Знайсці
20.08.2014 / 10:238РусŁacБел

Суадносіны ваенных сіл на Данбасе — дадзеныя баевікоў

Баевікі на Данбасе атрымалі падмацаванне і спрабуюць контратакаваць украінскія сілы.

Атрады непрызнаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік налічваюць ад 19 да 23 тысяч чалавек асабовага складу, паведамляецца ў штодзённай зводцы баевікоў.

Сканцэнтраваную на ўсходзе краіны ўкраінскую групоўку сіл спецаперацыі штаб апалчэння ацэньвае ў 48—52 тысячы чалавек. Таксама, па звестках баевікоў, якія распаўсюдзіла РІА Новості, украінскія сілавікі маюць у наяўнасці каля 550—600 адзінак бронетэхнікі і да 270 артылерыйскіх сістэм і рэактыўных сістэм залпавага агню, да 15 самалётаў і 5—10 верталётаў.

Сепаратысты, у сваю чаргу, «маюць прыкладна 19—23 тысяч асабовага складу, да 130 адзінак рознай бронетэхнікі і каля 50 розных артылерыйскіх сістэм і РСЗА».

Магчыма, баевікі ў апошнія дні атрымалі сур'ёзнае падмацаванне з Расіі. Прынамсі, нядаўна пра гэта сказалі іх новыя кіраўнікі.

Месяц таму тагачасны камандуючы апалчэння Ігар Стралкоў, які цяпер таемна пакінуў Данбас і дзесьці хаваецца, замовіў для апалчэння ДНР 10 тысяч салдацкіх і 500 афіцэрскіх кукард. Затым ён аб'явіў пра неабходнасць закупак «некалькі тысяч ватовак» для вядзення баявых дзеянняў у халодны час года.

«Нягледзячы на агульную перавагу хунты ў людзях і тэхніцы, суадносіны сіл паступова выраўніваюцца і ўжо няма таго пагрозлівага характару, як гэта было ў чэрвені ці ліпені», — гаворыцца ў зводцы штаба ДНР.

Баі на Данбасе ў апошні час сталі больш жорсткімі амаль па ўсіх кірунках.

Стральба і выбухі наблізіліся да цэнтра Данецка і былі больш інтэнсіўныя, чым раней. У аўторак, 19 жніўня, Кіеў, які развівае ваенны наступ на прарасейскіх сепаратыстаў, паведаміў пра падрыхтоўку да першай за доўгі час сустрэчы прэзідэнтаў Расіі і Украіны і выказаў надзею на прарыў на дыпламатычнага фронце.

З раніцы ў зону баявых дзеянняў упершыню трапіў шчыльна населены прыгарад Данецка — Макееўка. Мясцовыя жыхары хаваюцца ад абстрэлу ў падвалах і паведамляюць пра загінулых, а па вуліцы ходзяць узброеныя людзі.

Бліжэй да вечара карэспандэнты Рэйтэр сталі сведкамі перастрэлкі ў самым цэнтры Данецка, дзе 5—6 баевікоў вялі агонь з-за машын на паркоўцы каля крамы. Недалёка рвуцца снарады. Горад апусцеў, крамы зачыненыя, па вуліцах ганяюць узброеныя людзі на машынах.

«Другія суткі тэрарысты пры падтрымцы танкаў атакуюць пазіцыі сіл АТА ў раёне Саўра-Магілы. На дадзены момант усе атакі баевікоў былі адбітыя з дапамогай артылерыі, — паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Дзмітрый Тымчук, украінскі ваенны эксперт. — З боку Расіі з РСЗА БМ-21 «Град» былі абстраляныя пазіцыі сіл АТА ў раёне Лужкоў (Данецкая вобласць).

У Данецку сёння была зафіксавана дзейнасць мабільнай мінамётнай групы баевікоў, якая абстрэльвала жылыя кварталы, перамяшчаючыся па горадзе. Па невядомых прычынах яе абстраляла група снайпераў тэрарыстаў, знішчыўшы значную частку групы».

Урадавыя войскі развіваюць наступ на ўсходзе, дзе сепаратысты кантралююць два найбуйнейшыя гарады — Луганск і Данецк. Адначасова Кіеў разлічвае на прарыў на дыпламатычным фронце, дзе пасля некалькіх месяцаў супрацьстаяння бакоў упершыню адзначылі прагрэс па перамовах кіраўнікоў МЗС краін Еўропы, Расіі і Украіны ў мінулыя выходныя.

На наступным тыдні прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў кампаніі кіраўнікоў Еўрасаюза ўпершыню за тры месяцы можа сустрэцца з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным, які адмаўляе абвінавачванні з боку Кіева і Захаду ў падтрымцы і ўзбраенні апалчэнцаў на ўсходзе Украіны.

belaruspartisan.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера