца ў доме сваёй маці. Мужчына адправіўся ў вёску да цешчы. Праз акно ён заўважыў жонку ў абдымках каханка. Адчыніў раму, залез у пакой і стаў збіваць суперніка, — кажа Аксана Салянюк, афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці. — Збіў таксама і жонку, потым прыдушыў яе. Затым, калі зразумеў, што зрабіў, сам выклікаў і хуткую, і міліцыю».

Мужчына дрэнна памятаў дэталі таго, што адбылося, паведаміла Салянюк. Пасля ў яго крыві знайшлі алкаголь.

Пра нядаўняе забойства ў самой вёсцы ўсе ведаюць, але размаўляюць не вельмі ахвотна. Праўда, чуткі і плёткі ўжо паўзуць, множацца версіі. Народ рэагуе па-рознаму. Адныя вяскоўцы перакананыя, што не мела рацыі жонка. Маўляў, калі Наталля знайшла новага мужыка, трэба было спачатку разысціся з мужам. Але з другога боку, мяркуюць, забіваць за такое — занадта. Праўда, пэўнае спачуванне Аляксандру выказваюць, кажуць: «Дык ён жа не ішоў забіваць».

Што тычыцца дэталяў, то мясцовыя тлумачаць — дастаткова ўзяць панятых з вёскі, каб усё ўсплыло. Пра таемнага знаёмага, які паведаміў пра палюбоўніка, вяскоўцы чулі. Яны ўпэўненыя: гэта зрабіла Вольга, былая мясцовая жыхарка, якая сапраўды ведала і Аляксандра, і яго жонку. Паводле іх версіі, яна прыязджала ў той дзень да брата, які жыве ў Палавінным Логу. А калі заходзіла ў аўтобус, то пабачыла Наталлю, якая разам з мужчынам з таго аўтобуса выходзіла. Пасля гэтага жанчына адразу патэлефанавала Аляксандру.

Вяскоўцы сцвярджаюць, што Аляксандр не хацеў прызнавацца міліцыі, адкуль ён даведаўся, дзе і з кім была жонка. Але на следчым эксперыменце ўсё ж сказаў, што яму пазваніла Вольга.

«Мая курва ехала?»

«Яе тут усе ведаюць. Як яна будзе далей жыць? — кажа адзін з вяскоўцаў. — Адзін званок — мінус два жыцці…»

Знайсці Вольгу ўдалося. Так, і Аляксандра, і Наталлю яна ведала, і сапраўды ў той дзень яна бачыла Наталлю на прыпынку. Аднак свой фатальны ўдзел у здарэнні яна адмаўляе. Ды і было ўсё, кажа яна, зусім не так.

«Аляксандр павінен быў зайсці да мяне адрамантаваць разетку. Я з’ездзіла ў вёску, вярнулася і патэлефанавала яму. Ён сказаў, што не дома і зайсці не зможа. Ну не дык не. Пасля ён у мяне спытаў: «Мая курва ехала?» Я адказала: «Ехала». І ўсё».

Вольга сцвярджае, што мужчыну, з якім была Наталля, яна ўвогуле не заўважыла, бачыла толькі жанчыну. У крымінальнай справе яна, мяркуючы па ўсім, таксама не фігуруе — міліцыя да яе яшчэ ўвогуле не звярталася.

Хутчэй за ўсё, тая Вольга і сапраўды не так вінаватая. Таму што пра Наталлю і Ігара ведалі ўсе і ведалі даўно. Напэўна, пра яго быў у курсе і сам Аляксандр. Проста ў той дзень не стрымаўся.

Аляксандр з Наталляй і Ігар з жонкай. Раней былі суседзямі па інтэрнаце, у якім жывуць супрацоўнікі мясцовых тэкстыльных прадпрыемстваў.

Ігар быў малодшы за сваю жонку на 10 гадоў і, як кажуць у інтэрнаце, вядомы «хадок» па жанчынах. Дзяцей у яго з жонкай не было. Па чутках, Ігара з Наталляй не раз лавіла маці Наталлі, тая самая цешча, у доме якой пасля і здарыцца бяда. Угаворвала дачку зрабіць нешта: ці сысці ад Аляксандра, ці кінуць Ігара. Тая не слухала. Ці ведаў пра тое, што адбывалася паміж Наталляй і суседам, сам Аляксандр? Дакладна невядома. Але ў інтэрнаце ўпэўненыя — ведаў. Чаму ж тады не сышоў ад сваёй жонкі раней?

«У іх увогуле былі даволі дзіўныя і складаныя адносіны», — адказваюць суседзі.

«Звычайная сям’я, як і іншыя. Выпівалі…»

Адной прычынай гэтых «складаных адносін» была банальная і простая рэч — алкаголь.

З інтэрната, дзе яны жылі па суседстве з Ігарам, Аляксандр і Наталля з’ехалі два гады таму. Але недалёка — яны атрымалі больш камфортны пакойчык у іншым інтэрнаце, які стаіць на той жа вуліцы, праз некалькі дамоў. Калі яны туды засяліліся, то ўжо мелі статус «сям’і ў сацыяльна небяспечным становішчы». Гэты статус у 2013 годзе прысвоілі ім у школе, у якой вучыўся іх сын. Сям’ю часта наведвалі сацыяльныя работнікі, педагогі, псіхолагі, нават супрацоўнікі МНС. Справаздачы пасля візітаў пісаліся больш-менш станоўчыя, але кожныя паўгода статус «сям’і ў сацыяльна небяспечным становішчы» падаўжалі.

Прычынай было беспрацоўе бацькі — Аляксандр афіцыйна не быў нідзе аформлены, «шабашыў» то тут, то там, з’язджаў падпрацоўваць у Мінск, у Расію. Плюс спіртное.

 «Гэта адзіная сям’я з такім статусам у маім інтэрнаце, — кажа загадчыца. — Але нічога асабліва дрэннага я пра іх сказаць не магу. Яны былі не з тых, хто проста ўвесь час беспрабудна п’е, не. Звычайная сям’я, як і іншыя. Выпівалі… Але праблем у мяне з імі амаль не было. Працавалі, плацілі за жыллё. Калі і здаралася нешта, то на публіку не выносілі, ва ўсякім выпадку, да мяне не даходзіла».

Нядаўна ў Наталлі пачаліся праблемы на працы. Амаль 20 гадоў яна правяла на «Магатэксе», мясцовым тэкстыльным прадпрыемстве, на пасадзе «аператара ЭВМ» — нешта сярэдняе паміж сакратаром і справаводам. Алкаголь вінаваты ці не, але ў Наталлі заўсёды хапала прагулаў, і менш за год таму яе перавялі ў цэх — на пасаду чысцільшчыка тэкстыльнага абсталявання, то бок жанчына, якая ўсё жыццё прасядзела за камп’ютарам, фактычна стала прыбіральшчыцай станкоў. Цяжкая праца, яшчэ і ў тры змены. Гэта далося Наталлі зусім няпроста, але яна старалася не падаваць знаку. Нават знаёмым казала, што сама перавялася, бо ў чысцільшчыка большы заробак, а ў яе многа крэдытаў.

Праўда, ад прагулаў яна так і не пазбавілася. За іх яе неўзабаве і звольнілі, упісаўшы артыкул у працоўную кніжку. Сям’і пагражалі праблемы з жыллём — наймальнікам лічылася Наталля, а пасля такога звальнення сям’ю, паводле заканадаўства, маглі выселіць з інтэрната. Таму Аляксандр быў вымушаны ўладкавацца на той жа «Магатэкс».

Самога Аляксандра ў інтэрнаце апісваюць як чалавека вельмі эмацыйнага, «хуткага», халерыка. Ён родам з Магілёва, ягоная маці жыве на ўскрайку горада, але зносіны з ёй сын фактычна не падтрымліваў, сваякі Наталлі нават не ведалі, як яе завуць.

«Знайшоў сабе новы дом?»

…Наталлю пахавалі 19 ліпеня. Яе і Аляксандра 14-гадовы сын фактычна застаўся сіратой. Хутчэй за ўсё, яго забярэ да сябе бабуля, маці Наталлі. Пахавалі і Ігара. Ягоная ўдава, па словах знаёмых, прызнаецца, што часам кажа, гледзячы на іх шлюбны фотаздымак: «Ну што, знайшоў сабе новы дом?» Аляксандр знаходзіцца ў СІЗА. Яму пагражае ад 25 гадоў да смяротнага пакарання.

Столькі лёсаў і жыццяў перакручана і пераламана. Дзеля чаго?

Але абсалютна ўсе суразмоўцы на пытанне, хто вінаваты ў гэтай трагедыі, адказваюць аднолькава: «Гарэлка».

Палавінны Лог — Магілёў — Мінск 

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930