Знайсці
22.07.2014 / 00:4937РусŁacБел

Дзяніс Блішч выказаўся за вяртанне Пагоні і бел-чырвона-белага сцяга

Рэдактар Анлайнера, які летась уступіў у нашумелую спрэчку з блогерам Будзімірам, напісаў у сваім блогу незвычайны артыкул.

ТОП добрага, што ёсць у Беларусі, выклікаў які-ніякі рэзананс у благасферы. У асноўным водгукі былі станоўчымі, я атрымаў некаторую крытыку, але ў любым выпадку, відаць, структураваў думкі дакладна. Сёння я прапаную свой асабісты рэйтынг усяго таго, што здаецца мне вызначальным у развіцці краіны. Ён можа парадаксальным чынам перагукацца з рэйтынгам добрага, але вы ўбачыце — усё лагічна.

1. Эгаізм і зайздрасць беларусаў

Бярэм з месца ў кар'ер. Я не знайшоў лепшых адпаведнікаў таму, пра што хачу напісаць, акрамя «эгаізму» і «зайздрасці». Што я маю на ўвазе: у характары беларусаў — няўменне радавацца за поспехі далёкіх і блізкіх людзей. Паспяховы чалавек у нашым грамадстве часта робіцца аб'ектам абструкцыі, тое жа пераносіцца на маштаб кампаній і нават краіны. Я ўпэўнены, што менавіта з-за гэтай якасці прынята ганіць усё беларускае. Іншымі словамі, нашаму суайчынніку прасцей прыняць няўдачу суседа, чым яго поспех; няўдачу краіны, чым яе поспех.

Гэта дэструктыўная рыса характару, якая замінае развівацца грамадству і дзяржаве ў цэлым. Рыса робіць рознымі, не дае ўсталявацца моцным сувязям унутры малых і вялікіх груп людзей, знайсці агульны вектар намаганняў. Просты прыклад: рабочы на заводзе, які робіць больш за норму, заўсёды адчувае на сабе прэсінг з боку гультаяватых калегаў. Цягнуцца ўслед за паспяховым працаўніком хто не хоча, а хто не можа, а падзяліць радасць з ім не атрымліваецца.

2. Безнацыянальнае несвядомае

Беларусы не адчуваюць сябе нацыяй, не атаясамліваюць з грамадскасцю па нацыянальнай прыкмеце. Вінаваціць у гэтым прынята савецкія ўлады, але на самай справе савецкія ўлады для росту нацыянальнай самасвядомасці рабілі больш за улады цяперашнія (больш — не шмат, проста больш). А вось улады цяперашнія паслядоўна згортвалі нацыянальныя настроі, бачачы ў гэтым пагрозу стабільнасці саміх сябе.

Дзіўна, але сітуацыя ва Украіне наглядна дэманструе, што адзіная нацыя можа толькі заставацца рэальнай прыладай у барацьбе за незалежнасць.

Выкажу тут жа думку, што толькі адно вяртанне бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» ў якасці герба можа стаць моцным інструментам па аб'яднанні нацыі.

3. Эканамічны тупік

Па службовых абавязках і ў асабістых мэтах я з некаторай рэгулярнасцю бываю ў Польшчы. Параўноўваць Беларусь з гэтай краінай мне хаця б зручна яшчэ і таму, што я бываў у ёй у 90-я. Многія могуць памятаць, што ў тыя гады беларусы ехалі туды не па закупы, яны самі закупы прывозілі да палякаў. Вусатыя аматары клёцак гатовыя былі скупляць цвікі і сталярны клей і яшчэ вууунь тых вяхотак тры кіло.

Па беларускіх паняццях Польшча з тых часоў зрабіла гіганцкі скачок наперад. Гэта краіна мільёнаў іпэшнікаў, фірмачкаў і фірмаў, гэта дзяржава, дзе кожны жыхар — прадпрымальнік, які воляй-няволяй абірае шлях бізнэсмена. У нейкі час народ застаўся без працы, але з дзейнымі законамі для прыватнага бізнэсу.

І здарылася дзіва. Няхай не так хутка, як бывае ў казках, але на фоне Беларусі яно ўсё ярчэйшае і прывабнейшае. Прыватны бізнэс падняў краіну з руінаў, прыцягнуў бізнэс буйны і ператварыў краіну. Я нават не ведаю, як апісаць Польшчу — яе проста трэба бачыць. Вяртанне з-за Буга ў Беларусь цяпер падобна да тэлепартацыі ў дэкарацыі месяцовага пейзажу.

Беларускія ж улады аддалі перавагу пакідаць эканоміку больш у дзяржаўных руках, а эканамічнай гісторыі даўно вядома, чым гэта багата. Адсутнасць канкурэнцыі, барацьба за крэслы, а не за якасць прадукцыі, адсутнасць стымулаў у шараговых работнікаў рабіць больш і лепш… Увогуле, нічога добрага. Эканоміка датацый, свежанадрукаваных грошай і сацзабеспячэння для ўсіх запар.

Недзе прачытаў цікавую думку: многія еўрапейскія заводы з харчовай галіны маюць значна горшае абсталяванне, чым мадэрнізаваныя беларускія. Але парадаксальным чынам вырабляюць лепшую прадукцыю. Нешта тут не так з Беларуссю.

4. Ідэалогія мінулага

Ужо шмат гадоў беларусаў спрабуюць прызвычаіць да думкі, што наша велічнасць як нацыі грунтуецца на перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Ніколькі не прымяншаю важнасці перамогі і подзвігу беларускага народа, але не магу не адзначыць, што будаваць светлую будучыню гэты подзвіг не матывуе.

Нацыю не прымусіш адчуваць сябе вялікай. Патрыётаў не рыхтуюць ва ўніверсітэтах і падручнікаў па патрыятызме не выдаюць. Нацыю немагчыма навучыць ганарыцца самой сабой, паказваючы ветэранаў на плошчы і фільмы пра вайну па тэлевізары, па адной простай прычыне: ніхто, акрамя ветэранаў, не можа атаясамліваць сябе з Перамогай. Гонар, калі ў кагосьці і з'яўляецца, заканчваецца пасля салюту 9 мая. Пасля выпітага на кухні за загінулых продкаў.

Што ж можа быць па-за часам, што можа матываваць на будучыню і чым ганарыцца ўжо сёння? Я, можа, выкажу абсурдную думка, але гонар — гэта нешта накшталт дзяржаўнага брэнда, выяўленага ў асаблівасцях краіны ці таварах, ёю вырабленых. У чыстых вуліцах Мінска (прабачце за баян) больш здаровай ідэалогіі, чым у чорна-жоўтых стужках, пачэпленых па горадзе. У духмяным «Нарачанскім» хлебе больш роднага, больш Радзімы, чым у парадзе тэлевізараў пад ваенныя маршы 3 ліпеня.

Таму танкі, штогод псуючы асфальт у цэнтры Мінска, руйнуюць не толькі вуліцы, але і тое нацыянальнае, што яшчэ ў нас ёсць (добрыя дарогі).

5. Спрачацца нельга трываць

Зноў вярнуся да ментальнасці, да легендарнай памяркоунасцi беларусаў. Я зараз не столькі пра плошчы і забастоўкі, хоць і пра іх таксама, а пра побытавую пакору. Увогуле, не самая дрэнная рыса, ад яе не паміраюць.

Галоўная небяспека талерантнасці ў адсутнасці барацьбы за лепшае. Сёння ты пагаджаешся на лёгкі ціск абставінаў, заўтра абставіны душаць цябе і ператвараюць у пакорнага зомбі. У спрэчках нараджаецца ісціна, шукаюцца кампрамісы і падпісваюцца дамовы на ўзаемавыгадных умовах. У пакоры дамова заўсёды на карысць аднаго боку, а агульнага развіцця няма ні ў кога.

Беларусы зараз настолькі глыбока загразлі ў пакоры, што ад гэтага пачынае пакутаваць дзяржава. Народ справядліва мяркуе, што дзяржава заўсёды лічыць сябе разумнейшай, вось зараз няхай і расхлёбвае праблемы (і не забывае плаціць абяцаныя $500, ха-ха!). А калі народ спрабаваў запярэчыць, дзяржава аддавала перавагу яму затыкаць рот.

Абодва бакі добрыя, а памяркоўнасць усяму прычына.

* * *

Ах так, вы можаце спытаць, а дзе ж Лукашэнка ў гэтым рэйтынгу? Яго не было ў мінулым, няма і цяпер… Тут насамрэч усё проста: Лукашэнка такі ж, як апісаны сярэднестатыстычны беларус — з адмоўнымі і станоўчымі рысамі. Мяне складана западозрыць у сімпатыях да яго палітычных метадаў, але было б недарэчна думаць, быццам у яго няма рэальнай падтрымкі ў грамадстве.

blisch.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера