Знайсці
30.01.2015 / 22:063РусŁacБел

Як абраць тарыф на інтэрнэт: карысныя парады

Колькі каштуе нармальны доступ у інтэрнэт? На сёння недзе 90-170 тысяч на месяц, хаця разуменне слова «нармальны» тут у кожнага сваё.

Нядаўна «Наша Ніва» давала парады па тым, як не пераплаціць за мабільны тэлефон. А як не пераплаціць за інтэрнэт?

Фота: wisegeek.com

Лёгка — большасць тарыфаў зараз безлімітныя, пераплаціць звыш абаненцкай платы немагчыма. Засталося толькі абраць правільны тарыф, але гэта не так проста.

Прыйдзецца самастойна даследаваць тарыфы правайдараў. Найлепей скласці табліцу з цікавымі вам тарыфамі правайдараў, што працуюць з вашым домам. Накшталт такой:

 

Правайдары і тарыфы абраныя для прыкладу, табліца не ёсць рэйтынгам «найлепшых» альбо «самых выгадных» правайдараў і тарыфаў.

Хуткасці

У Мінску ў асноўным прапануюць безлімітныя тарыфы з хуткасцямі ад 2 Мбіт/с. Гэта дазваляе камфортна чытаць навіны, глядзець фота ў сацсетках. Паглядзець анлайн-відэа ў HD-якасці можна, але прыйдзецца пачакаць, пакуль яно загрузіцца.

Для таго, каб зусім не чакаць загрузкі пры праглядзе HD-відэа, спатрэбіцца недзе каля 5 Мбіт/с.

Найбуйнейшы беларускі правайдар byfly (дзяржаўны аператар «Белтэлекам») сёння якраз прапануе мінімальную хуткасць у 2 Мбіт/с за 90 тысяч. Нават кропельку меней за тую ж хуткасць просіць CosmosTV. А вось ADSL.by можа папрасіць шалёныя 202 тысячы — ці прымальныя 111.

Можна заўважыць, што 5 Мбіт/с у byfly нейкім цудным чынам таней за 4 Мбіт/с. А МТС (цяпер гэта не толькі мабільны аператар) прапануе ажно 25 Мбіт/с удзень і 50 уночы за прымальныя грошы. Сакрэт просты — розныя тэхналогіі.

«Рэкорд» у byfly і падобныя тарыфы ў іншых прадугледжваюць выкарыстанне тэхналогіі пасіўнага оптавалакна, GPON. Для абанента яна добрая ўсім, акрамя распаўсюджанасці. Да яе падключаныя сотні тысяч, але пакуль не мільёны абанентаў. Удакладняйце ў аператара магчымасць падключэння.

Ліміт на безліміт

Традыцыя лімітаў па выкарыстанні трафіку на безлімітных па выкарыстанні трафіку тарыфах можа гучаць як жарт, але нашыя «анлімы» і праўда бываюць не да канца безлімітнымі. Па дасягненні пэўнага значэння хуткасць значна падае, у некаторых нават набліжаецца да часоў dial-up.

Праўда, ліміты камусьці здадуцца неістотнымі: 100 Гб — гэта ж колькі сядзець трэба! Насамрэч, нямнога: фільм у DVD-якасці можа займаць 5 Гб, а вось у Blu-ray — 25-50 Гб. Па дзясятках гігабайт «важаць» сучасныя гульні.

Калі вы ўжо падключаныя, запытайце дэталізацыю па сваіх «апетытах» у правайдара — хутчэй за ўсё, вам трэба меней за ліміт.

Хіба ліміт у 5 Гб на дзень, як у ADSL.by, можа заўважыць кожны, хто купляе анлайн-фільмы ці гульні.

Навошта наогул тыя ліміты? Знешні трафік (на замежныя рэсурсы) для правайдараў не бясплатны, а беларусы спажываюць якраз пераважна яго. Знаходзяцца тыя, хто раздае свой канал на некалькі чалавек — без лімітаў такія карыстальнікі могуць выпампаваць нямала.

Дарэчы, каб беларусы спажывалі меней знешняга трафіку, «Белтэлекам» прапанаваў зрабіць знешні часткова ўнутраным — паставіць серверы Youtube у Беларусі.

Дадатковыя паслугі

Калі паглядзець, напрыклад, на тарыфы «Атлант-Тэлекам», можна здзівіцца: ладна самы танны 117 тысяч, дык далей 179! Ну добра, 25 Мбіт/с, але ў МТС тыя 25 каштуюць 130!

Штука ў тым, што «Атлант Тэлекам» прапануе ў згаданым тарыфе адразу і проста інтэрнэт, і IPTV — інтэрнэт-тэлебачанне з 70 каналамі, магчымасцю паставіць «тэлек» на паўзу ці адкласці прагляд, глядзець ТВ на камп’ютары ці праз прыстаўку на тэлевізары.

Правайдары прапануюць розныя дадатковыя паслугі апроч IPTV: доступ да ўнутраных рэсурсаў, статычны IP-адрас, бонусы хуткасці па начах, бясплатны Wi-Fi-роўтар у карыстанне…

Таксама варта асобна ўлічваць акцыі правайдараў. На жаль, зэканоміць мільёны на акцыях не атрымаецца — часцей за ўсё зніжкі даюцца ці параўнальна невялікія, ці нядоўгія. Чытайце, што напісана пад «зорачкай» ля фраз «бясплатна*», «-50%*» ці «безлімітны*»!

Якасць паслуг

Вышэй апісваліся параметры колькасці, але загубіць іх можа нізкая якасць паслуг. Хуткасць далёкая ад заяўленай, абрывы сувязі, маўклівая тэхпадтрымка… 

Вялікіх аб’ектыўных даследаванняў якасці беларускіх правайдараў няма (прынамсі ў адкрытым доступе), таму прыйдзецца даверыцца водгукам карыстальнікаў.

Багата водгукаў можна знайсці на сайце providers.by у раздзеле «Рэйтынг правайдараў».

«Рэйтынг правайдара даволі аб'ектыўны, калі колькасць водгукаў аб гэтым правайдары больш за 20-30», — кажа прадстаўнік сайта Пётр Сідараў. На яго думку, зрабіць выснову аб суадносінах цаны і якасці на падставе рэйтынгу даволі рэальна.

Вядома, незадаволены абанент можа паставіць па 1 бале з 5 па ўсіх параметрах, а «свой чалавек» — наадварот 5 з 5. Таму варта пачытаць тэкставыя каментары, каб ведаць, у чым правініўся той ці іншы правайдар.

З таго, што варта было бы зрабіць беларускім правайдарам, каб атрымліваць большыя рэйтынгі, Пётр Сідараў называе адмову ад прыхаваных пад «зорачкай» пунктаў у рэкламе і кантрактах, адмову ад «лімітаў на безліміт», укараненне тэхналогіі IPv6 (што пазбавіць, напрыклад, ад рэгулярнай недасяжнасці сервісаў Google), здаровую канкурэнцыю і шырокі распаўсюд аптычных ліній сувязі.

Аляксандр Арсёнаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера