Знайсці
27.07.2014 / 10:5724РусŁacБел

Дваццаць чатыры гады таму Беларусь здабыла дзяржаўны суверэнітэт

Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце 27 ліпеня 1990 года прыняў Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ўваходзіла ў склад СССР.

З 1991-га па 1996 год да гэтай даты было прымеркавана галоўнае нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці.

У жніўні 1991 дэкларацыя атрымала статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі ўнесеныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР 1978 года.

19 верасня 1991 г Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб назве рэспублікі, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь.

Была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

У снежні 1991 года ў беларускіх Віскулях кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны дэнансавалі дагавор 1922 года аб утварэнні СССР.

Новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая 15 сакавіка 1994 года.

Улетку 1994 года ў Беларусі прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары. Менш чым праз год пасля перамогі на іх Аляксандра Лукашэнкі, 14 мая 1995-га, у краіне прайшоў ініцыяваны ім рэферэндум, па выніках якога была змененая дзяржаўная сімволіка, а руская мова атрымала статус другой дзяржаўнай.

Дата галоўнага дзяржаўнага свята была зменена па выніках яшчэ аднаго рэферэндуму, праведзенага 24 лістапада 1996.

Дзень незалежнасці сталі адзначаць 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Напярэдадні гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі 26 ліпеня актывісты грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» (зарэгістраванае ў Латвіі) вывесілі бел-чырвона-белы сцяг каля будынка райвыканкама ў Дзяржынску (Мінская вобласць).

Акрамя таго, на гарадскіх афішах і прыпыначных пунктах былі расклееныя плакаты «За незалежную Беларусь!», «Беларусь — не Расея!».

«Тым самым мы павіншавалі горад з гадавінай абвяшчэння незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Бел-чырвона-белы сцяг — гістарычная сімволіка нашай краіны, гэта сцяг свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай дзяржавы, гэта памяць пра вялікае ВКЛ. Для кожнага сапраўднага беларуса гэта святая і велічная сімволіка», — прыводзіць прэс-служба арганізацыі словы аднаго з удзельнікаў акцыі. Інфармацыя пра затрыманні не паступала, паведамляе БелаПАН.

Паводле БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера