Знайсці
23.11.2014 / 01:2412РусŁacБел

Міхаілу Русаму, віцэ-прэм’еру з самай вінаватай усмешкай — 60 гадоў ФОТЫ

Пяць фактаў пра чыноўніка.

23 лістапада святкуе 60-годдзе Міхаіл Русы, віцэ-прэм’ер, які адказвае за сельскую гаспадарку.

Цяпер сярод намеснікаў Міхаіла Мясніковіча застаўся толькі адзін не-пенсіянер – Анатоль Калінін.

«Наша Ніва» ўзгадвае некалькі цікавых фактаў з жыцця Міхаіла Русага.

Тройчы міністр

Упершыню Русы заняў міністэрскае крэсла яшчэ ва ўрадзе Міхаіла Чыгіра. У 1994 годзе ён стаў міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Праз сем гадоў яго перавялі кіраўніком у міністэрства сельскай гаспадаркі.

Русы (злева) падчас «Дажынак»-2002. Фота photo.bymedia.net

Але прызначэнне было менш гучным за адстаўку. У 2003 годзе Міхаіл Русы быў звольнены з пасады са знішчальнай фармулёўкай: «За невыкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб забеспячэнні поўнай і своечасовай выплаты заработнай платы работнікам аграпрамысловага комплексу і пагашэнні запазычанасці перад насельніцтвам і сельскагаспадарчымі арганізацыямі за здадзеную сельскагаспадарчую прадукцыю, а таксама за фальсіфікацыю справаздачных даных па гэтых пытаннях». Лукашэнка нават казаў, што міністр «здзекуецца з сялян».

«Фальсіфікацыя справаздачных даных» – падсудная справа. Спрактыкаваны пракурор убачыць тут злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі з адпаведнымі наступствамі.

Аднак Русаму ўдалося не толькі выйсці сухім з вады, але і змог увайсці ў тую ж раку другі раз. У 2010 годзе Лукашэнка зноў прызначыў яго міністрам сельскай гаспадаркі. А з гэтай пасады праз два гады падняў нават да віцэ-прэм’ера.

Зноў-міністр на «Дажынках»-2011. Фота photo.bymedia.net

Двойчы дэпутат

Пасля гучнага звальнення Русага схавалі далей ад прэзідэнцкіх вачэй. Каля года ён адседзеўся ў Пецярбургу, дзе быў дарадцам беларускага пасольства.

А пасля вырашыў балатавацца ў палату прадстаўнікоў ад родных Жыткавічаў. Ягоным супернікам стаў апазіцыйны камуніст, заатэхнік мясцовага калгаса Міхаіл Сілівонец. Русы атрымаў 74% галасоў і трапіў у парламент.

У 2008 годзе ён вырашыў працягнуць свой мандат. Змагацца зноў давялося з камуністам Сілівонцам, а яшчэ са сталічным доктарам Сяргеем Карнееўцом. Аднак і ў гэтым выпадку статус кандыдата ад вертыкалі дазволіў Русаму убачыць пераможныя 64% галасоў у пратаколе.

Цікава, што калі на першыя выбары Русы ішоў як беспартыйны кандыдат, то на другія – ад Беларускай аграрнай партыі.

Лідар партыі

Мала хто ведае, што Міхаіл Русы – дзейсны лідар палітычнай партыі, хоць і незаўважнай.

Паказальны факт пра Беларускую аграрную партыю: у 2009 годзе, на наступны год пасля абрання Русага кіраўніком, арганізацыя атрымала папярэджанне ад Мінюста, бо забылася даслаць інфармацыю пра сваю дзейнасць.

Фота photo.bymedia.net

Свайго сайту аграрыі, дарэчы, не маюць дагэтуль. А ў пачатку 1990-ых партыя мела найбольшую фракцыю ў Вярхоўным савеце!

Навуковец-рэфарматар

Русы ж у пачатку 1990-ых кіраваў Камітэтам па зямельнай рэформе і землеўладкаванні пры Саўміне – фактычна ад яго залежала, ці будзе прыватызавацца зямля і як калгасы пераўтворацца ў фермерскія гаспадаркі.

Выступ на з'ездзе Беларускага саюза фермераў. Фота photo.bymedia.net

На гэтую пасаду Русы прыйшоў пасля доўгай камуністычнай кар’еры – другі сакратар Кармянскага райкома, першы сакратар Стаўбцоўскага райкома…

Непасрэдна на зямлі ён працаваў некалькі гадоў на мяжы 1970/1980-ых, калі прайшоў шлях ад агранома да старшыні калгаса на Жыткавіччыне.

Затое Русы спрабаваў зрабіць навуковую кар’еру. Прынамсі на парламенцкія выбары-2004 Русы ішоў як «навуковец-аграном». Некалькі ягоных артыкулаў у газетах 1980-ых былі прысвечаныя вапнаванню глебы, а таксама фосфагіпсу.

Вінаватая ўсмешка

Беларускія чыноўнікі рэдка маюць запамінальнае аблічча, такое, каб іх маглі пазнаваць нават людзі, неабазнаныя ў палітыцы. Часам дапамагае нейкі яркі вобраз, як, напрыклад, касцюм Уладзіміра Сямашкі.

Русаму таксама «пашанцавала». У памяці інтэрнэўтаў гэта перадусім чыноўнік з гіганцкім хлебам і вінаватай усмешкай.

Вось так выглядаў Русы (справа), тады яшчэ міністр, на цырымоніі адкрыцця італьянскай лініі па выпуску кандытарскіх вырабаў на «Магілёўхлебпраме».

* * *

Міхаіл Русы не трапіў пад раздачу ўчасткаў у Драздах у сярэдзіне 2000-ых, затое стаў паўнавартасным гаспадаром надзела ў Вяснінцы («Дразды-2»). Які ж аграрый без сваёй зямлі?

Цікава, што Мінгарвыканкам адным рашэннем выдзеліў участкі Русаму і фрыстайлісту Антону Кушніру. Іх хаты будуць с краю.

Ягор Марціновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930