Знайсці
24.10.2014 / 08:155РусŁacБел

Чары Пінска, чары Палесся

Пра падарожжа на Палессе піша Вераніка Дзядок.

Я іх папярэджвала: напрамілы Бог, не прадстаўляйцеся Лёлекам і Болекам! Па-­першае, вам усё адно ніхто не паверыць. Ты, Болек, называйся Баляславам. У тваім веку ў нас мужыкоў Болекамі не называюць.

Яны паслухаліся, але я ўсё адно не магла стрымаць смех, заўважаючы недаверлівыя позіркі нашых новых пінска-­столінскіх знаёмых, якія чулі імёны маіх турыстаў.

Лёлек і Болек, польскія — не, не шпіёны — калегі маёй сяброўкі, выправіліся ў падарожжа па слядах Рышарда Капусцінскага. З Варшавы яны прывезлі фота яго дома і адрас, і з гэтага пытання мы пачалі размову з нашым пінскім праважатым. Ён паставіўся да Капусцінскага без энтузіязму:

— А навошта вам?

Лёлек і Болек збітыя з панталыку:

— Ну… Мы прачыталі ўсе яго кнігі, ён вядомы пісьменнік. Хочам паглядзець, дзе той дом, дзе маці ягоная начамі не спала, чакаючы, што мо прыйдзе бацька, а мо прыйдуць па іх — адпраўляць эшалонам на ўсход.

Пінскія цуды

Аляксандр паабяцаў паказаць дом і працягваў захоплена распавядаць пра Пінск за польскім часам. Пра кірмашы дасягненняў, пра ордэн камуністаў, пра Шымана Сміта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па эканоміцы, чый бацька з’ехаў з Пінска (пагаворваюць, скраўшы грошы ў пінскім банку, дзе працаваў). Пра дзіва прыроды — Піна і Прыпяць зліваюцца на 100 метраў, перамешваюць воды, каб пасля зноў разысціся ў розныя бакі.

— Як мы з табой! — хорам радуюцца Лёлек і Болек.

Перад тым, як паказаць нам дамок Капусцінскага, Аляксандр хоча паказаць нам капліцу, дзе пахаваны спачылы ў 2011 кардынал Казімір Свёнтак. Тут ён скончыў духоўную семінарыю ў 1939, адсюль паехаў служыць у Пружаны, дзе быў прысуджаны да расстрэлу. Сюды ж вярнуўся пасля 10 гадоў сталінскіх лагераў. Кардынала Казіміра згадваюць з любоўю і павагай усе сустрэтыя намі людзі, у тым ліку прадстаўнікі іншых канфесій.

Лёлеку і Болеку падабаюцца прыгодніцкія сюжэты, а кожная крамка на цэнтральнай вуліцы можа апынуцца менавіта той, дзе Капусцінскі шасці­сямігадовым хлопчыкам стаяў марознай ноччу ў чарзе па цукеркі з іншымі паўгалоднымі дзецьмі, каб з раніцы атрымаць толькі пустыя пушачкі ад цукерак.

Хасід, пахаваны ў дзіцячым садзе

На адной з цэнтральных вуліц мы звяртаем увагу на імпазантны будынак. Высвятляецца, гэта музей гісторыі габрэяў Пінска і Палесся. Пакуль яшчэ не дароблены. Музей ладзіцца высілкамі пінскай габрэйскай грамады і ў прыватнасці яе лідара Іосіфа Лібермана. Пакуль гэта проста калекцыя фота, жывапісных работ, рэчаў, звязаных з габрэйскім жыццём. Сярод экспанатаў будучага музея — альбом з пажаданнямі выпускніка гімназіі з допісам бацькі Рышарда Капусцінскага.

На першым паверсе будынка ўжо працуе рытуальная амывальня — міква. У двары збіраюць надмагіллі, якія хтосьці знайшоў.

Габрэйскія могілкі ў Пінску перажылі вайну, знеслі іх ужо ў 1960­я гады. Цяпер, напрыклад, магіла сына хасідскага мудраца Баал Шэм­Това, члена суда рабінаў, знаходзіцца на тэрыторыі дзіцячага сада. Дазволу на ўшанаванне магілы яўрэйскай грамадзе не даюць.

Яшчэ дзве магілы знаходзяцца на набярэжнай, ва ўрочышчы Каралін. Там былі пахаваныя таксама два цадыкі — Аарон бен Якаў Карлінер і ягоны сын Ошэр Карлінер. Аарон быў піянерам хасідскага руху на Літве. Менавіта па назве ўрочышча Каралін усіх хасідаў у ВКЛ звалі «карлінерамі». Карлінска­столінскія хасіды былі некалі вядомыя на ўвесь свет, таму недахопу ў турыстах не было б.

Як выжываюць на балотах

Да дому Капусцінскага застаецца прайсці зусім крыху, мы ўжо каля чыгуначнага вакзала. Недзе тут аднойчы ён пачуў, як яго з эшалона кліча школьны настаўнік. Чырвонаармеец, што ахоўваў эшалон, выцяў маленькага Рышарда па галаве, і той не здолеў развітацца з панам настаўнікам. Але перад гэтым нас яшчэ чакаюць Альманскія балоты.

У савецкія часы тут дзейнічаў авіяцыйны палігон краін Варшаўскай дамовы. Сёння гэта ландшафтны заказнік. Паміж балотамі раскіданыя купкі лясоў, а таксама азёры — 2 вялікія і 23 малыя. Раней на балатах знаходзіліся Мерлінскія хутары. Людзі засялялі прастору між балотаў, выгрызаючы прыдатныя для земляробства землі. Пасля Чарнобыля некаторыя жыхары Мерлінскіх хутароў перасяліліся ва Украіну. Таму на часовыя міграцыі праз мяжу мясцовага насельніцтва з абодвух бакоў тут заплюшчваюць вочы.

Збор журавінаў на балотах з’яўляеццца асноўным заняткам мясцовых жыхароў. За сезон руплівая сям’я можа зарабіць да пяці тысяч даляраў. Аднак праца гэта цяжкая. Каб несці на сабе кілаграмы назбіраных ягад, трэба мець немалую фізічную сілу.

Узімку мужчыны ад’язджаюць на працу, найчасцей у Расію. Як пісалі ў савецкіх падручніках гісторыі, адыходныя промыслы — паказнік адсталасці і прыдаткавага характару эканомікі.

Тост каралевы Боны

Па балатах нас згадзілася правесці кіраўніцтва заказніка. Іван Васілевіч — сапраўдны мясцовы паляшук. Ягоны дзед быў аб’ездчыкам у радзівілаўскім маёнтку Манькавічы, на чоўне сустракаў гасцей князя.

На тэрыторыі балотаў, спецыяльна для турыстаў, зробленая гаць, якая вядзе да возера. Для догляду за станам балота ў мясцовай гаспадарцы ёсць балатаход, неабходны перш за ўсё на выпадак пажару — самай вялікай небяспекі для тарфянікаў.

Далёкім гасцям Лёлеку і Болеку дазваляюць у гумовых ботах пагушкацца на моху і панюхаць багуна. Азёры пасярод балота багатыя на самоў. Яны прыплываюць у возера па падземных, пад балаціною, рэках.

Ісці па балоце лепей з правадніком. Бо ні журавоў, ні гадзюку пад нагамі гарадскі жыхар не заўважыць. На ўскрайках балота стаяць крыжы­прошчы, на адным з якіх, кажуць, вісіць царкоўнае ўніяцкае распяцце. Як належыць, ёсць і прыпавесць пра столінскіх небаракаў, што скралі яго, але хутка вымушаны былі вярнуць.

Лёлек і Болек у расчараванні, што знаходзяць тут больш нямецкіх, чым польскіх слядоў. Рачулка Льва, як давялі філолагі, мае прускую назву.

— І Альманы, відавочна, ад французскага Allemagne — Германія, — падміргвае Лёлек.

І Лёлек з Болекам ужо шкадуюць, што яны не нямецкія, а ўсяго толькі польскія шпіёны.

Рыба не пераводзіцца, размовы пры вогнішчы не сціхаюць, а багна не выпускае Лёлека і Болека, пакуль у іх не скончыцца віза.

Яны яшчэ памятаюць, што нешта вельмі важнае павінны паглядзець у Пінску.

Але тут, у палескай глушы, ніхто і слухаць не хоча пра Капусцінскага. Затое мноства пагалосак мы чуем пра каралеву Бону. Матэрыяльных слядоў яе прысутнасці амаль не засталося, затое кожны паляшук распавядзе, як каралева атруціла нявестку Барбару. Ці як Жыгімонт узяў яе ў жонкі, закахаўшыся ў яе пантофлік. І ніводнае застолле не абыдзецца без тосту каралевы Боны: чацвёрты, восьмы і дванаццаты тост п’юць за мужчын. Згодна з мясцовай легендай, каралева пажадала, каб муж памілаваў чацвёртага, восьмага і дванаццата каханка, калі ён хацеў пакараць смерцю іх усіх.

Адзіны мост на 200 км

Ці доўга, ці каротка, але шлях дадому зноў вядзе праз Пінск — адзіны шлях са Століна да цывілізацыі ідзе па пінскім мосце. Іншага моста няма на працягу 200 кіламетраў, з невытлумачальным гонарам кажуць пінчукі.

— Чым тут ганарыцца? — пытаецца Лёлек.

— Каралева Бона не загадвала ім будаваць масты! — кампетэнтна згаджаецца Болек.

І калі за шыбай праплывае домік Капусцінскага, ні Болек, ні Лёлек ужо не просяцца выйсці.

— Зробім калаж у фаташопе для польскіх сяброў!

 

Вераніка Дзядок

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031