Знайсці
25.04.2015 / 21:2615РусŁacБел

Памочнік Лукашэнкі — за структурныя рэформы, калектыўны лібералізм і палітычную волю

Фота Дзмітрыя Брушко, TUT.BY

Памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды ў апошні час актыўна развівае тэму структурных эканамічных рэформаў.

У артыкуле для «Беларускага эканамічнага часопіса» Руды, у прыватнасці, разважае пра новую эканамічную ідэю.

На практыцы новая эканамічная ідэя заключаецца ў правядзенні шэрагу канкрэтных рэформаў. Прычым, «без палітычнай волі не будзе ні падтрымкі, ні даверу да рэформаў», перакананы Кірыл Руды.

Выгады ад структурных эканамічных рэформаў у кароткатэрміновым (трох-пяцігадовым) перыядзе: прыток прамых замежных інвестыцый, стварэнне новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў.

У доўгатэрміновым (дваццацігадовым) перыядзе выгады заключаюцца ва ўстойлівым ўмераным эканамічным росце, зніжэнні інфляцыі, збліжэнні ўзроўню жыцця з развітымі краінамі, развіцці ўласнай інавацыйнай сістэмы.

Выдаткі ў кароткатэрміновым перыядзе: падзенне рэальнага ВУП, вытворчасці, спажывання, рост беспрацоўя, адток працоўнай сілы за мяжу, інфляцыя, падзенне ўзроўню жыцця.

У доўгатэрміновым перыядзе выдаткамі з'яўляюцца: захаванне высокага ўзроўню беспрацоўя, некаторыя ваганні ўзроўню вытворчасці і спажывання.

«Відавочна, што структурныя эканамічныя рэформы непапулярныя: кароткатэрміновыя выдаткі будуць пераважаць ва ўспрыманні грамадства над каротка- і доўгатэрміновымі выгадамі.

У гэтай сувязі ўзнікае жаданне расцягнуць рэформы, якое можа перарасці ў спакусу затармазіць іх ці не здзяйсняць іх наогул. Пры гэтым без правядзення рэформаў паляпшэнне эканамічнай сітуацыі малаверагодна», — піша Кірыл Руды.

«Важна разумець кошт структурных эканамічных рэформаў: зніжэнне ўзроўню жыцця цяперашняга пакалення дзеля ўстойлівага росту дабрабыту наступнага пакалення», — заключае ён.

На днях Кірыл Руды выступіў з дакладам «Механізмы рэалізацыі эканамічнай стратэгіі Беларусі» на канферэнцыі ў Мінску, арганізаванай Інстытутам эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук.

Руды вылучыў тры патэнцыйныя механізмы рэалізацыі стратэгіі.

Першы — інэрцыйная мадэль, калі эканоміка функцыянуе, як і раней. «Пры гэтым традыцыйныя ўнутраныя фінансавыя крыніцы паскоранага развіцця беларускай эканомікі — бюджэт і дзяржаўныя банкі — адчуваюць структурныя цяжкасці з фінансаваннем і ліквіднасцю, што выяўляецца ў хранічнай інфляцыі і дарагіх грошах. Знешнія крыніцы — прамыя замежныя інвестыцыі — абмежаваныя старымі даўгамі і інвестыцыйнымі рызыкамі. Усё гэта можа прывесці да доўгатэрміновага запаволення эканомікі», — сказаў памочнік Лукашэнкі.

Яшчэ адзін механізм — ручное правядзенне структурных рэформаў. «У гэтым выпадку стаўка робіцца на тыя асобныя віды прамысловасці, дзе відавочная аддача.

Самая галоўная рызыка ў тым, што ручное правядзенне рэформаў суб'ектыўнае.

Можна зрабіць памылку пры выбары прыярытэтных галін. Сёння растуць біятэхналогіі, а заўтра драйверам можа стаць тое, што нам сёння наогул невядома», — адзначыў Руды.

Магчыма, памочніку прэзідэнта больш сімпатычны механізм правядзення структурных рэформаў шляхам паляпшэння працы інстытутаў і развіцця канкурэнцыі. Такі падыход можа забяспечыць сярэднегадавы ўзровень прыросту ВУП на 5%.

Тут магчымыя два варыянты.

За аснову можна ўзяць кітайскую мадэль, якая заснаваная на досведзе Сінгапура і Карэі.

Гэтая мадэль прадугледжвае паступальнасць рэформаў ад больш лёгкіх да больш складаных, шляхам правядзення эксперыментаў, пераўтварэнняў у індустрыяльнай сферы, дыферэнцыяцыі даходаў, канкурэнцыі працоўнай сілы, трансферту тэхналогій. У выніку кітайская эканоміка дасягала 8—10% адсоткаў прыросту ў год, валютныя рэзервы сталі найбуйнейшымі ў свеце. Але ў апошнія гады тэмпы росту знізіліся да 7%. «Кітайскую мадэль часта параўноўваюць з роварам: ўстойлівы, пакуль едзе. Пакуль ідуць рэформы забяспечваецца ўстойлівы рост», — сказаў Руды.

Больш цікавым Рудаму бачыцца вопыт ўсходнееўрапейскіх краін (Польшча, Чэхія, Балгарыя).

Прыватызацыя, банкруцтва неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў, лібералізацыя цэн, скарачэнне дзяржаўных выдаткаў і актывізацыя малога бізнэсу аказалі станоўчы ўплыў на ўзровень чалавечага развіцця гэтых краін. «Чым больш актыўна праводзіліся рэформы, тым хутчэй развіваліся гэтыя краіны», — сказаў Руды.

У заключэнне свайго дакладу памочнік прэзідэнта сказаў, што ў кулуарах часта чуе скептыцызм па гэтых пытаннях.

Маўляў, усе гэтыя стратэгіі пакідаюць адчуванне нерэальнасці. Таму ён дазволіў сабе прывесці цытату з японскай газеты Japan Herald за 1881: «Мы не думаем, што Японія калі-небудзь разбагацее: (гэтаму перашкаджаюць перавагі, падараваныя прыродай, а таксама прыхільнасць японскага народа да бяздзейнасці і задавальненняў). Японцы — шчаслівы народ, і, паколькі яны задаволеныя тым нямногім, што маюць, яны наўрад ці шмат чаго дасягнуць».

Аўдыторыя ацаніла тонкі пасыл высокапастаўленага чыноўніка. Ад размовы з журналістамі Кірыл Руды адмовіўся.

Аляксандр Заяц, TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера