Знайсці
03.09.2014 / 00:049РусŁacБел

Чырвонаармейцы пад знакам Пагоні?

У пашуковым батальёне лічаць, што знайшлі магілы савецкіх салдат, аднак знаходкі сведчаць пра іншае…

Згодна з «Гродзенскай праўдай» ад 13 жніўня, на ўскрайку Гродна, у мікрараёне Фолюш, выяўленыя парэшткі больш як 60 чалавек. Раскопкамі займаецца рота 52-га асобнага пошукавага батальёна.

«Спадарожныя знаходкі — нажы, гузікі, рэшткі абмундзіравання і абутку сведчаць аб тым, што тут пахаваныя байцы Чырвонай Арміі, якія трапілі ў палон на пачатковым этапе вайны», – распавядае камандзір роты Павал Галецкі.

Сапраўды, на Фолюшы месціўся лагер для савецкіх ваеннапалонных на пачатку вайны — знакаміты Шталаг 324 (у некаторых крыніцах — Шталаг 353). У 2008 г. тут ужо праводзіліся раскопкі, цягам якіх былі выяўленыя парэшткі «2000 жаўнераў і афіцэраў», перапахаваных пасля ў брацкай магіле ў Аульсе. За савецкім часам Надзвычайная камісія ацэньвала прыкладную колькасць ахвяраў лагера ў 18 000.

Але адкуль у пахаваннях гузікі з Пагоняй (а іх як мінімум 3 з пяци, паказаных на фота), якія трапілі ў артыкул «Гродзенскай праўды»? Гузік, пададзены на фота, хутчэй за ўсё быў зроблены пасля 1935 г. і выкарыстоўваўся літоўскім войскам ды МУС. Пры дапамозе вайсковага гісторыка Змітра Люціка ўдалося высунуць некалькі версіяў.

Зміцер Люцік.

Версія І: Літоўскі корпус

На аснове Узброеных сіл незалежнай Літвы ў 1940-м годзе быў створаны 29 стралковы корпус Чырвонай арміі. Служылі там літоўцы, пад кіраўніцтвам савецкіх камандзіраў, пры гэтым даношвалі сваю старую форму, прымацаваўшы да яе азнакі РККА. Тэарэтычна, у шталаг маглі трапіць палонныя акурат з «літоўскага корпуса».

Але калі б нейкія літоўцы нават і апынуліся ў лагеры, ім было б нашмат прасцей, чым «савецкім людзям», выйсці адтуль праз Літоўскі камітэт, які легальна дзейнічаў цягам вайны ў Гродне.

Літоўскі жаўнер — калі прыгледзецца, бачныя Пагонькі на гузіках.

Версія ІІ: літоўскія ахоўнікі

Лагер для вайсковапалонных РККА існаваў на Фолюшы да восені 1942, пасля яго ж выкарыстоўвалі як перасыльны лагер для жыдоў, якіх адсюль везлі ў Асвенцым ды Трэблінку. Тэарэтычна гузік мог належаць літоўскаму паліцыянту, які быў задзейнічаны ў ахове на тым ці іншым этапе існавання шталага. Але ўлічваючы, што артэфакт не адзінкавы ды быў знойдзены непасрэдна сярод трупаў — такі варыянт застаецца малаверагодным.

Версія ІІІ: фільтрацыйны савецкі лагер

У працы, прысвечанай гісторыі Фолюша, вайскоўца Аляксандра Сявенкі ёсць такі пасаж: «У 1945 – пачатку 1946 г. (па некаторых сведчаннях і ў першай палове 1950-х) прыкладна на тым жа месцы, дзе знаходзіўся шталаг 324, быў разгорнуты лагер-каранцін для вяртаючыхся на Радзіму з нямецкага палону і вывезеных на працы савецкіх грамадзянаў».

Кажучы звычайнай мовай, гэта — фільтрацыйны лагер, дзе «ахвяраў» аддзялялі ад «пасобнікаў» ды «схаваных агентаў». Для адных адчыняўся шлях на свабоду, іншых чакала Сібір, павешанне альбо растрэл. Сярод другой катэгорыі цалкам маглі трапіцца і літоўцы, якія змагаліся супраць Савецкага Саюза.

Беларуская версія

Варта адзначыць таксама, што элементы літоўскай вайсковай атрыбутыкі з Пагоняй выкарыстоўваліся і беларускімі фармаваннямі як часоў БНР, так і цягам ІІ Сусветнай. У апошнім выпадку гэта тычыцца беларускіх частак самааховы альбо некаторых паліцэйскіх батальёнаў. Так, напрыклад, баец слонімскай самааховы Пятро Пархута згадвае, як цэшкі з Пагонямі ім прывозілі з Вільні, бо сваіх не было.

Баец самааховы ў літоўскай форме (Слонім, верасень 1942).

Пра «літоўскую Катынь» казаць рана

Наогул, Фолюш ажно да пачатку 1990-х быў закрытым вайсковым гарадком. Цяпер тут наўпрост месцяцца па суседстве вайсковая частка і жылы мікрараён. На працягу ўсёй сваёй гісторыі раён займалі вайскоўцы — спачатку царскія, пасля польскія, з 1939 — савецкія. Улічваючы закрыты статус тэрыторыі, рабіцца тут магло што заўгодна, і хаваць тут маглі каго заўгодна.

Пры гэтым варта ўзяць пад увагу частыя памылкі ў працы пошукавых батальёнаў, пра якія ўжо пісала »Наша Ніва», а таксама прэцэдэнты спробаў выдаць пахаванні ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў за ахвяраў немцаў (Курапаты, Катынь).

Пра «літоўскую катынь» 1940-га альбо 1946-га казаць, канечне, рана. Але ў любым выпадку, як слушна з нагоды заўважыў гісторык Андрэй Вашкевіч, Літоўскаму Інстытуту нацыянальнай памяці ёсць тут над чым папрацаваць.

Алесь Кіркевіч, фота архіўныя, ГП і Янкі Лялевіча

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера