Знайсці
28.08.2014 / 20:447РусŁacБел

Чаму беларускія чыноўнікі не перасаджваюцца на Geely

Аляксандра Васілевіч і Аляксандр Басацкі вырашылі праявіць грамадзянскую пазіцыю і запыталіся ў чыноўнікаў, чаму б ім не перасесці на прадукцыю айчыннага аўтапрама — аўтамабілі Geely.

Вынікамі перапіскі з дзяржаўнымі органамі маладыя людзі падзяліліся з чытачамі — праўда, яны так і не зразумелі, чаму ўсе так упарта адхрышчваюцца ад «беларускага цуду» і абараняюць сваё права ездзіць на іншамарках.

Аляксандра накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет Рэспублікі, Палату прадстаўнікоў і Камітэт дзяржкантролю наступны зварот:

«Большасць службовых транспартных сродкаў чыноўнікаў рознага класа Беларусі з'яўляюцца даволі дарагімі статуснымі аўтамабілямі. Пра гэта сведчаць шматлікія тэндэры, абвешчаныя на афіцыйных сайтах па дзяржаўных закупках (www.icetrade.by, www.goszakupki.by), а таксама артыкулы афіцыйных і незалежных СМІ. Пасля ўказа прэзідэнта №119 ад 12 сакавіка 2013 года апетыты прадстаўнікоў улады некалькі уціхамірыліся, але цяпер сталі толькі арыентавацца на мяжу кошту ў 25 тыс. еўра за аўто, што ў пераліку на даляры складае больш за 34 тыс. Думаецца, што большасць грамадзян нашай краіны пагодзіцца, што пры нашым бюджэце катаць чыноўнікаў, хай нават добрых, на такіх дарагіх іншамарках — недазваляльная раскоша. Грунтуючыся на выкладзеных фактах, прапаную вынесці на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь законапраект, які абавязвае набываць у якасці службовых транспартных сродкаў для чыноўнікаў Рэспублікі Беларусь аўтамабілі выключна айчыннай вытворчасці. Акрамя таго, разгледзець магчымыя варыянты замены ўжо наяўнага аўтапарка іншамарак дзяржорганаў нашай краіны аўтамабілямі беларускіх вытворцаў».

Аляксандра спасылаецца на тое, што ў краіне існуе вытворчасць Geely, «якасць і прыгажосць якіх высока ацаніў нават сам прэзідэнт і даручыў у вуснай форме знайсці магчымасці рэалізацыі аўто на ўнутраным рынку краіны».

Ініцыятыўныя аўтары нават распісалі чыноўнікам эканамічную выгаду: у прыватнасці, на іх думку, «купля аўтамабіляў замежнай вытворчасці прыводзіць да вываду сродкаў дзяржаўнага бюджэту за мяжу, тым самым забяспечваючы эканоміку іншых дзяржаў, купля ж аўтамабіляў маркі Geely дазваляе, хай часткова, але захаваць выдаткаваныя грашовыя сумы ўнутры нашай краіны». Таксама маладыя людзі ўпэўненыя, што «з улікам высокага кошту аўтамабіляў, набытых дзяржарганізацыямі да 2013/03/12 года, роўна як і пасля ўступлення ўказа ў законную сілу, нават з улікам таго, што яны — б/у, не застаецца ніякіх сумневаў, што замена аўтапарка дзяржорганаў будзе рэнтабельным мерапрыемствам — дазволіць папоўніць казну за кошт розніцы ў кошце паміж прадаванымі б/у іншамаркамі і набытымі новымі Geely.

Аўтары звароту прыводзяць прыклад: Гродзенскі райвыканкамам абвясціў пра закупку аўтамабіля Suzuki Grand Vitara коштам 330 млн рублёў (каля $33 тыс. або €24 тыс.). Гэта быццам бы ўкладаецца ў ліміт, вызначаны ўказам, «але сума ж вялікая», тады як кошт новага красовера Geely Emgrand X7 (самае дарагое аўто ад «БелДжы») стартуе з $19 тыс. Ліст ініцыятыўных грамадзян не згабіўся у чынавенскіх кабінетах — яго пачалі перасылаць па інстанцыях: з Адміністрацыі прэзідэнта паведамілі, што зварот спушчаны ў апарат Саўміна, ва ўрадзе сказалі, што перанакіравалі паперу ў Мінфін.

Мінфін за подпісам першага намесніка міністра Амарына адгукнуўся разгорнута. Спаслаўся на згаданы ўказ прэзідэнта за нумарам 119. Аляксандры патлумачылі, што працэдура закупак адкрытая: «Выбар канкрэтнага аўтамабіля, зыходзячы з суадносін «кошт-якасць» ажыццяўляецца ў межах устаноўленага памеру». Што ж тычыцца айчыннай вытворчасці аўтамабіля маркі Geely, то «да гэтага часу праведзена закупка гэтых аўтамабіляў Міністэрствам па падатках і зборах і Міністэрствам гандлю для сваіх тэрытарыяльных органаў (інспекцый)».

Савет Рэспублікі быў больш канкрэтны: «На вашу прапанову аб заканадаўчым замацаванні нормаў, якія абавязваюць «набываць у якасці службовых транспартных сродкаў аўтамабілі выключна беларускай вытворчасці» паведамляем, што ў цяперашні час распрацоўка законапраекта па згаданым пытанні не плануецца». З тэксту вынікае, што 119-ы ўказ ёсць, дзейнічае і хвалявацца няма прычын.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу аказалася значна больш шматслоўнай і дала трохі іншы адказ.

Старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы спасылаецца ўжо не на беларускае, а на міжнароднае заканадаўства, у прыватнасці, нагадвае, што краіна з'яўляецца ўдзельнікам Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, і існуе адпаведнае Пагадненне аб дзяржаўных (муніцыпальных) закупках, паводле якога ўдзельнікі саюза-прасторы не могуць прадастаўляць асаблівых прэферэнцый нацыянальным таварам і пастаўшчыкам пры ажыццяўленні дзяржзакупак.

Гэта значыць без карэкціроўкі міжнароднага заканадаўства, на думку дэпутатаў, абмежаваць дзяржзакупкі беларускім Geely не атрымаецца. Пры гэтым, нагадаем, крыху больш чым месяц таму прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў сваёй пастановай забараніў расійскім чыноўнікам купляць аўтамабілі замежнай вытворчасці.

«Ва ўсіх адказах не было адказу, — канстатуе Аляксандр Басацкі. — Мы прапаноўвалі прыдумаць, як усё ж такі змяніць заканадаўства і купляць Geely, а яны адказвалі, што заканадаўства не дазваляе. Аднак жа неяк яны [чыноўнікі] купілі Geely для падатковай — наўрад ці ў парушэнне заканадаўства? Што перашкаджае перасадзіць на гэтыя машыны ўсіх?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930