Знайсці
20.09.2014 / 09:264РусŁacБел

Сурвэткі на памяць — камертон Сяргея Ваганава

Лілія Ананіч, новапрызначаны міністр інфармацыі, зноў здзівіла грамадскасць глыбінёй думкі. Ідэалогія, сказала міністр, паўсюль

Апошнім разам я сустрэў Ідэалогію ў прыбіральні. Пасля шматгадзіннага стаяння на польска-беларускай мяжы — твар асвяжыць, вочы працерці…

Трэба сказаць, што прыбіральня тая на першай ад мяжы айчыннай бензазапраўцы па начынцы адпаведнымі прыладамі была не горш за літоўскія і польскія, то бок еўрапейскія. Што праўда, не блішчэла чысцінёй. А што ў нас дзе блішчыць? Мо, у Палацы незалежнасці. Але я там не быў. І пра Ідэалогію, якая там пануе, магу разважаць ды меркаваць па іншых прыкметах…

Ідэалогія, якую я сустрэў у той доўгачаканай прыбіральні, нахабна дэманстравала сваю незалежнасць ад неабходнасці мець хаця б кавалак паперы, каб выцерці рукі і твар. Як ні шукаў яе ў месцы для больш вялікіх патрэб, як ні тыкаўся ў прыладу для папяровых сурвэтак… З мокрым тварам, зняўшы акуляры і трымаючыся за сцены, я асцярожна, каб не спатыкнуцца, пайшоў шукаць кагосьці, хто заклікаў бы Ідэалогію да парадку…

Павінен прызнацца, што мець справу з Ідэалогіяй для мяне не тое што не навіна, а па ўсім працоўным журналісцкім жыцці проста-такі звычайнасць. Што ні дзень з таго жыцця, абавязкова сутыкаўся з гэтай нахабнай дамай. Дарма, што паўсюль…

«Запісвайце, запісвайце!»,— патрабавальна раіў Алесь Адамовіч, калі я распавядаў яму, з якімі скаргамі звяртаюцца ў карпункт «Труда» людзі. На жаль, я не выканаў гэту параду. Але памяць захавала чаргу ў доўгім калідоры – што ў той маўзалей…

Першым у той шматгадовай, з 1976 года, чарзе быў пажылы вясковы мужык аднекуль з Гарадзеншчыны. З грукатам паставіў на стол драўляны, больш падобны на куфар, чамадан, расчыніў яго дрыжачымі пальцамі і падсунуў амаль пад самыя вочы нейкія сжаўцелыя паперы: «Вось, вось, глядзіце…» Паперы сведчылі, што дзед мужыка яшчэ да Першай сусветнай меў колькі там гектараў уласнай зямлі… «Дапамажыце, каб вярнулі! — рашуча запатрабаваў мужык. – І каб хутар не зносілі!» Перад вачыма застросся яшчэ адзін стос нейкіх жоўта-чырвоных папер. Гэта былі граматы ад калгаса, ад розных там райкамаў за ўдарную працу – з выявамі Сталіна з Леніным, Сталіна, Леніна, гербоў з каласамі… Да ўсяго дадаліся пасведчанні аб бацькоўскім медалі «За отвагу» і ягонай заўчаснай смерці ад ран…

Ці трэба тлумачыць, што дапамагчы небараку я так і не здолеў, хаця некуды званіў, пісаў, з кімсьці лаяўся… Але на той момант Ідэалогія ўзяла верх.

З цягам часу я навучыўся яе падманьваць, абхітрываць, нават выкарыстоўваць у мэтах дапамогі пакрыўджаным.

Аднойчы з’явілася цэлая дэлегацыя рабочых з завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

На 60-я ўгодкі той самай рэвалюцыі іх апранулі ў белыя кажушкі, каб у святочнай калоне прыкінуліся партызанамі. Не сказаць, каб яны вельмі ўзрадаваліся. Але Ідэалогія не драмала – паабяцала «партызанам» пакінуць кажушкі ва ўласнае ўладаранне. Зразумела, бясплатна. Што тое азначала тады, трэба тлумачыць толькі моладзі. Карацей кажучы, начальства пазабірала тыя дэфіцытныя кажушкі сабе. Ідэалогія не перашкодзіла. Схавалася некуды ў завуголлях начальніцкіх кабінетаў, пакуль не здзейснілася публічнае выкрыццё. Урэшце рэшт вылезла ў вышэйстаячым — так, так, не па-партыйнаму ашукваць рабочы клас. Вось якая была тады «чацвёртая ўлада»!

Наступны, каго памяць выхоплівае з той чаргі, — сціплы інжынер Міхаіл Гольдман.

Вось каго сапраўды раздушыла Ідэалогія! Без аніякіх на тое падстаў, калі не лічыць самастойнасць супярэчлівых з начальніцкімі думак, звольніла з працы на шостым дзясятку жыцця. Нягледзячы на тое, што франтавік, на баявыя ўзнагароды. Вядома, у якім абліччы душыла Міхаіла Аронавіча Гольдмана тая Ідэалогія. Ён у адзін суд – яна за ім, у другі – і яна туды ж… Аж да Генеральнага пракурора СССР! Паўсюль… 

І ў той жа час паўсюль спявала «…не спится только ветерану…», «помнит Вена, помнят Альпы и Дунай…»

Ну, што было рабіць з Міхаілам Аронавічам? Як дапамагчы? Мо, толькі біць у званы, да якіх ён сам не лічыў магчымым дакранацца. Ды прыціснуць Ідэалогію ў кут: «Спяваеш, змяюка?!

А ты ведаеш, хто напісаў тыя песні?.. Лучанок?.. Так, Лучанок. А словы?.. Ясень?.. Так, Ясень. Ён жа Міхаіл Гольдман, сціплы інжынер, якога ты звольніла з працы і душыш жабрацтвам…

Не верыш? Маўляў, ганарары? Я сам не паверыў, пакуль не дазнаўся пра тыя мізэрныя парэшткі, ды й хто ён…»

Міхаіл Аронавіч Гольдман памёр 10 мая 2006 года, на другі дзень пасля 60-годдзя Перамогі над фашызмам. Пад гукі «Майскага вальса», словы каторага напісаў Міхаіл Ясень.

А Ідэалогія, хай сабе змяніла, аздобіла аблічча, паўсюль.

…З мокрым тварам, зняўшы акуляры, у прыцемках я ледзь дабраўся да запраўшчыцы…

Праз хвіліну яна ўжо соўвала ў акенца цэлы стос папяровых сурвэтак.

«Навошта мне столькі?» – «Бярыце, бярыце… А то ўсё цягнуць і цягнуць, цягнуць і цягнуць…»

Сяргей Ваганаў, [email protected]

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера