Знайсці
31.10.2014 / 13:079РусŁacБел

Анатоль Стрэляны: Уся праўда пра стаўленне рускіх да Украіны

Амаль кожны рускі, няхай гэта будзе цёмны або дасведчаны чалавек, надзвычай адчувальны да таго, што ён называе бандэраўшчынай або ўкраінскім нацыяналізмам і што на самай справе ёсць звычайным ўкраінствам.

Амаль для кожнага рускага бандэравец або ўкраінскі нацыяналіст — гэта проста украінец, які карыстаецца сваёй мовай так жа нязмушана, як ён, рускі, — сваёй. Вось на такіх украінцаў амаль у кожнага рускага — прыроджаная алергія. Ён чуе такога ўкраінца за вярсту і, у лепшым выпадку, недалюблівае яго.

Ён, рускі чалавек, а разам з ім і Крэмль, не супраць нават незалежнай Украіны, калі ўжо здарылася такая «геапалітычная катастрофа», па словах Пуціна, але няхай яна, незалежная Украіна, будзе такой, якой была ў складзе СССР: быццам яна ёсць, а быццам яе і няма. Няхай яна, карацей, будзе па максімуме русіфікаванай.

Гэта і ёсць уся праўда пра стаўленне рускіх да Украіны.

Рускага цалкам бы задаволіла Украіна без ўкраінства. Няхай яна будзе асобнай, калі заўгодна незалежнай, дзяржавай, але няхай яна будзе пазбаўленая ўкраінства. Амаль кожны рускі адразу, усёй сваёй істотай, адчуў, што пераможца-Майдан дадасць Украіне ўкраінства. Першымі і вастрэй за ўсіх гэта адчулі рускія Крыма. Тут жа нагадалі пра сябе крымскія татары, у чарговы раз заявіўшы, што яны, у адрозненне ад рускіх, украінства — вітаюць. Гэта асобная і вельмі цікавая размова: чаму татары-крымчакі і ўкраінцы заадно. Абедзве нацыі выдатна ведаюць рускага чалавека, які гатовы вітаць незалежнасць і татараў, і чувашоў, і якутаў, і чачэнцаў, абы іх дзяржавы былі пазбаўленыя татарства, чувашства, якутства, чачэнства. У большасці рускіх гэта ўсё, вядома, не ў свядомасці, а ў падсвядомасці. Ясная памяць на гэты конт у нямногіх, але гэтыя нешматлікія кіруюць Расеяй, як той жа міністр замежных спраў Лаўроў, хваравіта зацыклены на «Рускім свеце».

Нічога новага ў гэтым стане рускай душы няма.

Гэта ўсё добра вядома, даследавана і абагульнена на прыкладзе іншых імперскіх народаў, апісана больш ці менш удалымі тэрмінамі — напрыклад, «постімперскі сіндром».

Нагадвае пра сябе і савецкае выхаванне. Кожны шчыра лаяльны, ідэйны, як тады казалі, савецкі чалавек любога племя лічыў, што з часам усе нацыі павінны абрусець і што гэта будзе добра. На сённяшні дзень пры гэтай веры застаюцца толькі рускія, ды і тое яна ў іх дзесьці на самым дне. Больш выразна прызнаецца праграма-мінімум. Яна зыходзіць з таго, што чый бы там ні быў нацыяналізм — акрамя рускага — на прасторах былога СССР ёсць зло, таму што ён вядзе да змяншэння рускасці, а змяншэння рускасці не павінна быць нідзе, а дзе гэта назіраецца, туды трэба паслаць раць, як выказаўся ў вершы ўласнага сачынення Лужкоў.

Чаму даволі лагодна ставяцца да дзікунскага беларускага рэжыму, нягледзячы на тое, што ён раз-пораз грубіяніць Маскве? Таму што ён растаптаў апошнія рэшткі беларускасці. Як толькі ён загаварыў бы па-беларуску — выклікаў бы лютасць, такую ж шчырую, якую выклікае ўкраінец, які адчувае сваё ўкраінства.

Той, хто хоча жыць не толькі верай, але і веданнем, павінен мець на ўвазе, што рускамоўныя жыхары Украіны ставяцца да ўкраінства нашмат спакайней, чым расійскія рускія, вельмі часта — вельмі добразычліва, і расце колькасць тых, хто вітае развіццё ўкраінства сапраўды з кранальным энтузіязмам. Такія людзі стаялі плячом да пляча з украінцамі на Майдане, там яны разам змагаліся і гінулі. Ёсць такія рускамоўныя і ў Крыме, але вельмі мала, хоць іх паволі таксама становіцца больш. Астатнія… Ды не, яны не баяцца ўкраінства. Яны не думаюць, што Лютаўская рэвалюцыя пашле на паўвостраў лютых украінізатараў, не. Рускамоўны Крыма нічога не спалохаўся, і нішто яго не абурыла — усё гэта размовы. Яму проста стала непрыемна, што рэвалюцыя паскорыць украінізацыю Украіны, што ўкраінства адчуе сябе вальней, у большай ступені дома.

І скажам галоўнае. Нацыянальная ўкраінская справа з-за падзей у Крыме, як бы яны ні павярнуліся, не пацерпіць. Наадварот. Тлумачыць гэта — значыць трымаць чытача зусім за дурня. Замах Расіі на Крым толькі наблізіць прыход у Маскву такога госця, як Рускі Майдан. Тлумачыць гэта таксама залішне. Іншая справа, што расейская акупацыя Крыма можа многіх забіць і абяздоліць. Людзей шкада, нават някемлівых, а так бы ўсё добра.

Анатоль Стрэляны, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера