Знайсці
25.12.2015 / 13:3172РусŁacБел

Дзеці беларускіх топ-чыноўнікаў: хто яны? ФОТЫ

Дзе працуюць члены сем’яў наменклатурнай эліты.

Мала хто з чыноўнікаў, нават маладых, заводзіць акаўнты ў сацыяльных сетках — такая адкрытасць неўласцівая беларускай палітычнай культуры. А вось дзеці наменклатуры не адмаўляюць сабе ў такім задавальненні. Яны з радасцю дзеляцца з іншымі інтэрнэт-карыстальнікамі асабістымі здымкамі і расказваюць пра свае хобі.

«Наша Ніва» сабрала інфармацыю пра дзяцей і ўнукаў найвышэйшых урадоўцаў. Дзе яны вучыліся і дзе працуюць цяпер?

* * *

Галоўная сям’я краіны складаецца з 60-гадовага Аляксандра Лукашэнкі і трох ягоных сыноў. Старэйшаму, Віктару, сёлета споўніцца 40 гадоў. Апошняе дзесяцігоддзе ён працуе памочнікам бацькі па нацыянальнай бяспецы. У сям’і Віктара ўжо чацвёра дзяцей. Дачка Вікторыя праславілася пасля здымкаў камедыі «На спіне ў чорнага ката». Цяпер ёй 17 гадоў. 10-гадовы Аляксандр сёлета выйграў Калядны турнір па спартыўна-баявых адзінаборствах на прызы мітрапаліта Філарэта. Валерыя і Яраслаў у школу яшчэ не ходзяць.

Дзмітрый Лукашэнка ўзначальвае Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Ён таксама шматдзетны бацька. Старэйшыя дзеці, Дар’я і Настасся, пазалетась перамаглі ў конкурсе беларускамоўных казак, а два месяцы таму яшчэ і ў конкурсе інструментальнай музыкі «Маладыя таленты Беларусі». Малодшай дачцэ, Аляксандры, пакуль менш за год.

Малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай пакуль што школьнік.

* * *

54-гадовы Андрэй Кабякоў цяпер прэм’ер-міністр, другая асоба краіны.

Жыццё чыноўніка шчыльна звязанае з Расіяй: адтуль ягоныя бацькі, там нарадзіліся ягоная жонка і ён сам. У Маскве Кабякоў вучыўся ў авіяцыйным інстытуце, а ў 2011—2012 працаваў беларускім паслом. У анкеце 29-гадовай дачкі Веры ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» пазначана, што яна скончыла 24-ю мінскую лінгвістычную гімназію, вучылася на геалагічным факультэце МГУ. Завочна Кабякова атрымала дыплом прыборабудаўнічага факультэта БНТУ і ўладкавалася… у Нацбанк. Там яна працавала вядучым эканамістам, а ў 2012-м перайшла галоўным спецыялістам-экспертам у «БПС-Сбербанк». Кабякоў казаў у інтэрв’ю, што ягоная дачка ўжо пабралася шлюбам.

Золата на кубку СНД па таэквандо (неалімпійская версія) у снежні 2014 заваяваў Георгій Кабякоў. Гэта малодшы сын прэм’ер-міністра. Сёлета хлопцу споўніцца 17 гадоў.

Новы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец па прафесіі хірург. Яму цяпер 55 гадоў. Чыноўнік абараніў доктарскую дысертацыю па лячэнні гнойных ускладненняў на органах брушной поласці, калі яму было 34 гады.

Ягоны сын Уладзімір атрымаў такую ж навуковую ступень яшчэ маладзейшым, у 31 год.

Спецыялізацыя Косінца-малодшага — пластычная хірургія. Уладзімір паступіў на лячэбны факультэт Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, калі ягоны бацька быў рэктарам. З цягам часу Аляксандра Косінца перавялі ў Мінск на пасаду віцэ- прэм’ера, а сын застаўся давучвацца ў Віцебску. Уладзімір скончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю, а пасля з’ехаў у Расію. Там ён і стаў доктарам медыцынскіх навук. Цяпер ён узначальвае эстэтычную клініку Еўрапейскага медыцынскага цэнтра ў Маскве. Аперацыя па павелічэнні грудзей ва Уладзіміра Косінца каштуе каля $3500, пластыка твару — $2500.

* * *

Адзіны сын першага віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага і ягонай жонкі, доктара эканамічных навук Алены Давыдзенкі, рыхтуецца стаць фінансістам. Сёлета Ян сканчае навучанне ў БДУ.

* * *

Да прызначэння на пасаду віцэ-прэм’ера, адказнага за сацыяльныя пытанні, 54-гадовая Наталля Качанава была старшынёй Наваполацкага гарвыканкама.

На малой радзіме засталася яе малодшая дачка Алена. Яна скончыла полацкую гімназію, а цяпер вучыцца на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. За поспехі ў навучанні дзяўчыне сталі налічваць персанальную стыпендыю Рады ўніверсітэта.

Яе старэйшая сястра Вольга вучылася ў Мінску на доктара. У медуніверсітэце яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Абое — педыятры. Цяпер жывуць у Наваполацку і гадуюць двух сыноў.

* * *

60-гадовы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы галоўны ў краіне па сельскай гаспадарцы. У ягонай сям’і дзве дачкі. Старэйшая, Таццяна, скончыла факультэт тэхналогіі арганічных рэчываў БДТУ, а малодшая Юлія вучылася на фінансіста ў БДЭУ.

Таццяна Русая.

Юлія Русая.

* * *

Ва ўрадзе віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін адказвае за транспарт і будаўніцтва. Ягоная дачка Алена — загадчыца аддзялення медыка-генетычнага кансультавання РНПЦ «Маці і дзіця». Яе малодшы брат Віталь, па словах сваякоў, займаецца бізнэсам.

* * *

Старэйшы сын міністра замежных спраў Уладзіміра Макея пайшоў па бацькавым дыпламатычным шляху. Раней Віталь працаваў у Вене, а цяпер — у Нью-Ёрку. Ён дарадца па эканамічных і экалагічных пытаннях у прадстаўніцтве Беларусі ў ААН. Цікава, што Віталь абраў сабе дзіўную транскрыпцыю прозвішча, адрозную ад бацькі — Mackay. Разам з жонкай Маргарытай ён гадуе дачку Марыю. Нявестка міністра раней была эканамістам у «Белавія», абараніла кандыдацкую дысертацыю з прапановамі па ўдасканаленні працы авіякампаній.

Віталь Макей.

Нявестка міністра Маргарыта Макей.

Другім шлюбам Уладзімір Макей пабраўся з актрысай і тэлевядучай Верай Паляковай. Іх сын Арцём сёлета мае пайсці ў першы клас. Цешча міністра — прарэктарка ў Інстытуце фізкультуры.

* * *

47-гадовы міністр абароны Андрэй Раўкоў пры пасадзе ўсяго некалькі месяцаў. 25-гадовая дачка міністра паступіла ў БДЭУ. Яшчэ падчас вучобы яна выйшла замуж. Цяпер Юлія гадуе малую дачку. Яе хобі — выраб упрыгожванняў з лямцу. Пасля таго, як бацька стаў міністрам, Юлія змяніла прозвішча ў сацыяльных сетках.

* * *

Адзіны сын старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай па-ранейшаму працуе ў Мінскай абласной калегіі адвакатаў. Аляксей цяпер жыве асобна ад маці. «Частку ежы я дастаўляю ў кантэйнерах свайму сыну… Прывожу вялікую асноўную страву, якую можна разаграваць на працягу двух-трох дзён», — не забываецца яна пра Аляксея.

* * *

У старшыні праўлення Нацбанка Паўла Калаўра і галоўнай бухгалтаркі банка «Масква—Мінск» Ларысы Калаўр двое сыноў, абодва працуюць у банкаўскай сферы.

Уладзіміру 29 гадоў, разам з жонкай Ірынай ён гадуе дзвюх дачок.

Аляксею, выпускніку БДЭУ, на год менш. Ягонае імя фігуравала ў якасці галоўнага менеджара «БПС-Сбербанка». Нейкі час банкір папрацаваў у Расіі.

* * *

У сям’і кіраўніка дзяржаўнага Банка развіцця Сяргея Румаса і стаматолага прыватнага медцэнтра «Карона» Жанны Румас чацвёра сыноў. Паводле інфармацыі «Народнай волі», старэйшы, Валерый, скончыў эканамічны факультэт БДУ, а пасля разам з жонкай Настассяй вучыўся ў лонданскай Cass Business School. Цяпер маладая сям’я вярнулася ў Беларусь.

Сяргей і Максім Румасы — школьнікі, а Піліп яшчэ зусім малы.

Злева сыны Сяргей і Максім. 

* * *

Былы міністр адукацыі і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў цяпер памочнік Аляксандра Лукашэнкі. 63-гадовы матэматык-педагог узначальвае канцылярыю кіраўніка краіны. Застаецца ён і лідарам «Белай Русі». У Радзькова дзве дачкі. Пра малодшую ён узгадваў, што тая скончыла ін’яз і працуе на радыёстанцыі «Беларусь».

Старэйшая, Наталля Ігнаценка, жыве ў Маскве і працуе настаўніцай у музычнай школе. А ў Беларусі выдаюцца яе творы, летась выйшла кніга «Як два браты спартсменамі сталі». Дзеці пісьменніцы насамрэч звязаныя са спортам.

Павел Ігнаценка, хоць і жыве ў Маскве, выступае за Беларусь. Ён найлепшы фігурыст краіны, праўда, на сёлетнім чэмпіянаце Еўропы заняў толькі 21-е месца сярод 24-х удзельнікаў. Паралельна ён завочна вучыцца ў Расійскім дзяржаўным універсітэце фізкультуры і спорту.

Другі ўнук Аляксандра Радзькова, Кірыл, займаецца хакеем. Хлопец марыць выступаць за зборную Беларусі і зрабіў са сваім фота вось такі калаж.

Ягор Марціновіч, фоты з сацыяльных сетак

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера