Знайсці
28.07.2014 / 20:116РусŁacБел

З’явілася афіцыйная біяграфія начальніка ІАЦ Дзербіна: Служыў у МУС, СК, КДБ

Працяглы час пасля прызначэння Аляксея Дзербіна кіраўніком Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта дзяржаўныя СМІ не давалі біяграфію гэтага чалавека. Што зусім не дзіва, бо ў адкрытым доступе не было і біяграфіі яго папяэрэдніка Аляксандра Базанава.

У сярэдзіне мінулага тыдня БелТА такі змясціла кароткія звесткі аб жыцці Дзербіна:

«Дзербін Аляксей Паўлавіч нарадзіўся 23 чэрвеня 1975 у горадзе Мінску. У 1997 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт.

Працаваў у газеце «Беларуский рынок», ДУ «Міжбанкавая валютная біржа», ААТ «Белгазпрамбанк», БДУ, БДЭУ, Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Праходзіў службу ў органах унутраных спраў, Следчым камітэце, Камітэце дзяржаўнай бяспекі.

Жанаты, выхоўвае дачку».

Цікава, што яшчэ напрыканцы 1990-х – пачатку 2000-ых Дзербін меў цесныя кантакты з многімі прадстаўнікамі незалежнага грамадства. У прыватнасці, ён сябраваў з мовазнаўцам Юрасём Бушляковым, сам размаўляў па-беларуску.

Мама Аляксея Галіна Дзербіна – навуковец, чалавек таксама блізкі да беларушчыны. Яна з’яўляецца членам камітэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. А яшчэ выдала ў Польшчы грунтоўнае беларускамоўнае выданне «Права і сям'я ў Беларусі эпохі Рэнесансу».

У функцыі Інфармацыйна-­аналітычнага цэнтра ўваходзіць забеспячэнне Аляксандра Лукашэнкі і Адміністрацыі прэзідэнта сацыялагічнай інфармацыяй. На сайце напісана, што ІАЦ займаецца «фарміраваннем стратэгічных накірункаў дзяржаўнай палітыкі».

Ведамства ў розныя гады ўзначальвалі Ніна Шпак і Алег Праляскоўскі. Апошнім кіраўніком ІАЦ быў Аляксандр Базанаў, які прыйшоў туды з КДБ. Сёння стала вядома, што Базанаў стаў намеснікам гендырэктара «Белтэлекама».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера