Знайсці
31.10.2014 / 08:573РусŁacБел

Расія падпісала дамоўленасці з ЕС аб пастаўцы мінімальнай колькасці газу ва Украіну зімой

Гэта часовая ўгода на перыяд да рашэння Стакгольмскага арбітража.

Расія, Украіна і Еўракамісія падпісалі дакументы, якія прадугледжваюць аднаўленне паставак расійскага газу Украіне для забеспячэння бесперабойнага транзіту ў Еўропу зімой.

У прыватнасці, Расія, Украіна і Еўракамісія падпісалі юрыдычна абавязваючы трохбаковы пратакол, зафіксаваўшы дамоўленасці па пастаўках у Украіну расейскага газу на працягу зімовага сезону 2014—2015 гадоў.

 Подпісы пад дакументам паставілі міністры энергетыкі РФ і Украіны Аляксандр Новак і Юрый Продан ды віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі, адказны за энергетыку, Гюнтэр Этынгер.

Акрамя таго, «Газпром» і «Нафтагаз Украіны» падпісалі дапаўненні да кантракту, зафіксаваўшы ўмовы паставак расейскага газу ў перыяд да канца сакавіка.

Дакумент падпісалі кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер і кіраўнік «Нафтагаза» Андрэй Кобалеў.

«Бакі абавязваюцца цалкам выконваць умовы дасягнутага пагаднення. Ніхто ад перабояў паставак газу не выйграе. Неабходна паважаць інтарэсы бакоў», — сказаў прысутны на цырымоніі прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу на прэс-канферэнцыі па выніках трохбаковых газавых перамоваў.

Аднак сярод падпісаных дакументаў не было двухбаковага пратакола паміж ЕК і Украінай, у якую ўваходзяць фінансавыя гарантыі аплаты расейскага газу.

Раней расійскія перагаворшчыкі заяўлялі, што ўвесь газавы пакет будзе падпісаны толькі ў тым выпадку, калі Ўкраіна і ЕК ўзгодняць гэты пратакол.

«На самой справе, гаворка ідзе пра ліст, які Еўракамісія накіруе Украіне. Гаворка ідзе менавіта пра пэўныя фінансавыя гарантыі, вызначаныя ў дамоўленасцях ЕК і Украіны», — сказаў кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер журналістам, адказваючы на пытанне, чаму двухбаковы пратакол так і не быў падпісаны, паведамляе РІА «Навіны».

Прадстаўнікі ЕС віталі дасягненне дамоўленасцей па газе.

Па словах прэзідэнта Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу, лепшага спосабу для яго завяршыць сваё знаходжанне на гэтай пасадзе няма.

Ён выказаў надзею, што ўсе бакі будуць цалкам выконваць умовы дасягнутага пагаднення.

Як адзначыў еўракамісар па пытаннях энергетыкі Гюнтэр Этынгер, Украіна гатовая неадкладна сплаціць 1,4 млрд даляраў доўгу і яшчэ 1,65 — да канца года.

Паводле яго слоў, Украіна зможа да канца сакавіка атрымліваць расейскі газ па цане 385 даляраў за 1 тыс. кубаметраў ці ніжэйшай.

Для параўнання: Беларусь атрымлівае яго па 170, расійскія спажыўцы плацяць яшчэ менш.

«Украіна атрымае дапамогу ЕС і МВФ у гэтым годзе. Таксама ЕС і МВФ разглядаюць новую праграму дапамогі Украіне на 2015 год. Усё гэта дазволіць ёй аплаціць усе яе рахункі за газ», — сказаў Этынгер.

Міністр энергетыкі Украіны Юрый Продан, са свайго боку, адзначыў, што подпіс Еўракамісіі пад «газавым пакетам» будзе гарантыяй яго выканання.

Украіна не адмаўляецца ад свайго пазову ў Стакгольмскі трыбунал, яна хоча, каб суд вызначыў, ці Расія парушае дамову ў плане цэнаў.

Расія з чэрвеня спыніла пастаўкі газу ва Украіну. Гэта сталася пасля таго як у сакавіку яна анексавала Крым, а ў красавіку накіравала штурмавыя групы на захоп Данбаса.

СГ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930