Знайсці
31.08.2014 / 09:3123РусŁacБел

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч: У мяне ёсць адчуванне шчаслівага лёсу

Марына Адамовіч — жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча. Калісьці яна працавала выкладчыцай у Медыцынскім, а цяпер штотыдзень возіць адваката ў магілёўскую калонію, каб даведацца, у якім стане яе муж.

Страйнюткая, з кароткай стрыжкай і ў прыгожай лёгкай сукенцы ў кветку, яна стварае ўражанне абсалютна шчаслівай жанчыны. І адразу пры сустрэчы яна дае зразумець, што пра асабістае размаўляць не любіць, ды і не можа. Каб не сказаць чагосьці, што можа быць выкарыстана супраць яе ці мужа.

«Мікола — усё той жа родны мне чалавек»

«Наша Ніва»: Як цяпер адчувае сябе Мікола?

Марына Адамовіч: Ні на што не скардзіцца. Ён займаецца спортам, абліваецца халоднай вадой.

«НН»: Вы можаце два разы на год бачыцца з ім.

 МА: Такая радасць была апошні раз 27 чэрвеня.

«НН»: І як ён, вочы ззяюць?

МА: Ён папрыгажэў. Ды і сам кажа, што знаходзіцца ў стане ўнутранай раўнавагі.

«НН»: Якім чынам у яго гэта атрымліваецца? Адзіночка на тое і адзіночка, каб знішчыць дух чалавека.

МА: Па-першае, ён добра ведае, што ён робіць і дзеля чаго. А калі ты ў гармоніі з сабой, то вельмі складана зламаць дух. Яго там не адольваюць адчай і роспач.

«НН»: На Вашую думку, ён вернецца тым жа чалавекам?

МА: На дадзены момант гэта абсалютна той жа родны і знаёмы мне чалавек.

«НН»: Шмат каго турма ламае. Выходзіць чалавек — і ён ужо не ён.

МА: Я б не пагадзілася. З людзей, хто сапраўды актыўна займаўся гэтым, — ніхто не сышоў. Хіба што людзі, якія выпадкова патрапілі «пад прэс» альбо і да таго выяўлялі актыўнасць спарадычна.

«НН»: Пра амністыю не думалі?

МА: Пра міласць тут няма чаго казаць, калі ад чагосьці іх вызваленне залежыць, то толькі ад знешніх ці эканамічных фактараў.

«Турма раўла «Жыве Беларусь!»

«НН»: Цяпер Мікола знаходзіцца ў адзіночцы, а як раней да яго ставіліся сукамернікі?

МА: Тое, як да яго ставіліся, паказваюць некаторыя сітуацыі. Вядома, спрабавалі нацкаваць іншых зняволеных, але заўсёды знаходзіліся людзі, якія нечакана паведамлялі пра стан Міколы праз знаёмых. Мяне пацешыла і здзівіла тое, як паводзілі сябе зняволеныя ў шклоўскай калоніі ў дзень нараджэння мужа. Ён пісаў, што не паспееш адвярнуцца, як на ложку нешта ляжыць: то аловак пакладуць, то шакаладку. Аднойчы чалавек, які не атрымліваў з волі ніякіх перадач, паклаў на ложак Міколу кавалачак хлеба. Калі Міколу перавялі ў Магілёў, ягоныя паплечнікі і сябры зладзілі ў дзень яго нараджэння пад сценамі калоніі феерверк. Турма раўла «Жыве Беларусь!».

«НН»: Якая ў яго сітуацыя з доступам да інфармацыі?

МА: Мікола амаль 4 гады за кратамі, але абсалютна адэкватна ўяўляе, што адбываецца ў свеце. Мы вельмі доўга змагаліся, каб ён вольна атрымліваў газеты. Бо паколькі Мікола не ішоў ні на якія кантакты і кампрамісы, то яны вырашылі ўздзейнічаць, ствараючы перашкоду атрыманню інфармацыі. Мы нібыта дамагліся таго, каб прэсу прыносілі стала. Але як толькі нешта адбываецца ў грамадстве, пачынаюцца перапынкі са СМІ.

Два львы

«НН»: Марына, вельмі цікавіць, а як Вы пазнаёміліся з Міколам?

МА: Пра асабістае я не хачу расказваць, але скажу, што гэта быў 1993 год. Мы сустрэліся ў Доме літаратараў, у кабінеце нашага супольнага сябра на дні яго нараджэння.

«НН»: Мікола — рамантык?

МА: Ён, найперш, шляхціч па крыві са сваім кодэксам годнасці. Сапраўдны годны чалавек па перакананнях. Я думаю, усе шляхцічы — крыху рамантыкі. Пры ўсім тым, што беларусы, канечне, індывідуалісты, але індывідуалісты летуценныя.

«НН»: Вось Вы такая вытанчаная і прыгожая. У мяне напрошваецца пытанне: як у змаганні захаваць у сабе жанчыну?

МА: З мінімальнымі высілкамі. Раней я любіла розныя фізічныя трэніроўкі і фітнэсы, але пачынаючы са снежня 2010 я ўвогуле нічым не займалася, вось толькі нядаўна аднавіла заняткі.

«НН»: Вы з Міколам абое па знаку задыяка львы. Гэты знак з вельмі моцным і складаным характарам. Ці верыце Вы ў гэта? Як увогуле спалучаецеся разам?

МА: Мабыць, гэта ўсё мае пад сабой глебу — знак неяк звязаны з характарам. Невыпадкова, што сярод жонак і матуль палітвязняў столькі львіц. Я ведаю адно: калі табе без чалавека горш, чым побач з чалавекам, то нішто іншае значэння не мае.

«НН»: Вельмі хочацца асцярожна закрануць Вашае асабістае. Наколькі вядома, Вы працяглы час выкладалі ва ўніверсітэце.

МА: Так, я выкладала эпідэміялогію ў Медыцынскім універсітэце. Цяпер я працую ў праваабарончай арганізацыі. У мяне дзве адукацыі. Адна — медыцынская, другая — юрыдычная.

«Бацькі мяне зрабілі такой»

«НН»: Ці лёгка было змяніць прафесію?

МА: Я доўга і пакутліва з гэтым развітвалася. Але калі на двары былі 90-я і запахла пераменамі і іншымі магчымасцямі, я вырашыла паспрабаваць сябе ў іншай галіне. Але я доўга не магла ўявіць, як можна кінуць выкладанне. Але рашэнне было прынятае, і развітанне адбылося ў адно імгненне.

«НН»: Вы моцная жанчына і, па-мойму, бескампрамісная. Што сфармавала ваш характар?

МА: Бацькі. Іх ужо няма ў жывых. Але іх прысутнасць я заўсёды адчуваю праз тое, што яны мне далі і чаму вучылі. Для майго таты рабіць нешта для людзей было гэтак жа натуральна, як дыхаць. Яны былі для мяне прыкладам таго, як трэба радавацца кожнаму дню.

«НН»: А былі моманты, калі апускаліся рукі?

МА: Вядома. Але нельга сябе шкадаваць. Такія думкі цябе разбураюць. Як толькі ты дазволіш сабе гэта, у цябе адразу апусцяцца рукі, ты захварэеш і сапраўды не зможаш нічога рабіць.

Што тычыцца істотных падзей для Беларусі, я заўсёды буду «стаяць на Плошчы». Што б ні было. Іншага для сябе не бачу.

«Мару стаць капрызлівай жанчынай»

«НН»: За той час, пакуль Вы не разам з Міколам, нешта пераасэнсавалі?

МА: У мяне няма адчування, што мы паасобку. Я ўвесь час вяду з Міколам дыялог. Прычым, менавіта дыялог, бо часта мы адначасова пішам адно аднаму пра тое, што думаем. У мяне ёсць адчуванне шчаслівага лёсу і прысутнасці ў ім Міколы.

«НН»: Я адчуваю, што цяпер Вы не дазваляеце сабе быць слабай ні ў чым. А з Міколам было інакш?

МА: Для жанчыны натуральны стан — быць слабай побач са сваім мужчынам. Я, насамрэч, вельмі спешчаная. Часам вельмі хачу, каб гэта ўсё скончылася і я магла б стаць капрызлівай жанчынай. Гэта вельмі прыемна. Калі Мікола вернецца, я яму рахунак выстаўлю, чаго я была пазбаўлена ў гэты час (смяецца). А калі ён выйдзе, я абдыму яго, прытулюся да яго і выдыхну.

***

Марына Адамовіч нарадзілася ў 1961 годзе ў вёсцы Бараўцы Вілейскага раёна. Скончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

12 гадоў працавала ў Медыцынскім інстытуце выкладчыкам кафедры эпідэміялогіі. Сузаснавальнік «Беларускага кнігазбору». Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) з 1996 года.

 

Гутарыла Вольга Гарапучык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930