Знайсці
16.08.2014 / 21:0971РусŁacБел

Рускі паэт Юрый Несцярэнка: Народ Расіі цалкам падзяляе віну свайго недафюрэра

Яны не вінаватыя, кажуць нам. Ці, у крайнім выпадку, не такія ўжо і вінаватыя. Іх замбаваў тэлевізар. Яны не вылюдкі, не падонкі, не злосныя горлумы. Яны проста не цямяць ў палітыцы і не маюць доступу да аб’ектыўнай інфармацыі. Ці, па меншай меры, не ўмеюць яе шукаць. Яны, як дзеці, не дараслі да свабоды, і слепа вераць кожнаму чарговаму злому крамлёўскаму айчыму – нельга ж ненавідзець падманутых дзяцей…

Ну, па-першае, дзеці, якія за столькі гадоў так і не пасталелі, называюцца алігафрэнамі. Па-другое, «пасеклі гэтыя дзеткі вельмі многіх на катлеткі», прычым пачалося гэта, мякка кажучы, задоўга і да Пуціна, і нават да Леніна. Па-трэцяе, доступ да інфармацыі ў іх ёсць, і клікнуць па спасылцы не нашмат складаней, чым уключыць чарговага Кісялёва. Нягледзячы на ўсе ўжо прынятыя меры па ўдушэнні інтэрнэту ў Расеі, нават людзям, што не ўмеюць абыходзіць блакаванні, усё яшчэ даступна дастаткова расейскамоўных сайтаў, якія даюць рэальную інфармацыю. А тым, у каго зусім няма сеціва або хто не ўмее ім карыстацца, тэлефануюць і пішуць знаёмыя, сваякі, сябры (якія робяцца пасля гэтага, як правіла, былымі сябрамі). Спрабуючы растлумачыць, як ідуць справы насамрэч, і натыкаючыся на глухую, непрабіўную сцяну тупой злосці, нянавісці, агульнага адмаўлення і фактаў, і логікі.

Дык добра. Выкажам здагадку нават на імгненне, што ў сярэдняга расейца сапраўды няма ніякіх крыніцаў інфармацыі, апроч крамлёўскай прапаганды. Ці можна прыдумаць яму хоць нейкае апраўданне хаця б у гэтым выпадку?

Як вядома, гістэрычная нянавісць расейцаў (расіян) да Украіны пачалася з Майдану. Добра, Кісялёў распавёў ім, што там злыя «бандэраўцы», маючы ў руках у лепшым выпадку дзеравяшкі, дзень і ноч збіваюць узброены да зубоў і спецыяльна натрэніраваны на разгон натоўпу «Беркут». Пакінем убаку праўдападобнасць гэткай карціны і разумовыя здольнасці тых, хто здольны паверыць у яе. Выкажам здагадку, збіваюць. А што, расейцы так любяць мянтоў? Для адказу на гэтае пытанне нават не трэба фантазіраваць — ёсць дадзеныя сацапытанняў.

Міліцыя — адзін з самых непапулярных інстытутаў у Расеі, рэйтынг яе даверу крыху вышэйшы за статыстычную хібнасць. Большасць расейцаў лічыць, што міліцыя горшая за бандытаў. Адкуль жа раптам такая кранальная любоў да ўкраінскіх мянтоў? Ці не ад векавечнай нянавісці баязлівага і бездапаможнага раба да таго, хто адважыўся паўстаць, ці не ад прасякнутага чорнай зайздрасцю жадання адразу ўтаптаць адважнага і гордага ў той жа бруд?

«Як жа так — я трываю, калі мяне б’юць ботамі па мордзе, яшчэ і боты цалую, а хтосьці побач не стрываў? Мяне будуць біць, а яго не?! Ах ён паскуднік!!! Не той, хто б’е і прыніжае, паскуднік, а той, хто не змірыўся са знявагай!

І тое, што Януковіч і ягоныя хаўруснікі — злодзеі эпічных маштабаў, расейцы, вядома, ведаюць, нават калі Кісялёў і не паказаў ім Міжгор'е. Ужо хаця бы з прычыны іхнай цвёрдай перакананасці, што чалавек на такой пасадзе не красці не можа (яны, зразумела, мяркуюць па сабе і ўласных кіраўніках, якія плоць ад плоці іх, але ў дадзеным выпадку яны маюць рацыю). Дык чаму ж іх так засмуцілі юрыдычныя тонкасці адхілення злодзея ад улады? Дзеля чаго ім так хацелася пакінуць злодзея на найвышэйшай пасадзе «братэрскай» краіны? Прычына, зразумела, усё тая ж: «Мы сваім злодзеям боты ліжам і ўсё пакорліва аддаем, а гэтыя зараз не будуць?! Вось жа, гады!!!»

Чым яшчэ правініўся Майдан перад кіселегледачом? Ну вядома, тым, што яго, маўляў, амерыканцы зладзілі. Гэта значыцца, расейцы на поўным сур’ёзе лічаць, што дзясяткі тысяч людзей будуць тры месяцы стаяць на марозе, лезці пад дручкі і (на марозе ж) вадамёты, а ў выніку і пад кулі — за пячэнькі ад Вікторыі Нуланд. Ну ці хай нават за колькі там грыўняў штодзень — 100, 200 — колькі там называла расейская прапаганда? Паверыць у такое, відавочна, здольны толькі той, хто сам гатовы прадацца гэтак жа танна. Пры гэтым, калі Пуцін адкрыта купляе Януковіча абяцаннем крэдытаў і зніжкі на газ — гэта ўсё нармальна, яму можна, толькі Амерыцы нельга.

«Класціся пад Амерыку — гэта дрэнна, а класціся пад Расію — добра, хоць пытанне аб тым, хто жыве лепш (і не толькі ў матэрыяльным плане), нават ставіць смешна.

Але вось цікава: а чаго ж тады амерыканцы, калі іхная галоўная мэта — ПОГУБІТЬ РОССІЮ (расейцы, я ведаю, што гэта ваш Сімвал Веры, але хоць адзін нефантастычны аргумент у яго падтрымку, а?), дзейнічаюць такімі ўскоснымі спосабамі? Чаму не купяць сабе рэвалюцыю адразу ў Маскве, раз гэта так проста? Чаму, нарэшце, Антымайдан, які, па-вашаму, не за пячэнькі, а за патрыятызм (пад якім вы чамусьці разумееце вернасць чужой, г.зн. вашай, краіне), меў гэткі нікчэмны выгляд? Дзе мільёны, якія ідуць змагацца за Януковіча? І аб якім «вайсковым перавароце» вы кажаце, калі армія ў падзеях не ўдзельнічала, а бранятэхніку і вайсковае ўзбраенне ўжывалі выключна сілавікі Януковіча? Якая такая «вайсковая хунта» прыйшла да ўлады, дзе там хоць адзін вайсковец? Турчынаў? Яцанюк? Ах, Дзмітрый Яраш? Якое ягонае званне і, галоўнае, якую пасаду ў новым урадзе ён заняў?

Усе дзеянні новай улады былі зацверджаныя парламентам, які ніхто не разганяў і адкуль нават не выгналі дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў. Было зроблена ўсё для найхутчэйшага правядзення сумленных дэмакратычных выбараў, на якія былі зарэгістраваныя кандыдаты самых розных поглядаў, уключаючы самыя антымайданныя. І якія (нягледзячы на вайну, разгорнутую вашай дзяржавай з мэтай, у тым ліку, іх зрыву, пра што недвухсэнсоўна сведчаць дзеянні вашых баевікоў на падкантрольнай ім на той момант тэрыторыі) – усё-ткі прайшлі з захаваннем усіх нормаў і прадэманстравалі, што большасць украінцаў не толькі на Захадзе, але і на Усходзе падтрымліваюць еўрапейскі выбар. Купіць усе іх галасы фізічна немагчыма, у Вікторыі Нуланд няма столькі пячэнек. А калі ў вас, дарагія расіяне, у апошні раз праходзілі сумленныя выбары, ась? Не чую! Ну так і ў каго ў выніку кіруе хунта?

Расейцы ненавідзяць украінцаў менавіта за заходні выбар, за імкненне да свабоды, дэмакратыі, еўрапейскіх каштоўнасцяў. Да сяброўства ў ЕС і НАТА, само сабой.

Чаму? Ну вядома, «таму што ўсё гэта супраць Расіі!» Але калі ўсё добрае, свабоднае, паспяховае – гэта тое, што супраць Расіі, дык што ж такое сама Расія? Чаму цэлы народ гатовы на ўсё, каб вырвацца з яе «братэрскіх» абдымкаў, і яна не ў стане ўтрымаць яго ні подкупам, ні гвалтам? Чаму вы, расейцы, што б вам ні распавядаў Кісялёў, лічыце, што маеце права кагосьці ўтрымліваць сілай, перашкаджаць сыходзіць у Еўропу суверэннай краіне, якая сама гэтага хоча? За што вы ненавідзіце Еўропу і Амерыку, што дрэннага яны вам зрабілі (не, не трэба пра санкцыі, уведзеныя ў адказ на разгорнутую вамі вайну), што дрэннага зрабіў НАТА хоць адной дэмакратычнай краіне і чым гэтая арганізацыя пагражае вам, калі вы нібыта не збіраецеся ні на каго нападаць? Ці ўсё ж збіраецеся? Заміж каб лічыць базы НАТА ў чужых краінах, лепш бы палічылі палацы Пуціна ў сваёй. І аргументавана адказалі, што прыносіць вам больш шкоды.

Ах, ну канечне: «Абарона ўкраінскіх расейцаў ад страшных фашыстаў-нацыстаў». Зноў жа — пакінем убаку разумовыя здольнасці народа, які верыць, што нацыстаў можа падтрымліваць Еўропа, у многіх краінах якой з нацызмам змагаюцца настолькі радыкальна, што пераплюнулі ўжо ў іншы бок, парушаючы свабоду слова (крымінальныя пераследы за адмаўленне Халакосту, за сімволіку і т. п.)

Зноў жа, калі меркаваць, што Еўропа нейкім неспасціжным чынам раптам стала нацысцкай, як гэта сумяшчаецца з гей-парадамі, якія так узбуджаюць расейцаў?

І чаму галоўныя расейскія «барацьбіты з нацызмам» ірвуцца туды ездзіць, купляць там нерухомасць і вучыць там дзяцей (сярод суцэльных фашыстаў, геяў і педафілаў), ды і той жа Кісялёў вельмі пакрыўдзіўся, калі яго пазбавілі візы?

Праігнаруем і поўнае няведанне арыфметыкі, якая паказвае, што за кандыдатаў «нацысцкіх» – не ў рэальнасці, вядома, а з гледзішча расейскай прапаганды – партый прагаласавала толькі пара працэнтаў украінскіх выбаршчыкаў (ну хай нават 10%, калі да іх дадаць Ляшка). Пра тое, што ніякіх фактаў дыскрымінацыі расейскамоўных ва Украіне так нікому і не ўдалося адшукаць, глядач Кісялёва, вядома, не ведае. Хоць той факт, што менавіта расейскамоўныя добраахвотнікі з’яўляюцца ці ледзь не самымі эфектыўнымі байцамі ўкраінскіх ўсходніх батальёнаў, вымушаны быў прызнаць нават Гіркін.

Той жа Гіркін публічна скардзіўся, што насельніцтва Данецкай і Луганскай абласцей цалкам не прагне ісці пад яго «вызваленчыя ад нацызму» сцягі, а хто прыходзіць, аказваецца выключным збродам (куды больш нагадваюць акурат не гераічных партызан, а паліцаяў, якімі іх малявала кандовая савецкая прапаганда). І чаму кроў расейскамоўных льецца толькі там, куды прыйшлі з Расеі іх «абаронцы» («мы прынеслі вайну ў гэты горад» – зноў жа Гіркін пра Славянск), а ў суседніх рэгіёнах Паўднёвага Усходу ўсё спакойна? Бо нават Кісялёў не можа схаваць, што няма ў Днепрапятроўску ніякай «народнай рэспублікі», вось няма і ўсё!

Але самае галоўнае нават не гэта! Праведную нянавісць да нацыстаў можна прыняць толькі ад палымяных інтэрнацыяналістаў.

Расейцы ж зыходзяць такой асатанелай нянавісцю да «ўкропаў», «піндосаў», «гейрапейцаў» і — ну вядома ж!!! — «жыдоў», што самым агалцелым чальцам НСДАП трэба збляднець ад зайздрасці — а можа, і ад агіды.

Колькасць удзельнікаў розных неанацысцкіх арганізацый кшталту РНЕ сярод «антыфашыстаў» з ілжэгеоргіеўскімі стужачкамі таксама больш чым паказальная, а назіральнікамі на «рэферэндуме» у Крыме былі чальцы еўрапейскіх ультраправых партыяў – яны ж ёсць галоўныя прыхільнікі Пуціна ў краінах ЕС. Глядач Кісялёва, вядома, мог ніколі не чуць назваў тыпу «Йобік» (а пачуўшы, вельмі развесяліўся б), але ўжо прозвішча Марын Лё Пэн яму знаёмае?

«Крымнаш» і далейшыя падзеі на Данбасе з пункту гледжання хоць якой чалавечай маралі апраўдаць зноў-такі немагчыма. Няхай расейцы вераць у «рэферэндум», зладжаны за 10 дзён пад рулямі расейскіх аўтаматаў (што прызнаў ужо і Пуцін!), на якім на самай справе за аншлюс прагаласавала не больш за 30%.

Але няўжо іх у дзяцінстве не вучылі, што красці і адбіраць сілай чужое нядобра? Што, нават калі лічыць старажытны Крым, які знаходзіўся ў складзе Расеі ўсяго 2 стагоддзі (расейцы плацілі даніну крымскім татарам даўжэй), «спрадвечна расейскай тэрыторыяй, падоранай Хрушчовым», то падарункі нельга адбіраць назад без згоды цяперашняга ўладальніка (які ладна, дарэчы, спрычыніўся да ўладкавання збольшага бясплоднай зямлі)? Што гэта завецца разбоем і бандытызмам, нават калі ахвяра, напалоханая наведзенай на яе зброяй, не супраціўляецца?

Кім, нарэшце, трэба быць, каб адначасова апраўдваць дзве чачэнскія вайны за ўласную тэрытарыяльную цэласнасць, якія вяліся зусім варварскімі сродкамі, і пры гэтым гэтак нахабна парушаць тэрытарыяльную цэласнасць спачатку Грузіі, а потым Украіны, абвяшчаючы ўрады гэтых краін, якія намагаюцца гэтага не дапусціць, «карнікамі» і «нацыстамі»? І ўжо асаблівы верх нахабства і подласці – пастаўляючы чужым «сепаратыстам» танкі, сістэмы залпавага агню і зенітныя комплексы разам з экіпажамі, уводзіць закон, што карае сваіх сепаратыстаў некалькімі гадамі турмы за адны толькі славесныя заклікі, прычым «сепаратызмам» ў гэтым выпадку лічыцца ўжо і заклік вярнуць Крым законным гаспадарам! Зноў жа — як можна адначасова лічыць законнымі «рэферэндумы» у Крыме, «ДНР» і «ЛНР», зладжаныя ўзброенымі самазванцамі, і апраўдваць раней згаданыя дзеянні баевікоў, якія не давалі данеччанам прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах, арганізаваных законным парламентам?

Нарэшце, усяму гэтаму не можа быць апраўдання нават з прагматычнага гледзішча, нават з подлай зладзейскай пазіцыі «мае шкурныя інтарэсы для мяне важнейшыя за вашыя законы і справядлівасць».

Бо калі расейцам хацелася ў Крым, фактычна ніхто і нішто не перашкаджала ім туды ездзіць. Ні з перасячэннем мяжы, ні з мовай ніякіх праблемаў не было, а нізкія (акрамя бензіну) ўкраінскія цэны дазвалялі ўладальніку рублёў адчуваць сябе амаль багатым.

Што цяпер? Замест адной мяжы дэ факта дзве (расейска-ўкраінская, потым украінска-крымская), пярасячэнне якіх звязана з вялікімі цяжкасцямі, калі ехаць па сушы; а калі па моры, то гіганцкія чэргі на паром расцягваюцца на некалькі дзён (не кажучы пра падаўжэнне ўсёй дарогі), высокія расейскія кошты, праблемы з прадуктамі, з вадой, з усім запар, акрамя партрэтаў Пуціна і, галоўнае, татальна датацыйны рэгіён, на які ўжо незваротна сышлі грошы з Пенсійнага фонду і ў далейшым будзе сыходзіць больш, чым на Чачню, і гэта ва ўмовах бюджэту, што трэскаецца пад цяжарам санкцый і якія выраслі ваенных выдаткаў. Пагаршэнне адносін з усім светам. Дасягненне вынікаў, наўпрост адваротных жаданым (ідыёцкім, але жаданым): Украіна зараз ужо сапраўды будзе з Еўропай, а не з Расеяй (хоць, каб не было ўсёй гэтай гнюснай агрэсіі, можна было б зладзіць не «або-або», а «і, і»), а НАТА з партнёра неахвотна, але вымушана ператвараецца ў ворага і нарошчвае свае сілы ў расейскіх межаў.

Данбас шараговага расейца і зусім ніколі не цікавіў, але там (і не толькі) былі прадпрыемствы, якія ажыццяўлялі важныя ваенныя пастаўкі ў Расею. Цяпер гэтыя пастаўкі скончацца. Карацей, куды ні кінь – усюды суцэльны, чысты пройгрыш. «Затое нагадзілі і працягваем гадзіць хахлам і спадзяемся тым самым хоць як-небудзь дапячы Еўропе і Амерыцы» – вось і ўвесь профіт.

Дык ці можна хоць неяк, хоць якой прапагандай апраўдаць людзей з такімі думкамі і пачуццямі, з такімі каштоўнаснымі ўстаноўкамі?

Людзей, чыя матывацыя — пячорная нацыянальная нянавісць, лютая халуйская злосць супраць смеласці, гонару і годнасці і імкненне любой цаной, хай і на якую заўгодна шкоду сабе, не дазволіць суседзям і нібыта братам жыць свабодна, годна і шчасліва?

Адказ відавочны. За выняткам 5% (а меркаваць трэба менавіта па «крымнашу», а не па рэйтынгу Пуціна, які на 10% ніжэйшы), народ Расеі цалкам падзяляе віну свайго недафюрэра і не заслугоўвае ні апраўдання, ні прабачэння, ні ласкі.

Такі вердыкт. А прысуд хутка вынесе гісторыя.

* * *

Юрый Несцярэнка — расейскі паэт-нонканфарміст, празаік, публіціст. У 2010 г. эміграваў з Расіі ў ЗША, дзе ў 2011 г. атрымаў палітычны прытулак.

rufabula.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930