Знайсці
31.01.2015 / 19:038РусŁacБел

Мінскія перамовы кантактнай групы па Украіне скончыліся нічым

Пасля трох з паловай гадзін перамоваў ўдзельнікі трохбаковай кантактнай групы па Украіне пакідаюць рэзідэнцыю на вуліцы Фрунзе ў Мінску.

Вынікі сустрэчы невядомыя.

* * *

Трохбаковая кантактная група па Украіне спадзявалася зацвердзіць на сустрэчы 31 студзеня ў Мінску дакумент аб спыненні агню і адводзе цяжкага ўзбраення ў Данбасе.

У суботу ў Мінск прыбылі ўдзельнікі перамоў трохбаковай групы па Украіне, у тым ліку былы прэзідэнт гэтай краіны Леанід Кучма. Прыкладна ў 15.10 Леанід Кучма, а таксама пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Хайдзі Тальявіні селі ў аўтамабілі ў нацыянальным аэрапорце Мінск, не размаўляючы з журналістамі. 

Варта зазначыць, што разам з Зурабавым у Мінск прыбыў Віктар Медвядчук — лідар грамадскай арганізацыі «Украінскі выбар», кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта пры Леаніду Кучму, кум Уладзіміра Пуціна. Паводле звестак расійскіх СМІ, 27 студзеня Медвядчук сустракаўся ў Данецку з кіраўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім. 

За гадзіну да таго ў сталіцу Беларусі прыбылі прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега — таксама для ўдзелу ў сустрэчы кантактнай групы па Украіне. 

Як заявіў у аэрапорце Пушылін журналістам, з`явілася інфармацыя пра падпісанне ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам указу аб прызначэнні Леаніда Кучмы паўнамоцным прадстаўніком Украіны на перамовах. «Хаця ён не з`яўляецца прадстаўніком улады, а з`яўляецца прыватнай асобай, што здымае з яго якую-небудзь адказнасць, калі дамоўленасці будуць сарваныя, тым не менш, мы чакаем афіцыйнай публікацыі, — сказаў Пушылін. — Калі такі ўказ сапраўды з`явіцца ў прэсе або мы ўбачым на свае вочы, гэта пакідае надзею на разважнасць Кіева».

Прэс-служба АБСЕ сёння ноччу паведаміла, што 28 студзеня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка сустрэўся з удзельнікамі кантактнай групы — прадстаўніком АБСЕ Хайдзі Тальявіні, былым прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам і паслом Расіі ва Украіне Міхаілам Зурабавым, каб «абмяняцца думкамі па самых неадкладных пытаннях, што тычацца деэскалацыі сітуацыі ў некаторых раёнах Данецкай і Луганскай абласцей».

«Напярэдадні кансультацый у Мінску трохбаковая група зыходзіла з разумення, што наступныя практычныя крокі павінны быць дасягнутыя: абавязальнае пагадненне адносна неадкладнага спынення агню і адводу цяжкага ўзбраення ад лініі сутыкнення згодна з мінскім мемарандумам ад 19 верасня 2014 года; адсутнасць абмежаванняў для пастаўкі асноўных тавараў і гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя раёны Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама адчувальны прагрэс у вызваленні заложнікаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі прэс-службы, распрацаваны дакумент «можа быць падпісаны заўтра» (дата не ўдакладняецца, паведамленне было разасланае ў ноч з 30 на 31 студзеня. — БелаПАН.). Ён утрымлівае спіс канкрэтных крокаў, распрацаваных для ўкаранення вышэйпералічаных прыярытэтных задач для дээскалацыі сітуацыі.

«Кантактная група гатова адправіцца ў Мінск заўтра, каб правесці чарговы раўнд кансультацый і завяршыць узгадненне дакументаў з падпісантамі мінскіх дамоўленасцяў ад 5 і 19 верасня, нацэленых на ўкараненне мірнага плана прэзідэнта Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, ад імя самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік мінскія дамоўленасці падпісвалі Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі адпаведна.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930