Загінуў матэматык Джон Нэш — правобраз героя «Гульняў розуму»
Reuters.com
У Нью-Джэрсі ў аўтамабільнай катастрофе загінуў матэматык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Джон Нэш. Разам з ім разбілася яго жонка Аліша Нэш.
Муж і жонка знаходзіліся ў таксі, якое сутыкнулася з іншай машынай на шашы, а затым ўрэзалася ў агароджу.
Джону Нэшу было 86 гадоў, Алішы Нэш — 82 гады.
Джон Нэш, выпускнік Прынстанскага ўніверсітэта, займаўся тэорыяй гульняў і дыферэнцыяльнай геаметрыяй. У 1994 годзе за працы па тэорыі гульняў ён быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй па эканоміцы.
Нэш працаваў большую частку свайго жыцця, нягледзячы на тое, што ў 1959 годзе ў яго дыягнаставалі паранаідальную шызафрэнію.
У канцы 1990-х гадоў журналістка Сільвія Назар напісала біяграфію Нэша, якая паслужыла асновай для фільма «Гульні розуму» (A Beautiful Mind) рэжысёра Рона Ховарда.
Галоўныя ролі ў карціне сыгралі Расэл Кроў і Джэніфер Конэл. Стужка атрымала шматлікія ўзнагароды, уключаючы прэмію «Оскар» у намінацыях «Найлепшы фільм» і «Найлепшая рэжысёрская работа».
Расэл Кроў напісаў у «Твітар», што яго ашаламіла гібель Нэша. «Усёй душой спачуваю Джону і Алішы і іх блізкім. Гэта дзіўная пара. Выдатныя розумам і выдатныя душой», — выказаўся Кроў.
***
Аліша Нэш дапамагала мужу справіцца з хваробай. Яны разам сталі шмат выступаць публічна на тэму правоў людзей з псіхічнымі расстройствамі.
Па некаторых паведамленнях, у момант аўтакатастрофы муж і жонка не былі прышпіленыя.
Нэш ажаніўся з Алішай Лард у 1957 годзе, калі ён лічыўся ўзыходзячай зоркай у свеце матэматыкі.
Неўзабаве пасля гэтага ў яго развілася вострая форма шызафрэніі. Жонка некалькі разоў змяшчала яго ў псіхіятрычную клініку. У 1962 годзе яна развялася.
Аднак яны засталіся блізкія адно аднаму, а да пачатку 1980-х гадоў стан вучонага стаў паляпшацца. У 2001 годзе былыя муж і жонка зноў заключылі шлюб.
У пачатку тыдня Нэшу была прысуджана прэстыжная Абелеўская прэмія.