Знайсці
29.01.2015 / 13:0241РусŁacБел

Лукашэнка: «Беларусь — частка «Рускага свету»? Забудзьце». «Праз пару месяцаў мы пачнём вырабляць сваю зброю»

Распачалася вялікая прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Яна адбываецца ў Палацы Незалежнасці. На яе сёлета запрасілі прадстаўнікоў у тым ліку незалежных СМІ. Ад «Нашай Нівы» ў Палацы Незалежнасці прысутнічае намеснік рэдактара Зміцер Панкавец. Прапануем анлайн галоўныя выказванні кіраўніка дзяржавы.

Вось што перадае Зміцер Панкавец:

«Недзяржаўных журналістаў упершыню пусцілі ў Палац незалежнасці. Раней падобныя прэс-канферэнцыі праходзілі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Запускалі прадстаўнікоў прэсы не з галоўнага ўваходу, а збоку. Праз своеасаблівую прахадную. Спачатку праверка пашпарта, пасля праходзіш праз металашукальнік.

Выходзіш на вуліцу, ідзеш праз будучы сад, усе маладыя дрэвы падвязаныя на зіму. А ўжо потым заходзіш уласна ў Палац. Дзе цябе чакае другі металашукальнік. Там жа прадстаўнік службы аховы праводзіць асабісты надгляд. Як на футболе, просяць уключыць ноўтбук. Тлумачаць гэта тым, што раптам ты туды выбухоўку засунуў.

Пасля гэтага ты трапляеш у фае Палаца. Крышталёвыя люстры, бетонная падлога, доўгія залы з калонамі. Службы аховы прэзідэнта асабліва не заўважна, нават калі яна ёсць. Журналістаў не змясцілі ў нейкае «гета», давалі вольна хадзіць па Палацу, не адбіралі і тэлефоны з фотаапаратамі.

У фае — невялікая выстава карцін. Гэта тое, што дарылі Лукашэнку кіраўнікі іншых краін (Венесуэлы, Азербайджана, Эквадора, В’етнама) і расійскіх губернатараў. Асабліва ўражвае мардоўскі роспіс.

На сценах віселі каваныя выявы Нацыянальнай бібліятэкі, Опернага тэатра, музею Вялікай айчыннай вайны. Аграмадны герб Беларусі. А вось надпісаў унутры па-беларуску, як ні шукаў, так і не знайшоў.

Журналістаў частавалі цукеркамі ад «Камунаркі» і печывам. Кубкі ўсе былі з дзяржаўным гербам.

Адразу ўсіхнюю ўвагу звярнула, што журналістам гэтым разам далі вызначаныя месцы, а не далі садзіцца адвольна. У першы шэраг з недзяржаўных пасадзілі tut.by, «Прессбол», «Экономическую газету». У другі шэраг — «Нашу Ніву» і «Народную волю». Большасці прадстаўнікам раёнак далі нязручныя месцы на галёрцы.

Справа ад Лукашэнкі месца занялі чыноўнікі і галоўныя рэдактары. Звярнула ўвагу, што чыноўнікаў па месцах размяркоўваў Аляксандр Радзькоў, які нядаўна стаў памочнікам прэзідэнта, узначаліў ягоную канцылярыю.

Уласна сама зала прыемна ўражвае сваёй светласцю. У той жа Нацыянальнай бібліятэцы было даволі змрочна. Месца Лукашэнкі — пад аграмадным гербам. Побач стаіць дзяржаўны сцяг. Разам з Лукашэнкам на сцэне ягоная прэс-сакратарка Наталля Эйсмант-Кірсанава. Яна папрасіла не ствараць чэргі каля мікрафонаў, а яшчэ, па магчымасці, не фоткаць кіраўніка дзяржавы на мабільнікі.

Сам Лукашэнка з’явіўся без спазнення. Роўна а 11. Пасля невялічкай прамовы ён стаў адказваць на пытанні».

Ва ўступным слове Аляксандр Лукашэнка пералічыў асноўныя падзеі года. Адзначыў эскалацыю міжнароднай напружнасці і крызіс у краінах ЕАЭС.

Не трэба залішняга шуму на гэтую [фінансавую] тэму, бо грошы любяць цішыню. Псіхалогія грае вялікую ролю ў так званай рынкавай эканоміцы, асабліва адзначыў Лукашэнка.

Першае пытанне — ад тэлеканала «Беларусь-1». У доўгім, доўгім пытанні кажа, постсавецкая эпоха скончылася. Вы, кажа, у 90-я стварылі новую мадэль грамадства, даючы людзям магчымасць нармальна жыць. Можа вы зноў усіх здзівіце і, як у 90-я, зноў прапануеце новую мадэль эканомікі і кіравання?

Адкажу коратка, сказаў Лукашэнка, і адказвае ўжо дваццатую хвіліну. «Ці гатовае грамадства да вялікіх навацый? Думаю, што не заўжды. Мадэляў не зашмат, і мы іх ведаем. У нас была сацыяльна-арыентаваная мадэль, і мы ад яе не адмовімся. Трэба па ім ісці не шарахаючыся нават у перыяд крызісу». Ён адзначае, што людзі не любяць застою, а любяць перамены, такі ўжо характар людзей.

«Што цяпер кажуць пра брэжнеўскія часы? Што гэта былі найлепшыя часы». «Наш народ не перажыў тых бедаў і таго гора, якія перажылі нашы суседзі і нашы браты ў Савецкім Саюзе». Мы аднаўлялі нашу эканоміку, быў расхожы тэзіс «запусціць прадпрыемствы», апазіцыя з мяне смяялася, «куды ўжо далей запускаць», але мы захавалі ўсё лепшае. Цяпер то мы ўжо разумныя, разумеем, што нельга дапускаць абвальнай прыватызацыі, стварэння алігархічнага капіталу. Мы з 30 долараў, якія была тады зарплата, выйшлі на лепшы ўзровень.

Так, свет сёння не выйшаў з крызісу, толькі Амерыка і Кітай задыхалі, і тут нашы суседзі трапілі ў крызіс, расказвае Лукашэнка.

Ён звязвае пераход на «новую мадэль» з закрыццём прадпрыемстваў. Куды пойдуць людзі? — рытарычна пытаецца Лукашэнка. Хто будзе фінансаваць адукацыю, ахову здароўя?

Ён крытыкуе выраз «патрэбны структурныя рэформы». 

Мадэляў — няшмат, паўтарае ён. Мы ўзялі найлепшае з таго, што мелі. Мы запусцілі прадпрыемствы, яны някепска працавалі і будуць працаваць, я гарантую, кажа ён. Нас можна пакрытыкаваць, што недастаткова хутка дыверсіфікавалі наш экспарт.

Ён паставіў сабе ў заслугу, што экспарт у Расію знізіўся да 42% ад агульнага аб'ёму экспарту. Дыверсіфікацыя экспарту дае ўстоўлівасць сістэмы, кажа.

Экспарт, жытло, харчаванне - гэты лозунг з першых прэзідэнцкіх выбараў застаецца актуальны, кажа Лукашэнка. Ганарыцца тым, што экспарт прадуктаў харчавання з Беларусі дасягнуў 7 млрд даляраў.

«Таму, першае, нельга шарахацца, ні ў жыцці, ні калі датычыць дзяржавы», — падсумоўвае Лукашэнкі. «Я магу прапанаваць дзве жорсткія мадэлі, але вы іх не вытрымаеце», — засцерагае Лукашэнка. Шлях шокавай тэрапіі нам непрымальны, амерыканская мадэль нам непрымальная, бо будуць банды на вуліцах і майданы.

Мы чакаем вайну ў кіберпрасторы, не час шарахацца.

Лукашэнка не есць бананаў

Другое пытанне — ад БелТА пра ЕАЭС.

Адкажу коратка, кажа Лукашэнка зноў, і на гэты раз адказвае 12 хвілін.

Сярод іншага, кажа, што не есць бананаў.

«Вось каштаваў, да прыкладу, банан даляр, г.зн. раней гэта было 10 тысяч. Цяпер даляр падскочыў і банан каштуе 13—14 тысяч», - сказаў А. Лукашэнка ў чацвер на прэс-канферэнцыі ў Мінску, каментуючы сітуацыю з імпартам.

«Я бананы не ем і многія з вас таксама. Пераб'ёмся», — дадаў ён.

Апалогія Сямашка, Косінец гарачы, Кабякоў дасведчаны

Трэцяе пытанне — ад СТВ. Урад памянялі, але там тая самая калода. Няма ні замежнікаў, ні прадстаўнікоў апазіцыі. Ці будуць яшчэ кадравыя перамены?

Аляксандр Лукашэнка расказвае аб прынцыпах ратацыі ў кадравай іерархіі.

Лукашэнка высока ацэньвае патэнцыял Косінца.

«У любой краіне прэм'ер-міністры на вуліцы не валяюцца. Прэм'ерам могуць быць губернатары, міністры, віцэ-прэм'еры і асобы з найвышэйшых пасдаў».

Расказвае пра Кабякова. Кажа, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта — страшная пасада. «І на ёй ён выжыў». «Мы ўсе з недахопамі», — кажа ён.

Кажа, што Косінец — гарачы чалавек. Як пойдзе з Мінска, можа да Віцебска дайсці. Адзначае, што між Косінцам і Кабяковым ёсць супярэчнасці.

Міністра прасцей знайсці, найлепшыя кіраўнікі прадпрыемстваў могуць стаць міністрамі. А вось на пасаду прэм'ера і кіраўніка Адміністрацыі — складаней.

Называе Сямашку вельмі кваліфікаваным спецыялістам, прафесіяналам, «ён як бульдог у перамовах». «Дык што, мне звяртаць увагу, што Сямашка няўжыўчывы? Я яму прапаноўваў і іншыя пасады, ён папрасіў падумаць да вечара. Ну, калі можна, то я яшчэ тут папрацую», — намякнуў Лукашэнка, што прапаноўваў Сямашку пасады ў так званым «нацыянальным сходзе».

Кажа, што ў Беларусі няма кланаў, групаў па інтарэсах. Кажа, што патрабуе на кожнага чалавека перад прызначэннем інфармацыю «ад трох ведамстваў».

Кажа, што кадры павінны прайсці «зямлю», нізавыя пасады на прадпрыемствах.

Кажа, што нікога не пакрыўдзілі, усім далі работу, нават Рубінаву, якому 75 гадоў.

Кандыдатуру Качанавай прапанавалі сілавыя структуры

На кандыдатуру віцэ-прэм'ера Наталлі Качанавай увагу Аляксандра Лукашэнкі звярнулі «сілавыя структуры», расказаў ён на прэс-канферэнцыі ў Мінску 29 студзеня.

«Нават цяжка сказаць, што Качанава панюхала і пакаштавала, яна ж ішла па ЖКГ», — расказаў пра яе Лукашэнка. «Прапанова па назначэнні Качанавай прыйшла ад сілавых структур. Я папрасіў Андрэйчанку пісьмова паручыцца. Ён адазваўся станоўча».

Пасля была зноў прапанова ад сілавых структур звярнуць увагу на гэтую кандыдатуру ў часе адбору кандыдатаў у новы ўрад.

«Яна натуральным чынам прыйшла на гэтую пасаду, сумленна працуючы на сваіх пасадах», — падсумаваў Лукашэнка.

Пад сілавымі структурамі трэба разумець спецслужбы.

Агулам на першыя тры пытанні Лукашэнка адказваў гадзіну.

Беларусь падтрымала Казахстан

Чацвёртае пытанне — ад «Советской Белоруссіі», пра інтэграцыйныя працэсы, пра «саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі».

Саюзная дзяржава застаецца лакаматывам інтэграцыі, адказаў Лукашэнка, але ЕАЭС, сапраўды, стала прыярытэтам. Ён двойчы адзначыў, што супраць палітычнай інтэграцыі ў рамках ЕАЭС першым выступіў Казахстан, а пасля і Беларусь далучылася да яго пазіцыі.

«Мы малодшы брат, даўжэй жыць будзем»

Агенцтва Ройтэрз: Беларусь нечакана для многіх выступіла міратворцам ва ўкраінскім канфлікце. У сувязі з гэтым ці адчулі Вы змену стаўлення з боку Захаду?

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз заклікаў удзельнікаў выказваць свае меркаванні па пытаннях, якія задаюць.

Мы тры браты і тры сястры — Расія, Украіна і Беларусь. «Мы малодшы брат, даўжэй жыць будзем», — заўважыў Лукашэнка.

«Гэтая вайна — а гэта вайна — яна каля нашага парога», — адзначыў Лукашэнка.

Нам даводзіцца ўжо граніцу закрываць [мацней кантраляваць], адзначыў ён.

«Але гэта яшчэ не вайна [не поўнамаштабная вайна]», — працягвае Лукашэнка.

Ён адзначыў, што просьбу дапамагчы сабраць бакі ў Мінску асабліва прасіў Пятро Парашэнка. Беларусь давяла свае прапановы і да Украіны, і да Беларусі, і да ДНР і ЛНР, адзначыў ён.

Зрухаў у адносінах з Захадам не будзе да прэзідэнцкіх выбараў

Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што бачыць пэўнае пацяпленне ў адносінах рэспублікі з Еўрасаюзам і ЗША дзякуючы пазіцыі афіцыйнага Мінска па ўкраінскім крызісу, але не схільны асабліва гэтаму давяраць.

«Што тычыцца адносінаў Еўропы і Амерыкі. Вядома, я бачу, што адбываецца ў нашых заходніх партнёраў у сувязі з гэтым. Але я не ўпіваюся гэтым, што вось склалася сітуацыя і яна нам дапамагла. Я не вельмі давяраю заходнім партнёрам. Гэта палітыка, а яна брудная справа, у кагосьці чысцей, у кагосьці бруднейшая, але гэта палітыка», — сказаў А.Лукашэнка на прэс-канферэнцыі ў чацвер у Мінску.

«Сёння Захаду выгадная такая пазіцыя Беларусі, яны кажуць нам дзякуй. Я гэта бачу. Але я прагматык Ніякіх вялікіх зрухаў у адносінах да Беларусі не будзе, пакуль не пройдуць прэзідэнцкія выбары…», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што адзінае, да чаго варта імкнуцца — гэта да спыненне кровапраліцця ва Украіне.

«Адзінае, што я хацеў бы, каб і Еўропа, якую гэты крызіс хвалюе, і ЗША, і Расія, якая вельмі ўцягнутая ў гэты крызіс, і Беларусь — а існуе небяспека пераносу гэтых з'яў на тэрыторыю Расіі і Беларусі, — зрабілі максімум для спынення гэтай вайны», — сказаў Лукашэнка.

Крымнашызм і Смаленск

Комсомольская правда в Беларуси: Вы адзначылі, што Беларусь рыхтуецца рэагаваць на пагрозы. Але на якія гэта пагрозы: на Майдан ці на расійскі крымнашызм?

Аляксандр Лукашэнка доўга разважае, што Беларусь не можа прэтэндаваць на Смаленск, Бранск, Пскоў і Калінінград. Гэта быў жарт, кажа ён. Калі нехта звар'яцяе пасля мяне, то народ яму не пазволіць так дзейнічаць [замахвацца на тэрыторыі].

Беларусь павінна мець сваю зброю

Што да патэнцыйных пагроз, то «мы павінны мець такую армію, якая можа нанесці непрымальную шкоду любому агрэсару».

«Фронту не будзе. Нам патрэбныя мабільныя падраздзяленні, якія могуць быць сёння ў Брэсце, а заўтра ў Віцебску. Вось наша палітыка і наша ідэалогія ў гэтым сэнсе. Мы ўсё больш працуем, каб мы мелі сваю зброю. У нас сёння зброя расійская, аснова там. А нам трэба мець добрую зброю, каб будучы агрэсар нават на памышляў ваяваць супраць Беларусі. І мы праз пару месяцаў будзем іх мець. Калі ў нас будуць людзі і зброя, ніхто не захоча з намі ваяваць. Прыклад — Украіна, калі арміі не было і яе даводзіцца ствараць на маршы».

«Майдану ў Беларусі ніколі не будзе»

Што да Майдану, то «Майдану ў Беларусі ніколі не будзе». «Ваяваць унутры Беларусі нікому не будзе дазволена».

Беларусь — не частка Рускага свету

Аляксандр Лукашэнка назваў незалежнасць краіны безумоўнай і непарушнай.

«Што датычыць расійскага «нашызму», то супакойцеся. Мы, рускія людзі, будзем ваяваць з рускімі? Я гэтага не ўяўляю. Я ўвогуле не дапускаю. Як рускі чалавек прыйдзе ваяваць на сваю родную зямлю?»

«Ёсць асобныя разумнікі, якія заяўляюць, што Беларусь гэта, як яны кажуць, частка Рускага свету і ці ледзь не Расіі. Забудзьцеся! Беларусь — суверэнная і незалежная дзяржава», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка 29 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Мы прымусім любога паважаць наш суверэнітэт і незалежнасць, хто разважае, што не было, маўляў, такой краіны. Не было, а цяпер ёсць, і з гэтым трэба лічыцца», — жалезным голасам прамовіў Лукашэнка.

«Гэта мая задача. І якая б яна ні была цяжкая, я яе вырашу. Я выканаю сваю місію. Чаго б мне гэта ні каштавала», — сказаў ён.

«Так што жывіце спакойна, нараджайце, гадуйце дзяцей. Мы дапаможам. Я маю на ўвазе гадаваць дапаможам», - падсумаваў Лукашэнка пад смех залы.

Прыватызацыя не прыярытэт

«Беларусы і рынок», Хадасоўскі: Пытанне пра магчымыя рынкавыя пераўтварэнні ў беларускай эканоміцы, прыватызацыю.

Аляксандр Лукашэнка крытыкуе расійскую і ўкраінскую мадэлі лібералізацыі. Кажа, для Беларусі яна непрымальная.

Прыводзіць прыклад прыватнага «Амкадора», якое падтрымліваюць на ўзор МТЗ і МАЗа. Ён квітнее? — пытаецца ён. Не.

«Прыватызацыя нічога не дасць», — сцвярджае ён.

«Мы чвэрць калгасаў прыватызавалі, але многіх вярнулі назад». 

«Мы 55 мільярдаў даляраў уклалі ў сельскую гаспадарку».

Таксама расказвае, што шмат валюты ўкладзена ў ахову здароўя.

З гэтымі інвестыцыямі звязвае той факт, што золатавалютныя рэзервы ў краіне невялікія. Грошы ўкладваліся ў развіццё, а не ў стварэнне рэзерваў. Прызнае, што адсутнасць рэзерваў прывяла да дэвальвацыі.

Калі будзе крайняя патрэба, Расія плячо падставіць

Нам не хацелася б больш браць крэдыты, але калі будзе крайняя патрэба, Расія плячо падставіць, — адзначыў ён. «Мне не хацелася б закрэдытоўвацца і далей», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка не выключыў магчымасці рэструктурызацыі замежнай запазычанасці ў сувязі з тым, што «нам у гэтым годзе трэ будзе выплаціць 4 мільярды даляраў па крэдытах, у наступным годзе — паўтара».

«За час дыктатуры Лукашэнкі колькасць сядзельцаў у турме паменшала напалову»

Пытанне ад барысаўскай газеты «Адзінства». Ці не лічыце Вы, што прысуд Мальцаву з «Барысаўдрэва» трохі жорсткі, што яго зрабілі крайнім?

«Я бачыў крытыку ў газетах, у тым ліку і ў «Беларусы і рынок». Я папярэджваў, што нельга ламаць лёс чалавеку».

Лукашэнка перавёў пытанне на жорсткія злачынствы, ён выступае за жорсткія пакаранні за іх.

«За час дыктатуры Лукашэнкі колькасць сядзельцаў у турме паменшала напалову», — сказаў ён.

І ўвогуле, кажа, я не ўмешваюся ў рашэнні судоў. Але дае загад Косінцу вярнуцца да справы Мальцава і праверыць, ці справядліва яго асудзілі на тры гады, раз так просяць ягоныя землякі.

Шкадуе пра вывад ядзернай зброі

Пытанне з Гомеля: Пра якія рашэнні ён шкадуе?

Кажа, што не рабіў памылак, акрамя таго, што аддаў ядзерную зброю.

«Шараханняў ад Расіі на Захад ніколі не будзе»

Пытанне ад тэлеканала «Мір» пра магчымую пераарыентацыю Беларусі з Расіі на Захад.

Лукашэнка адзначыў, што праблем у адносінах з Расіяй апошнім часам было больш, чым у адносінах з Захадам.

«Мы ні на ёту не адышлі ад шматвектарнасці ў нашай замежнай палітыцы. Так, на Усходзе жывуць родныя нашы людзі. На Захадзе — Польшча, Літва — мы жылі з імі калісьці ў адной дзяржаве, гэта гісторыя. Куды дзенеш тое, што сёння Захад — высокатэхналагічны? Сёння з Захадам імкнуцца супрацоўнічаць усе, нават Расея гэтага хоча. Дык ці можна нас папракаць за тое, што мы хочам спакойнага жыцця з Захадам?» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што геапалітычнае становішча Беларусі дыктуе такую замежную палітыку краіны. «Адной з асноўных прычын канфлікту і страта часткі тэрыторыі Украінай з'яўляецца гэтая бязглуздая геапалітычная палітыка. Дык чаго нам ерапеніцца? Калі мы пачнём бадацца і ваяваць з нашымі суседзямі, міру не будзе. Прыклад гэтаму — Украіна».

Ён падкрэсліў, што Беларусь будзе трымацца ў рамках сваіх забавязанняў у саюзнай дзяржаве.

«Рускі народ і Расія для мяне святое. Але і на Захадзе я зараз ворагаў не бачу. Таму няхай не думаюць, што, дагаджаючы камусцьі, мы будзем ваяваць з Захадам. Можа быць, яшчэ і Расіі давядзецца выкарыстоўваць гэтую нармальную пазіцыю Беларусі ў нармалізацыі пэўных працэсаў», — сказаў Лукашэнка.

«Дайце факты, дзе я заігрываю з Захадам. Мы ніколі не падлашчваліся пад Захад, не стаялі на каленях, і гэта мая прынцыповая пазіцыя. Лукашэнка любімым на Захадзе ніколі не будзе», — сказаў ён.

«Гэта камусьці хочацца, каб нас прыціснулі, прыдушылі, каб мы на каленях стаялі, і як ні дзіўна, у апошні час гэта мы чуем ад Расіі», — кінуў Лукашэнка камень у расійскі агарод.

«Ніколі на нас амерыканцы не давілі. Наадварот, мы з імі вядзём размову. Навалы няма. Мы дамовіліся пра многае, мы выканалі, яны выканалі. Мы паставілі пытанне пра нейкія санкцыйныя прадпрыемствы, яны гэта знялі. Мы дамаўляліся, што мы гэтаму не даём агласкі, мы не даём».

У той жа час ён узгадаў антыбеларускую кампанію ў расійскіх СМІ.

«Чаму вы мяне асабіста і беларускі народ зневажаеце? — запытаўся Лукашэнка ў Пуціна ў часе апошняй сустрэчы, расказаў ён. — Мы ж дамаўляліся, што пасля «Бацькі-1, 2, 3, 4» асабістых зняваг не павінна быць». «Вось калі на «Барысаў-арэне» сталі скандаваць, мы пасадзілі 37 чалавек».

«Я рэагую на ўсе пытанні, не думайце, што дыктатуры мяне ўжо з'ела».

«Ніякіх палітычных кансультацыйных радаў мы ствараць не будзем»

Пытанне ад «БДГ-анлайн»: Ці плануецца стварэнне пры прэзідэнце нейкай кансультацыйнай рады? Лукашэнка пытаецца, чаму газета не выходзіць. Журналістка не рашаецца адказаць, чаму.

Лукашэнка доўга разважае пра непатрэбнасць кансультацыйных радаў. Пасля кажа: вось толькі цяпер успомніў, што была такая Рада пры Макею. Ну, напэўна, яна не вельмі цяпер трэба. «Ніякіх палітычных кансультацыйных радаў мы ствараць не будзем», — кажа ён.

Пытанне пра палітвязняў

Радыё «Свабода» просіць пра інтэрв'ю. Лукашэнка абяцае. А пытацца будзеце пра палітвязняў, — ведае наперад Лукашэнка. — «Ці можна выпусціць іх, як было зроблена ў 2008 годзе?» — пытаецца Валер Каліноўскі.

Лукашэнка паўтарае, што «ёсць закон, і ён для ўсіх». «Статкевіч — меншага калібра чалавек». «Галоўнае для мяне — нават не напісанне просьбы аб памілаванні. Ён у калоніі, ён там не адзін. Іншыя 800 чалавек таксама хочуць на свабоду. А чаму я амністую Статкевіча, а не Пятрова, Сідарава? Каб я не выглядаў ідыётам перад тымі людзьмі, якія там сядзяць. Ці маю на гэта права і грунт?»

«Валера, я табе сваімі дзецьмі клянуся, ён для мяне не палітык! Ён пайшоў на гэты штурм [Дома ўрада]. Гэта праехалі, гэта было. Таму не трэба казаць, што ён палітвязень».

«У нас некаторыя былыя сядзельцы жывуць у Амерыцы, Польшчы. Але жывіце па гэтых законах. Які ж ён мне канкурэнт? Ён жа мне прайграў на выбарах. Вось жывы эфір: «Плошча, Плошча, Плошча!» Я вось не памятаю стваральнай праграмы».

«Галоўнае — як я буду выглядаць перад тымі людзьмі».

Журналіст удакладняе, што кандыдаты будуць баяцца ісці ў прэзідэнты на выбарах 2015 года, пакуль сядзіць Статкевіч.

Лукашэнка сканчае: «Прывозьце мне подпісы іншых зняволеных, і мы яго выпусцім».

Ва Усходняе партнёрства я не рвуся, дадаў ён.

І палітвязні — толькі адно з пытанняў у адносінах з Захадам, адзначыў ён. «Захад глядзіць нашмат далей», — адзначае ён.

«Я ўпэўнены, што міністр не абяцаў перавесці выкладанне геаграфіі і гісторыі на беларускую мову»

Пытанне ад БелаПАНа пра беларускую мову, курс на яе адраджэнне і прэтэнзіі ў Расіі наконт гэтага.

Гэтае пытанне было вырашана на рэферэндуме раз і назаўжды, адказаў Лукашэнка. У краіне дзве дзяржаўныя мовы. 

«Я падтрымліваю беларускую мову, бо гэта тое, што адрознівае нас ад рускага чалавека, ад расіян, гэта прыкмета нацыі. Мы ж беларусы. Побач з рускай мовай, які мы выпакутавалі, мы маем беларускую мову. Мы павінны ведаць беларускую мову так, як рускую».

«Калі ў Расіі нехта напружваецца», гавораць пра «мяккую сілу», то і мы паспрыялі «мяккай беларусізацыі».

«Вы ведалі, з чаго пачаліся падзеі ва Украіне? З бязмозглай нацыянальнай палітыкі, перадусім з мовы. І я рады, што тую бязмозглую нацменаўскую палітыку… што мне ўдалося скруціць галаву той нацыяналістычнай палітыцы, што была ў 90-х, калі рускага чалавека пасадзілі на чамаданы».

«Мы ўжо праехалі гэтае пытанне. Я ўпэўнены, што міністр не абяцаў перавесці выкладанне геаграфіі і гісторыі на беларускую мову».

«Хто як хоча і можа, той так і піша на ўзровень прэзідэнта». «Я хачу, каб нашы людзі размаўлялі на беларускай мове, але я не магу травіць і давіць людзей, і няхай у Расіі ніхто ў гэтым плане не напружваецца».

Лукашэнка заклікаў размаўляць у сем'ях па-беларуску

«Вось вы жанатыя, Насця? — запытаўся ён у журналісткі БелаПАН, якая задала пытанне пра мову. — Выйдзеце замуж, размаўляйце з мужам і дзецьмі па-беларуску».

«Я прасіў Папу, каб мы больш рыхтавалі ксяндзоў-беларусаў»

Пытанне ад Польскага радыё пра стаўленне да Каталіцкага касцёла і польскіх ксяндзоў.

Высока ацэньвае Каталіцкі касцёл. Што да ксяндзоў, «я не вельмі задаволены некаторымі з іх. Я пра гэта казаў Папу. Я пра гэта казаў Казіміру Свёнтку, гэта чалавек абсалютна адказны, і ён на гэта рэагаваў. І я прасіў Папу, каб мы больш рыхтавалі ксяндзоў-беларусаў. Я і Гуджэроці пра гэта казаў».

ЕАЭС занадта малады, каб ацэньваць

Пытанне ад Беларускага радыё аб праблемах у ЕАЭС — першае пытанне па-беларуску ад дзяржаўнага СМІ.

Лукашэнка ізноў кажа, што гэта яшчэ маладое ўтварэнне, не выпрацавалася яшчэ псіхалогія і практыка. Але моцна крытыкуе Данкверта.

Руская, беларуская мова на прэс-канферэнцыі

Лукашэнка першы раз за доўгі час устаўляе словы па-беларуску не ў абразлівым сэнсе. Але слова «набытак» не ўспомніў, не лягло на язык. «Беларуская мова — вялікае наша дастаяніе», сказаў.

А вось газета «Звязда», Вольга Мядзведзева, задала пытанне па-руску. Ну, дакаціліся…

З Ваванам не размаўляў

Пытанне ад «Россіі сегодня» пра званок пранкера Вавана. 

Лукашэнка доўга і кручана кажа, што не размаўляў з Ваванам.

Расіі не ўдасца змяніць уладу ў Беларусі. «Адзіная падстава для прэзідэнта не ісці на выбары — слабы розум, хвароба»

Пытанне ад Еўрарадыё пра расійскую пагрозу і магчымага расійскага кандыдата на выбарах, а таксама пра тое, колькі яшчэ збіраецца Лукашэнка заставацца прэзідэнтам.

«У 2050 годзе не папросіць, я вам гарантую», — пажартаваў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расіі не ўдасца змяніць уладу ў Беларусі.

«Нахіліць мяне немагчыма. Усе зразумелі, што значылі мае словы ў Маскве [ў снежні 2014 года]. Мяне можна павесіць, забіць, але нахіліць, змяніць мой палітычны курс немагчыма».

«Новага для мяне ў прэзідэнцтве ўжо не будзе. Я ўжо ўсё бачыў. За 20 гадоў я ўжо ўсё зразумеў, усё памацаў. Я не развіваюся. Але сам я сысці не маю права. Калі рухне краіна? Я палітык, я павінен змагацца».

«Палац Незалежнасці — гэта наш нацыянальны аплот. Кіраўнікі дзяржаваў, прыехаўшы сюды, дэ-факта прызналі незалежнасць нашай дзяржавы».

«Адзіная падстава для прэзідэнта не ісці на выбары — слабы розум, тупы розум, хвароба. Пра гэта блізкія павінны сказаць».

«Вінаватая Расія па Украіне? Часткова». 

Адзначае, што заўвагі былога супрацоўніка Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Сыціна справядлівыя. «Там ёсць дэбілы, недавумкі, якія зарабляюць грошы». «Я гэта бачу, таму не хвалюйцеся».

Заявіў, што «не хоча закрываць Еўрарадыё». Лукашук адразу папрасіў інтэрв'ю і ФМ-частоты. Але тут яму адказалі, што «свабодных частот няма».

Падняў з месца Ананіч, запытаўся, ці «варожае» СМІ Еўрарадыё? Яна адказала, што папярэджанняў Еўрарадыё не мае, тады як «Народная воля» мае іх больш за 25. «Я зразумеў, што Еўрарадыё сёння меншае зло, чым Іосіф Сярэдзіч», — жартаваў Лукашэнка.

Тут пайшоў традыцыйны тролінг Іосіфа Сярэдзіча.

«Я больш за ўсё не люблю грошы»

«Я больш за ўсё не люблю грошы. Яны столькі бедаў людзям прыносяць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў адказ на пытанне, дзе трымае ашчаджэнні.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не ведаў, раз на месяц ці два разы на месяц атрымлівае заробак.

Па яго словах, палову грошай ён кладзе на банкаўскі рахунак Колі, які ён зможа зняць у 18 гадоў. А другую палову траціць на дзяцей, дабрачыннасць і падарункі калегам. І нават пазычае грошы пры патрэбах. А рэшта ляжыць у яго ў другой зверху шуфлядцы.

Рэакцыя на дзейнасць антыбеларускіх элементаў

Пытанні ад «Нашай Нівы»: першае пра стварэнне беларускамоўнага дзіцячага канала. Другое — як спецслужбы рэагуюць на дзейнасць антыбеларускіх ячэек у Беларусі і расійскіх шавіністычных рэсурсаў у інтэрнэце.

На першае пытанне канкрэтнага адказу не было дадзена. Слова ўзяў Генадзь Давыдзька, які стаў ставіць прэтэнзіі «Нашай Ніве».

Па другім пытанні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рэакцыя на дзейнасць антыбеларускіх элементаў ёсць, і даручэнне ў гэтым пытанні, дадзенае ў часе звароту да Нацыянальнага сходу, выкананае.

Вось аўдыё пытанняў «Нашай Нівы» і адказаў:

Сярэдзіч заклікае да «круглага стала»

Іосіф Сярэдзіч абрынуўся з крытыкай на міністра Ананіч. Расказаў пра апошнія папярэджанні — на ягоную думку, неабгрунтаваныя.

Ён засцярог ад пагрозаў незалежнасці і заклікаў да правядзення «круглага стала».

Аляксандр Лукашэнка заявіў у адказ, што гатовы да дыялогу з грамадствам, але сам удзельнічаць у такіх працэсах не будзе.

У той жа час ён даў зразумець, што цалкам разумее пагрозы незалежнасці і робіць усё, каб краіна была здольная на іх адказаць. Але ён паўтарыў, што самае галоўнае — не «падстаўляцца», як Украіна, не раздражняць Расіі, умацоўваць незалежнасць трэба без рэзкіх крокаў, без шараханняў.

Заробкі расці не будуць

«Бабруйскае жыццё» ўдакладняе пра мэтазгоднасць уключэння друкарскага станка для росту заробкаў, а таксама пра барацьбу з заробкамі ў канвертах.

«Хочаце заробак у далярах лічыць - лічыце, але цэны не растуць», — кажа Лукашэнка. Ён не баіцца, што электарат абурыцца тым, што заробкі зменшыліся.

Калі ўключыць станок, Калаўр з Мацюшэўскім не утрымаюць сітуацыю праз тры месяцы, тлумачыць Лукашэнка.

Пра шэрыя заробкі расказвае міністарка Шчоткіна. Прыводзіць прыклад, што кіраўнік кампаніі па грузаперавозках меў афіцыйны заробак памерам 3 мільёны рублёў.

Мінскі фармат перамоваў

Пытанне ад украінскага інфармацыйнага агенцтва УНІАН пра невыкананне мінскіх дамоўленасцяў паміж Украінай і «ДНР».

«Галоўнае, каб на Данбасе быў мір», — пераконвае Лукашэнка.

Ці трэба шукаць новую пляцоўку для перамоваў? «Можна і ў Астане дамаўляцца, але чым Мінск не пасуе?» — не разумее ён.

Што трэба зрабіць, каб прадухіліць абвастрэнне? «Жаданне кіраўнікоў дзяржаў, уцягнутых у канфлікт. Усё, — кажа Лукашэнка. — Пераступіце амбіцыі, прыязджайце ў Мінск, я гатовы вам чай насіць і алоўкі».

Мінску бракуе лоску

«Мінск-Навіны» нагадваюць пра новага кіраўніка Мінскага гарвыканкама Андрэя Шорца. Чаго не хапае сталіцы і якія задачы стаяць перад мінчукамі?

«Мінску бракуе лоску, — кажа Лукашэнка. — Каб раёны, кварталы мелі закончаны выгляд. Я Шорцу параіў: знайдзі добрых архітэктараў, каб яны паглядзелі і дарабілі тое, што трэба. Вялікая хіба Ладуцькі быў у вялікай колькасці пустых, закінутых пляцовак».

Пра спыненую будоўлю развязкі каля Нацыянальнай бібліятэкі. Лукашэнка запатрабаваў замест эстакады зрабіць нешта прасцейшае.

Плён барацьбы з карупцыяй

Пра барацьбу з карупцыяй пытанне задаў Сяргей Сацук з «Ежедневніка». Чаму пад выглядам барацьбы ідзе стварэнне цяплічных умоваў для карупцыянераў.

Лукашэнка кажа, што палітычная заява Сацука, можа, і слушная, але трэба казаць пра канкрэтныя факты. Пачынаецца размова пра «Барысаўдрэў» і дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы.

Паўла Якубовіча ледзь у турму не пасадзілі за тое, што купляў паперу для газеты за мяжой, расказвае Лукашэнка. Ён тлумачыць, што экспартазамяшчэнне мэблі аказалася выгадным.

Сацук абураецца: навошта ў ягонае выданне прыходзілі следчыя з праверкай, калі ён не парушыў закон. Просіць, каб міністры адказвалі на пытанні журналістаў.

Лукашэнка дэкларуе падтрымку Сацука. Маўляў, калі міністр не размаўляе з журналістам, то гэта не міністр. З дзясятак такіх можна выгнаць, кажа Лукашэнка.

А генеральны пракурор цяпер мусіць даваць пастаянныя прэс-канферэнцыі па барацьбе з карупцыяй.

Апытанка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930