Знайсці
18.08.2014 / 19:4718РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Як нам адрэстаўраваць Радзіму

Апошнім часам мне вельмі падабаецца размаўляць з незнаёмцамі. Яны не ведаюць, хто ты, ты не ведаеш, хто яны. Гэта ўключае шчырасць — рэч даволі каштоўную ў Беларусі. Разгортваюцца дыялогі, у якіх уся нашая эпоха, з усімі хібамі і адметнасцямі, выяўляецца выпукла і выразна. Каб схапіць, што людзі насамрэч думаюць пра цяперашні момант, не трэба быць сацыёлагам. Трэба проста тыдзень ездзіць у цягніках — у Гомель ці Брэст; ездзіць ды размаўляць з выпадковымі знаёмцамі.

Гародня, адзін з музеяў, што месціцца ў анфіладзе пакояў старажытнага палаца. Я гляджу на роўныя белыя сцены і не магу зразумець: які гэта стыль? Паколькі пакоі пераходзяць адзін у адзін, апяразваюць будынак, выглядае так, што позняе барока ці ракако. Але для ракако занадта роўныя сцены без ляпніны і ўпрыгажэнняў. За мной маўклівым ценем ходзіць цётачка-даглядчыца. Не вытрымліваю, звяртаюся да яе:

— А вы не ведаеце, што тут было?

— Палац тут быў, — ахвотна падключаецца яна. — Але яго адрэстаўравалі.

Я усміхаюся, маўляў, гэта і так бачна. І што палац. І што адрэстаўравалі. Бо калі класіцызм аздоблены залатымі жырандолямі «пад ракако», а ракако «паголенае» пад класіцызм, гэта называецца ў нас «рэстаўрацыя».

Жанчына запускае пробны шар, праверачку, бо без праверкі ў Беларусі наогул свае думкі лепей не выкладаць:

— Хутка, кажуць, і верхні замак адрэстаўруюць. А то ён стары вельмі зрабіўся, ледзь стаіць. І грошы, кажуць, ужо знайшліся.

І пільна глядзіць мне ў вочы, як я адрэагую. Бо, можа, я не разумею, што такое ў Беларусі «рэстаўрацыя».

Я, натуральна, здрыгаюся:

— Лепей бы не чапалі.

— Не чапалі? Чаму? — працягвае яна ўключаць дуру. — Замак, кажу, спарахнеў увесь.

— Таму што зробяць як у Міры, дзе ў муры камяні сіметрычна паўстаўлялі. Ці ў Нясвіжы, дзе падчас «рэстаўрацыі» зруйнавалі левае крыло палаца Радзівілаў. Я там быў падчас будаўнічых прац, мяне мужыкі за пяць тысяч унутр прапусцілі і па пакоях правялі, я бачыў, як яны старажытныя скляпенні гіпсакардонам закрывалі. Галовы трэба адрываць за такую «рэстаўрацыю». Цені мёртвых варушацца ў магілах.

Цётачка нарэшце разумее: побач «свой». Ведаеце, што яна робіць? Яна падыходзіць да выключальніка і тушыць святло ў пакоі. Мы застаемся ў сутонні — на дварэ вечар, святла хапае, але экспанаты музея нябачныя. А потым яна пачынае гаварыць шэптам:

— Дык і я кажу! Вы ж паглядзіце, — яна грукае рукой па сценцы, гук атрымліваецца гучны, нібы б’е яна па барабане. — Гэта ж таксама гіпсакардон!

— Дык уся прыгажосць там засталася? — пачынаю разумець я.

— Канечне! Разам з цвіллю і грыбком, якія пад гэтай «маскай» беспакарана руйнуюць тынкоўку!

— Гэта таму, што ў нас рэстаўрацыяй займаюцца будаўнікі! Не рэстаўратары, а будаўнічыя брыгады.

Цётачка пачынае гаварыць, бачна, што маўчала яна пра гэта ўсё занадта доўга:

— Ведаеце, як палякі рэстаўруюць будынкі? Яны нават цэглу вырабляюць па тых тэхналогіях, якія былі ў гады, калі будынак ўзводзіўся. Вучоныя робяць праект, потым глядзяць за тым, каб кожная цагліна была на сваім месцы.

Я горача пагаджаюся — некалькі тыдняў таму я быў у нядаўна адкрытым Ніжнім палацы ў Вільні: я не ведаю, колькі мільёнаў ёўра яны ўклалі ў тое, каб аднавіць будынак на тым месцы, дзе ён некалі стаяў і дзе яго зруйнаваў рускі цар Аляксей Міхайлавіч. Ніжні палац — цуд зберажэння традыцый і выкарыстання новых тэхналогій: асабліва ўражвае аконнае шкло, зробленае па старажытнай венецыянскай тэхналогіі. Ці адноўленыя драўляныя корабы барочнай столі, фрыза, намаляваная па свежай тынкоўцы фарбамі, якімі карысталіся падчас Рэнесансу, і таму яна мае тое самае пазнавальнае адценне…

А ў нас — гіпсакардон і ліфты ў старажытных вежах. У нас, як гэта цяпер адбываецца ў Віцебску, у каштоўным (ці не самым каштоўным у горадзе?) будынку Народнай мастацкай вучэльні, якую ў 1918 годзе адкрыў Марк Шагал, пачынаюць з таго, што руйнуюць перакрыцце — бо яно, маўляў, «не старае».

Цётачка працягвае, шэптам:

— Кажуць, для добрай рэстаўрацыі грошай недастаткова. Дык калі грошай недастаткова, навошта пачынаць? Дачакайцеся, калі будуць грошы! Не лезьце!

Яна збочвае ў развагі «за жызнь»:

— А што цяпер з культурай робіцца? Раней усе па музеях ды тэатрах хадзілі. А цяпер прыходзіш у тэатр — нікога. А ў музеі — адзін-два наведнікі ў дзень! У культурным плане мы на самым дне. Ніжэй няма куды!

І далей:

— Я цяпер Герцэна чытаю, Аляксандра Іванавіча. Том за томам. Разумееце, там у яго яшчэ 150 гадоў таму ўсё было вычарпальна апісана. Цягнуў ён Расію ў Еўропу, цягнуў, ды так і памёр! Вы адкрыйце любы ягоны артыкул — гэта дакладна пра тое, аб чым цяпер па тэлевізары кажуць! Я хачу сабраць грошай, паехаць у Францыю і пакланіцца ягонай магіле!

Потым яна запытваецца вельмі характэрным тонам:

— Вы былі ў нас у сінагозе?

— Быў, канечне! — адказваю я. У гарадзенскую харальную сінагогу мяне правёў наглядчык уначы, калі я бадзяўся па горадзе — прычым, што характэрна, ад грошай за сваю экскурсію ён катэгарычна адмовіўся: чалавеку было цікава паразмаўляць з мінскім госцем.

Я думаю, ці не ўдакладніць пры гэтым, што я каталік, але, здаецца, гэта можа забіць даверлівасць моманту.

— Дык вось, у нас сінагогу цяпер рэстаўруюць за прыватныя грошы. Мужчына, мясцовы бізнесмен, ён мэбляй займаецца і іншымі рэчамі, ён даў грошы, бо яму хочацца, каб будынак зрабілі акуратна. Дык так і трэба рабіць: абвяшчаць збор сродкаў, набіраць патрэбную суму, звяртацца да навукоўцаў і рэстаўраваць. А калі сваіх рэстаўратараў няма, запрашаць палякаў!

Яна, як і шмат хто ў Гародні, схільная перабольшваць веліч майстроў з Польшчы і прыніжаць сваіх, беларусаў. Не ведае, што добрых рэстаўратараў у нас хапае, але праз адсутнасць працы (праз адсутнасць грошай у дзяржавы!) яны займаюцца абы-чым — у тым ліку малююць дэкарацыі для «Беларусфільма».

— Ну што, вось каб у вас былі грошы, вы б не далі на аднаўленне палаца Радзівілаў? Ці Мірскага замка? Дык чаму дзяржава не дазваляе людзям рабіць добрую справу? Чаму паўсюль гіпсакардон?

Я слухаю яе і вар’яцею. Нават даглядчыца музея ў Гародні (не дырэктарка, не адказная асоба!) разумее, як захоўваць спадчыну, лепей, чым гэта робіцца цяпер! Чаму людзі, якія б наладзілі працэс рэстаўрацыі акуратна і годна, працуюць у музеях, а тыя, хто дазваляе рэстаўраваць іканічныя помнікі рабацягам з розных «ДРСУ», сядзяць на адказных пасадах?

Мы развітваемся — яна застаецца трапяткім ценем у паўцёмных анфіладах старажытнага будынка, дзе лунае пах еўрарамонту. Сыходзячы, я чую яе хуткія крокі па залах. Магчыма, гэта нейкі прывід з тых часоў, калі ў пакоях жыла адукаваная шляхта з вытанчанымі тварамі.

Магчыма, мы ўсе — прывіды, і ўсе нашыя — такія правільныя — думкі знікнуць, калі нехта зойдзе ў пакой і запаліць святло.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера