Знайсці
03.09.2014 / 10:0646РусŁacБел

Сімвал яднання беларусаў: Беларуская зорка 

Нацыянальны арнамент — той знак, які яднае ўсіх беларусаў.

Надоечы з’явілася файная ініцыятыва, якая заклікае «сумесна прыдумаць і вызначыць сучасны наглядны сімвал, які стане знакам яднання беларусаў». 

Хацеў бы прапанаваць такі сімвал.

Вось ён:

Чаму?

А вось чаму:

Узгадалі?

Была ўжо адна кантора, якая прыдумала сімвал Мінска. Атрымалі тое, што атрымалі.

Немагчыма выдумаць сімвал, які аб’яднае беларусаў.

Бо не сімвалы аб’ядноўваюць.

Беларусы аб’яднаюцца толькі тады, калі самі, з нейкай прычыны, адчуюць унутраную патрэбу аб’яднацца. Аб’яднацца – значыцца, любіць і паважаць адзін аднога. Тады яны і сімвал сабе возьмуць – калі захочуць. А пакуль дзесяці мільёнам беларусаў гэта не засвярбела, то перабіраць сімвалы, якія іх могуць аб’яднаць – справа няўдзячная.

Зрэшты, задума знайсці аб'яднаўчы сімвал, насамрэч, своечасовая. Проста трэба ставіць перад сабой рэалістычныя задачы.

Вось, напрыклад, знаёмая карціна?

Ці вось яшчэ:

Камфортна жывецца прыхільнікам «рускага міру» — яны адзін аднога здалёк бачаць.

Але як пабачыць тых, хто любіць Беларусь? Незалежна ад таго, за каго яны галасуюць, на якой мове размаўляюць? Як нам пазнаць адзін аднога?

А ёсць жа просты спосаб пазнаваць сваіх. Нашыя пра-пра-прабабулі прыдумалі яго тысячу год таму, а мо і раней. Змянялася ўлада на нашай зямлі, прыносячы і забіраючы з сабой свае сімвалы — то белага арла, то гітлераўскую свастыку, то савецкую зорку. А таямнічыя старажытныя знакі, якія ведалі нашыя бабулі, увесь гэты час жылі.

Фота Міхася Раманюка.

Яны і цяпер жывуць.

Дастаткова прыгледзецца ўважліваей – і вы заўважыце тыя знакі наўкола. Ад Салігорска:

Да Мінска:

Гэтых знакаў не цураюцца афіцыйныя асобы:

Іх паважаюць спартоўцы:

Іх выбірае крутая моладзь:

Калі пакінуць убаку эмоцыі, то гэтыя знакі здольныя замірыць нават заклятых ворагаў:

Бел-чырвона-белы сцяг — гэта яшчэ і стылізаваны варыянт арнаменту, чырвоная нітка на белай тканіне. А на афіцыйным чырвона-зялёным сцягу беларускі арнамент дык увогуле прысутнічае наўпрост. Арнамент —гэта тое, што іх злучае.

Не трэба спрачацца пра тое, які арнамент «правільны», а які «няправільны». Гэта не лагатып, не знак. Наш арнамент — як рака, як подых, як струмень думкі. Ён — жывы. Ён розны, як розныя мы ўсе:

Але пабачыш яго, і адразу ведаеш: свой чалавек!

Можна падазрона ставіцца да Пагоні, не прызнаваць шасціканцовага крыжа Еўфрасінні па рэлігійных прычынах, касавурыцца на чырвона-зялёны сцяг. Але ненавідзець жывы старажытны беларускі арнамент можа толькі дурань. Ці вораг.

Дык мо не варта вынаходзіць ровар? Знакі, якія нас аб’ядноўваюць, даўно з намі. Калі што і варта прыдумаць, дык гэта спрытны, недарагі спосаб увесці арнамент у нашае паўсядзённае жыццё.

Дарэчы, арганізатары ініцыятывы ўжо вырашылі — будуць «вырабляць харугвы», раздаваць іх «у грамадскіх цэнтрах» і дасылаць па пошце. Цытуем:

«Харугву з сімвалам кожны жадаючы зможа размясціць у любым месцы: дома, на балконе, у кватэры, узяць на фестываль ці іншую імпрэзу або сфатаграфавацца з ім у знакавым месцы ды размясціць фотаздымак на сайце акцыі symbal.by, у сацыяльных сетках, на персанальных сайтах ці ў блогах з хэштэгам #symbalby».

Відаць, гэта будзе штосьці ў такім фармаце:

Людцы, ды хто будзе шпацыраваць з тымі харугвамі па горадзе? Як доўга тыя харугвы правісяць на балконах? І колькі вы тых харугваў надрукуеце? Трыста штук? На 10 мільёнаў чалавек? Хто іх атрымае? Наведнікі кнігарні «Ў», сядзібы ТБМ, ды кола сяброў «Будзьмы»?

А мо лепей усё-такі ўзяць прыклад з прафесіяналаў?

Замест дарагіх грувасткіх харугваў арганізатары ініцыятывы маглі б замовіць ролікі стужкі з беларускім прынтам. Хай яна будзе просценькая, недарагая, сінтэтычная – такая, каб не баялася дажджу ды снегу. Накшталт гэтай, толькі з нашым арнаментам:

30 сантыметраў стужкі дастаткова, каб упрыгожыць любое аўто:

Зрабіце гэта — і вы будзеце мераць беларусаў кіламетрамі.

P.S. Дарэчы, ініцыятары задумы мусілі б таксама выразна патлумачыць, што яны не збіраюцца выдумляць новы дзяржаўны сімвал. Гаворка вядзецца пра знак, які лёгка тыражуецца і які не будзе выклікаць у беларусаў сумневаў — не больш за тое.

Ну а калі абстрактны «беларускі арнамент» арганізатарам не пасуе, калі ўжо надта карціць мець менавіта знак, лагатып, «прадукт» — то можаце выбраць Беларускую Зорку:

Гэты знак ёсць і на бабулінай саматканай посцілцы:

І на манетах (так, так — у Беларусі ёсць манеты!):

Яго нават прапаноўвалі ў сімвалы сталіцы:

І ўжо зрабілі адным з сімвалаў хакейнага чэмпіянату:

Мы адчуваем гэты знак скурай:

Напэўна, ён у нас у крыві.

Васіль Клямка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера