Знайсці
28.07.2014 / 17:381РусŁacБел

Гарачыня да 30—35 градусаў затрымаецца ў Беларусі на тыдзень

Пра гэта паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

«Згодна з кліматычным аналізам летняга сезона, «макаўка лета» ў Беларусі звычайна прыпадае на канец ліпеня — пачатак жніўня.

Усе экстрэмальныя значэнні лета назіраліся менавіта ў гэты перыяд», — сказала Людміла Парашчук.

Самы гарачы ліпеньскі дзень быў зарэгістраваны 30-га 1936 года ў Гомелі, калі тэмпература паветра дасягнула плюс 37,9 градуса, самы гарачы дзень жніўня з тэмпературай у разгар дня 38,9 градуса быў адзначаны ў гэтым жа горадзе 8-га чысла 2010 года.

Паводле слоў галоўнага сіноптыка, гэтым летам надвор'е прадказальнае. Як і чакалася, самыя гарачыя дні прыпалі менавіта на другую палову ліпеня — першыя даты жніўня. «Галоўнай прычынай такой сінаптычнай сітуацыі стаў шырокі цёплы скандынаўскі антыцыклон, які, перамясціўшыся на тэрыторыю Паволжа, пакінуў Беларусь на сваёй заходняй частцы. І цяпер разам з паўднёвымі патокамі ў краіну паступае трапічнае паветра», — расказала Людміла Парашчук. Ва ўмовах невялікай воблачнасці і ўсё яшчэ вялікай працягласці светлавога дня паветра добра праграваецца.

Да канца ліпеня ў многіх раёнах Беларусі дзённая тэмпература паветра чакаецца ў межах плюс 30-35 градусаў. Не так горача будзе толькі ноччу.

Так, за гарадской мяжой прагназуецца ад 14 да 16 градусаў цяпла. У вялікіх гарадах паветра будзе астываць да 17-21 градуса са знакам плюс.

Пад аховай вобласці павышанага атмасфернага ціску ў асноўным будзе без ападкаў. «Дажджы будуць праходзіць толькі месцамі. Такі тэмпературны фон на 5-9 градусаў перавысіць кліматычную норму», - дадала Людміла Парашчук.

Жнівень стартуе таксама гарачым надвор'ем.

У пятніцу тэмпература паветра ноччу складзе плюс 16-22 градусы, днём паветра прагрэецца ад 30 да 35 градусаў, па паўночным захадзе, дзе чакаецца больш воблачнасці, прагназуецца 27-29 градусаў са знакам плюс. Месцамі па паўночным захадзе рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы.

У выхадныя тэмпература паветра ноччу складзе плюс 16-22 градусы, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да 30-35 градусаў цяпла. У асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы.

Паводле папярэдняга прагнозу, істотнага змянення ў развіцці атмасферных працэсаў не прадбачыцца і ў наступныя дні.

«Чаканае надвор'е нельга назваць рэкордна гарачым. Але калі ўлічыць, што гарачае надвор'е прадоўжыцца, прынамсі, два тыдні, неабходна памятаць аб элементарных правілах паводзін у такіх умовах, у тым ліку старацца часцей знаходзіцца ў цяні, піць больш вадкасці», - папярэдзіла Людміла Парашчук.

У сувязі з гарачым і ў асноўным сухім надвор'ем у лясах Беларусі рэзка павялічваецца пажаранебяспечнасць. «Не забывайце аб гэтым, адпраўляючыся ў лес, і будзьце вельмі асцярожныя з агнём», - дадала спецыяліст гідраметэацэнтра.

БелТА

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930