Знайсці
24.05.2017 / 19:1157РусŁacБел

Ліберал, які стаў жандарам. Гісторыя жыцця Сямёна Шапіры

было апублікавана ў снежні 2013 года.

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Сямёна Шапіру старшынёй Мінскага аблвыканкама. Апошнія некалькі гадоў той кіраваў Гродзеншчынай.

«Я Сямёна Барысавіча бачыў ва ўрадзе, але ён хоча займацца жывой працай», — сказаў на наступны дзень кіраўнік дзяржавы. Значыцца, у Шапіры ёсць перспектывы вярнуцца ў міністэрскае крэсла, а то і скочыць вышэй?

Да яго прыцягнута больш увагі, чым да некаторых яго безаблічных калег.

Макей, Латушка, Шапіра… На кожнага з іх ускладаліся пэўныя надзеі па «ачалавечванні» дзяржаўнага апарата.

Ад іх патрабавалася калі не апраўдаць надзеі, то хаця б не надта расчараваць. Ці ўдалося гэта Шапіру?

Калі б не гучны скандал са звальненнем гродзенскіх гісторыкаў, задачу можна было б лічыць выкананай.

«Шапіра разумны ды цынічны, — кажа адзін з «пацярпелых» ад дзеянняў губернатара Андрэй Чарнякевіч. — Пры іншых умовах быў бы выдатным лібералам. Аднак цяпер запатрабаваныя жандары…»

Яўрэй з няпростай сям’і

Чым Сямён Шапіра вылучаецца сярод іншых высокіх чыноўнікаў?

Па­-першае,

гэта адзін з нямногіх выхадцаў з «няпростых» сем’яў.

Большасць лукашэнкаўскіх чыноўнікаў — гэта вяскоўцы, якія, прыехаўшы ў горад вучыцца, праўдамі і няпраўдамі дасягалі свайго высокага статусу.

У Сямёна Шапіры — сына прафесара, лаўрэата савецкіх медалёў і ордэнаў, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР — сітуацыя была іншая.

Па­-другое…

тэрмін «пятая графа» добра вядомы для Шапіры.

Наколькі ён перашкаджаў ці, наадварот, дапамагаў Шапіру рабіць кар’еру, ведае толькі ён сам.

Аднавяскоўцы ж перакананыя, што

менавіта нацыянальнасць не дазволіла ягонаму бацьку атрымаць званне Героя сацыялістычнай працы.

А самога Сямёна, які ў школе не даваў спісваць аднакласнікам, дражнілі. «Толькі пра гэта не трэба пісаць, — смеючыся, удакладняюць яны. — Мы ж не са злосці. Ён выдатнік быў, а мы сераднячкі».

Як гарадскі навучыў вяскоўцаў

Родная вёска новапрызначанага губернатара — вёска Рачэнь Любанскага раёна. Што памятаюць пра славутага земляка і яго бацькоў на малой радзіме? «Сяброў Шапіры шукаеце? Едзьце да Канстанціна Верамейчыка», — раіць першы ж мінак.

Бацька Сямёна, Барыс Міронавіч (Мееравіч), жыў у хаце Верамейчыкаў, калі апынуўся ў Рачэні. Шапіра-старэйшы прыехаў пасля заканчэння Гомельскага педінстытута, каб працаваць настаўнікам гісторыі. Сам ён нарадзіўся на Рагачоўшчыне, на мяжы Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

Папрацаваўшы пару гадоў настаўнікам, Шапіра перабраўся ў суседні Турок, ужо на пасаду дырэктара Асавецкай школы.

Вяртанне ў Рачэнь было трыумфальным, хоць і нечаканым. «Барыс быў самародак, — узгадвае Канстанцін Верамейчык. — Мы здзіўляліся, як можа гарадскі настаўнік так добра разбірацца ў сельскай гаспадарцы?»

Вось мясцовыя жыхары і запатрабавалі прызначыць Барыса старшынёй калгаса. Месца вызвалілася пры трагічных абставінах.

«Гэта ж цяпер карупцыя. А тады піць — пілі, затое не кралі. Ні калгаснікі, ні начальства. Не прынята было», —

расказвае спадар Канстанцін. Так папярэдні старшыня і спіўся…

Узначальваць калгас Барыс не надта хацеў, са смехам казаў сябрам, што яго падманулі. «Як ні адбіваўся, партыя загад не адмяніла, — расказваў Шапіра­старэйшы мясцовай газеце «Голас Любаншчыны». — Калі прыехалі на калгасны сход у клуб, людзі не змяшчаліся, але ў залу мяне прапусцілі. Народ, што ўжо быў там, убачыў нас з сакратаром райкама, устаў, заапладзіравалі… А сакратар і кажа: маўляў, дазвольце лічыць вашы апладысменты адзінагалосным абраннем».

Беларускамоўны інтэрнацыянал

У той час Барыс ужо быў жанаты. Жонка Ганна Навумаўна таксама нарадзілася на Гомельшчыне і таксама была настаўніцай — выкладала матэматыку.

«Яны пазнаёміліся ў Асавецкай школе. Ганна ж таксама была габрэйкай. Іх габрэі і звялі… Яны ж звычайна такія, што імкнуцца разам трымацца», —

расказвае яе сяброўка, таксама настаўніца матэматыкі Мар’ям Сайфулінаўна Скрыган.

Татарская дзяўчына прыехала на Любаншчыну з Туркменістана. Гэта не перашкодзіла ёй вывучыць беларускую мову і выкладаць у мясцовай школе па-беларуску. Для вучняў яе імя і імя па бацьку былі занадта складанымі, таму вяскоўцы «спрасцілі» да Марыі Сафіеўны.

«Гэта ж мы між сабой на трасянцы размаўляем. А калі трэба ўрок весці ці нейкую дакументацыю запоўніць — то ўсё выдатна па-беларуску робім»,

 тлумачыць Ганна, колішняя вучаніца маці Шапіры. Цяпер яна сама вучыць дзяцей матэматыцы ў Рачэньскай школе.

Дырэктар-рэфарматар

Вярнуўшыся ў Рачэнь, Барыс Шапіра пачаў рэформы ў мясцовым калгасе.

Ён змяніў сістэму арганізацыі вытворчасці. Замест вялікіх брыгад стварыў невялікія «звёны», якія адказвалі за ўвесь тэхналагічны цыкл. Капіталістычны прынцып: больш вырабіў — больш зарабіў.

І ў Шапіры ўдалося. Гаспадарка і да яго мела нядрэнныя паказчыкі, а пры ім стала самай ураджайнай і надойнай у вобласці.

«Калгас не ведаў, куды грошы траціць! Давалі «трынаццатыя зарплаты», пабудавалі Дом культуры, сталовую, краму, у хаты правялі водаправод… Пасля Шапіры ўжо ніхто нічога не будаваў. Ён навучыў нас, як трэба жыць», —

узгадваюць вяскоўцы.

«Барыс быў строгім, але справядлівым. Быў патрабавальным нават да сваіх родных, — узгадвае Мар’ям Сайфулінаўна. — Ён забараніў жыхарам рэзаць цялятаў. Маўляў, калі трэба — то здавайце ў калгас. А жонка цішком купіла ў суседкі цяля і зарэзала. Дык ён лаяўся на Ганну: «Чаго мае загады не выконваеш?!»

Вялікая сям’я

Поспехі Рачэні заўважылі ў Мінску, і Барыса Шапіру абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. А ён сам уладкаваўся ў Беларускі навукова-даследчы інстытут аграрнай эканомікі — навукова абгрунтоўваў свае напрацоўкі і ўкараняў іх па ўсёй краіне.

У Мінск Шапіры ехалі з двума дзецьмі, яшчэ адным Ганна была цяжарная. Першынец Навум, названы ў гонар дзядулі па матчынай лініі, нарадзіўся яшчэ ў Асаўцы. Ён знайшоў сябе ў будаўнічай сферы, працаваў начальнікам у адным са сталічных будаўнічых трэстаў. Сярэдні, Сямён, з’явіўся на свет у Рачэні, а малодшы, Андрэй, — ужо ў Мінску. Цяпер ён жыве ў Германіі і працуе праграмістам.

Браты не цураліся вясковай працы, расказваюць суседзі. Калі іншыя дзеці бачылі сыноў старшыні на дапаможных працах у калгасе, пыталіся: «Мы прыйшлі, каб на цукеркі зарабіць, а вы чаго прыйшлі? Хіба ў вас грошай няма?» —

«Мы прыйшлі дапамагаць роднаму калгасу!» — з гонарам адказвалі малыя Шапіры.

Трэцякласнік Сямён крайні справа ў цэнтральным шэрагу.

Сціплы студэнт

«Сямён жа ўладкаваў маці на працу! — смяецца настаўніца Ганна. — Тая была ў дэкрэтным адпачынку з меншым Андрэем. Сямён пайшоў вучыцца ў мінскую школу каля дома і даведаўся, што там якраз бракуе настаўніцы матэматыкі. Дык Ганна Навумаўна туды і ўладкавалася».

Пасля школы будучы губернатар паступіў у наргас (цяперашні БДЭУ). Сын Канстанціна Верамейчыка быў на некалькі гадоў старэйшым за Сямёна, аднак ва ўніверсітэце яны вучыліся на адным курсе, бо Шапіра не пайшоў у войска. Зрэшты,

гэта не перашкодзіла яму разам з іншымі губернатарамі летась атрымаць пагоны генерал­маёра з рук Аляксандра Лукашэнкі…

«Я свайму сыну яго заўсёды ў прыклад ставіў. Мой — то ў джынсах, то ў нейкіх штанах жоўтых… — смяецца Верамейчык. —

А Сямён у простым касцюме хадзіў, хоць і бацькі багатыя. Пакуль не зносіць — ходзіць у адным касцюме».

Адаптацыя да рынку

Барыс Шапіра ў 1970-я, яшчэ працуючы старшынёй калгаса, абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Інтэнсіфікацыя малочнай жывёлагадоўлі». Праз дваццаць гадоў ён стаў доктарам эканамічных навук, абараніўшы даследаванне «Арганізацыя працы ў сельскай гаспадарцы». Аўтарству Барыса Шапіры належаць некалькі сотняў навуковых прац. Напрыклад, ён займаўся абгрунтаваннем новай канцэпцыі, паводле якой заробкі калгаснікаў фарміраваліся не ад аб’ёмаў выкананай працы, а ад атрыманай прадукцыі з улікам колькасці і якасці.

А ў 1990-я заняўся практычнымі прапановамі па адаптацыі калгасаў і саўгасаў да рынкавых умоваў.

Навуковая кар’ера ў бацькавым інстытуце

У 1983—1989, пасля заканчэння наргаса, Сямён Шапіра працаваў у саўгасе «Камсамолец», адтуль перабраўся ў калгас «Маяк». Гэта ўсё Дзяржынскі раён.

Тады ж ён пачаў ісці па шляху бацькі, спалучаючы працу і навуковыя даследаванні на эканамічную тэматыку.

Сямён Шапіра рабіў навуковую кар’еру ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце аграрнай эканомікі — тым самым, дзе больш за 30 гадоў працаваў ягоны бацька.

Сямён давучыўся ў аспірантуры ў 1991-м. Тады ж, імаверна, ён і стаў кандыдатам эканамічных навук. Аднак аўтарэферат ягонага даследавання ў электронным каталогу дысертацый Нацыянальнай бібліятэкі знайсці не ўдалося.

Дактарантуру ён скончыў у 1999-м. У той час Сямён Шапіра быў… дырэктарам інстытута, у якім вучыўся. Нонсэнс, кажуць пра гэту сітуацыю навукоўцы.

Тэмай даследавання Сямёна стала «Кіраванне ў аграпрамысловым комплексе пры фарміраванні рынкавых адносін». Як найбольш эфектыўна перайсці ад планавай да рынкавай эканомікі? Ён прапаноўваў рэформу Міністэрства сельскай гаспадаркі: скараціць кіруючы апарат на 50% і накіраваць дзяржслужачых у сферу вытворчасці.

Стваральнік аграпрамысловых комплексаў

У пачатку 1990-х Сямён Шапіра вызначыўся з грамадскай пазіцыяй.

«Ён актыўна працаваў у аргкамітэце па распрацоўцы праграмы і статута Грамадзянскай партыі. Па сваіх унутраных перакананнях Шапіра нібыта ліберал. Гэта быў адзін з нямногіх аграрыяў, якія разумелі, што калгасная сістэма асуджаная. Іншая справа, што цяпер ён вымушаны падтрымліваць гэтую сістэму», —

кажа Васіль Шлындзікаў, былы прэзідэнт «Амкадора», які ў сярэдзіне 1990-х быў сустаршынёй партыі.

Шапіра дагэтуль не пісаў заяву на выхад з арганізацыі,

удакладняе ён.

Пасля двух гадоў працы дырэктарам інстытута Сямён Шапіра стаў дырэктарам дэпартамента эканомікі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі.

Менавіта яму прыпісваюць ідэю стварэння буйных аграпрамысловых комплексаў ва ўсёй краіне.

А сам Шапіра, пралабіраваўшы ўзбуйненне агракамбіната «Дзяржынскі», у 2004-ым стаў яго дырэктарам. Не атрымліваючы вялікіх дзяржаўных датацый, ён дэманстраваў добрыя вынікі працы. Мясцовая гаспадарка дагэтуль адна з найлепшых у краіне.

З Дзяржынска Шапіра перасеў у крэсла міністра сельскай гаспадаркі.

Дарэчы, праз некалькі гадоў тым самым шляхам — з «Дзяржынскага» ў міністры — прайшоў ягоны наступнік Леанід Заяц. Сямён Шапіра тады ўжо шчыраваў у Гродне.

Жорсткі як Лукашэнка

Папярэднік Шапіры на пасадзе гродзенскага губернатара Уладзімір Саўчанка пратрымаўся на гэтым месцы амаль дзесяць гадоў, заслужыўшы славу знішчальніка гістарычнай часткі Гродна. Пачуць пра Саўчанку хоць якое добрае слова было складана — імідж самадура замацаваўся за ім трывала.

На ягоным фоне любы новы начальнік глядзеўся выйгрышна.

На свабодалюбівай Гродзеншчыне ад Шапіры чакалі хаця б чалавечага стаўлення да людзей. Нездарма ў 2010-м падчас падвядзення вынікаў года «Наша Ніва» назвала ягоную асобу ў намінацыі «Аванс года».

Але якім жа трэба быць кіраўніком, каб Лукашэнка заявіў на ўсю краіну пра тваю жорсткасць?

«Сямёну Барысавічу ўласцівы рэзкаваты стыль працы. Пасля такога часу жорсткага кіравання вобласцю … будзе нядрэнным больш спакойны стыль, больш інтэлігентны. Шапіра па стылі прыкладна як прэзідэнт, вельмі рэзкі, жорсткі», —

заявіў кіраўнік дзяржавы падчас прызначэння Шапіры на новую пасаду.

Публічны палітык

А Шапіра насамрэч працаваў як Лукашэнка: ладзіў бясконцыя папулісцкія прэс­канферэнцыі і рабіў выгляд эксперта ў любой галіне. Фактычна, ён адзіны з губернатараў паводзіў сябе як сапраўдны палітык, а не «моцны гаспадарнік», прызначаны глядзець эканоміку, і нічога больш.

Сёлета губернатар пачаў разбірацца з заробкамі гродзенскіх футбалістаў. Як выявілася, трэнер мясцовага «Нёмана» Сяргей Саладоўнікаў зарабляе неадэкватныя 24 мільёны рублёў.

«Гэта заробак трох маіх намеснікаў!» — публічна абураўся Шапіра.

І папрасіў пралічыць, колькі каштавала бюджэту кожная хвіліна знаходжання на полі замежнага футбаліста «Нёмана» з заробкам 32 мільёны рублёў.

Скандал 2012 года — паўсюдная высечка лесапалосаў уздоўж дарог на Гродзеншчыне. Адказнасць за прыняцце рашэння не браў на сябе ніводны мясцовы начальнік, ківаючы ў бок кіраўніцтва аблвыканкама, маўляў, дурны загад прыйшоў адтуль.

А былі ж яшчэ і сутычкі гродзенскіх чаўнакоў з АМАПам… Гандляры патрабавалі сустрэчы з губернатарам. Той прыехаў, але цярпення яму хапіла ненадоўга. Раззлаваўшыся, Шапіра з’ехаў. Пачаўся хапун.

На гэтым фоне губляюцца і некалькі паспяховых інфраструктурных праектаў, напрыклад, заканчэнне будаўніцтва аб’язной трасы «Мінск — мяжа з Польшчай» і кальцавой гродзенскай дарогі.

Паддывановая барацьба

Аднак на публіку выносілася далёка не ўсё. Пра імгненную змену кіруючай эліты ў Шчучынскім раёне грамадскасці стала вядома дзякуючы расследаванню блогера d-zholik.

Новым старшынёй райвыканкама нечакана прызначылі 32-гадовага Сяргея Ложачніка. Гэта самы малады раённы кіраўнік у краіне!

Ложачнік рабіў кар’еру ў агракамбінаце «Дзяржынскі» і Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Па «дзіўным» супадзенні гэтыя ўстановы ўзначальваў менавіта Шапіра.

У той жа час у Шчучынскім раёне змяніліся начальнік мясцовай міліцыі, пракурор і галоўны суддзя. На іх месца таксама прыйшлі малавядомыя маладзёны, прычым прыезджыя з іншых рэгіёнаў. Супадзенне? Наўрад ці.

Цяпер жыхары раёна гадаюць, ці павылятаюць новыя начальнікі са сваіх пасадаў услед за сыходам Шапіры…

Ціхі беларусізатар

Шапіра запомніўся і спробай мяккай беларусізацыі гродзенскіх чыноўнікаў. У канцы 2010-га, падчас грамадска­палітычнай лібералізацыі ў краіне, Гродзенскі аблвыканкам перайшоў на беларускую мову.

Гэта быў не загад, а «пажаданне» губернатара. У выніку нарады пачалі праводзіцца па-беларуску, ды і дакументацыя вялася на нацыянальнай мове.

На публіцы Шапіра на ўсялякі выпадак адхрышчваўся ад аўтарства эксперыменту, а пасля разгрому Плошчы і ўвогуле спыніў ініцыятыву.

Аднак сёлета з аблвыканкама зноў прыйшлі чуткі: неафіцыйная беларусізацыя аднаўляецца.

Пошук ворагаў

З такім багажом можна было б прэтэндаваць на званне галоўнай надзеі беларускіх патрыётаў…

Калі б не скандал з «Гродназнаўствам» і расправа з ягонымі аўтарамі. Шыкоўна выдадзеная кніга гродзенскіх гісторыкаў знікла з продажу, а яны самі трапілі ў няласку, іх выгналі з універсітэта.

Замест таго, каб адмаўчацца, Шапіра вырашыў прадэманстраваць сваю «шчырасць». «Наконт Чарнякевіча прымаў загад я асабіста», — раскрыў таямніцу звальнення гісторыка і дацэнта ГрДУ Шапіра.

«Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжою. За чые грошы? — абураўся ён падчас прэзентацыі новага рэктара ўніверсітэта. — Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!»

Канчаткова шакаваў прысутных Шапіра, заявіўшы, што рэгулярна чытае зводкі КДБ: «Ва ўніверсітэце шаснаццаць чалавек, якія заклікаюць звергнуць уладу!»

 ***

Сям’я

Сямён Шапіра ажаніўся з дзяўчынай з Обчына — вёскі, суседняй з роднымі Рачэнямі. Беларуска Антаніна працавала аграномам.

У сям’і двое дзяцей. Старэйшы, Андрэй, нядаўна справіў вяселле, узгадалі вяскоўцы. А малодшая дачка Ганна вучыцца на другім курсе юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

фоты з інстаграма Ганны Шапіры.

Гены пальцам не раздушыш: падчас мінулай сесіі Ганна атрымала сярэдні бал «9,4». Гэта найлепшы паказчык сярод аднакурснікаў і трэці ў цэлым на юрфаку.

Нерэлігійныя габрэі

Навукоўцы ўказваюць некалькі магчымых варыянтаў утварэння прозвішча «Шапіра». Гэта альбо слова «дасканалы» ў арамейскай мове, альбо «сапфір» у сярэдне­верхне-нямецкай. Паводле іншай версіі, прозвішча распаўсюдзілася дзякуючы равінам, які пасля пагромаў у заходненямецкім горадзе Шпаеры ў ХІ стагоддзі рассяляліся па суседніх краінах.

Але габрэйскіх традыцый Шапіры не трымаліся, узгадваюць вяскоўцы. Зрэшты і іншых вяскоўцаў рэлігійнымі назваць складана — у Рачэні дагэтуль няма ніводнай царквы.

* * * 

Першы час у Гродне Шапіра жыў у сціплай гасцініцы. А пасля аблвыканкам адрэстаўраваў шыкоўны асабняк у цэнтры горада.

* * * 

Хату ў Рачэні Шапіры прадалі, калі пераязджалі ў сталіцу.

* * *

Сямён Шапіра

Нарадзіўся ў 1961 у вёсцы Рачэнь на Любаншчыне. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (1983). Працаваў галоўным эканамістам і старшынёй калгасаў у Дзяржынскім раёне. У 1999—2004 — у структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі, у 2004—2008 — генеральны дырэктар агракамбіната «Дзяржынскі». У 2008—2010 — міністр сельскай гаспадаркі. У 2010-2013 — старшыня Гродзенскага аблвыканкама, з лістапада 2013 — старшыня Мінскага аблвыканкама.

* * *

Апытанка

Адар’я Гуштын, Ягор Марціновіч, Рачэнь—Мінск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930