Знайсці
25.11.2005 / 13:00РусŁacБел

Дзікае паляваньне па Мілінкевічавых сьлядах

Жыхары Баранавічаў хацелі б, каб начальніцы ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Тацяне Жытко быў забаронены ўезд у Эўропу. Які закон дазваляе караць за сустрэчу з палітыкам?

Першыя рэпрэсіўныя захады па сустрэчы зь Мілінкевічам у Баранавічах распачаліся ў дзень самой сустрэчы, 11 лістапада. Начальніца ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Тацяна Жытко адразу пасьля сустрэчы прыехала ў эканоміка-юрыдычны каледж. Разам з супрацоўнікам КДБ яна перапісала ўсіх навучэнцаў, што прысутнічалі на занятках.

На наступны дзень на размовы пачалі выклікаць тых, хто адсутнічаў. Чыноўнікі разам з кіраўніцтвам навучальных устаноў разглядалі зробленыя спэцслужбамі фатаздымкі — распазнавалі сваіх навучэнцаў. У навучальныя ўстановы выклікаліся бацькі. Навучэнцам каледжу, што бралі ўдзел у сустрэчы зь Мілінкевічам каля БарДУ, сказалі, што ім туды ўжо ніколі не паступіць. Большасьць маладзёнаў пераляканая, навучэнцы сядзяць як мышы пад венікам. У некаторых па выхадзе з кабінэту трэсьліся рукі. Чыноўнікі паказалі маладым людзям, як будуць перасьледавацца любыя антырэжымныя праявы. Рэктар БарДУ Качурка ўсю віну скінуў на настаўнікаў каледжу. Маўляў, мае студэнты ў апазыцыйнай сустрэчы ня ўдзельнічалі, усё гэта навучэнцы каледжу.

Дырэктар каледжу Сокал выклікаўся да намесьніка міністра адукацыі А.Жука, дзе яго папярэдзілі пра будучую сьнежаньскую атэстацыю. Пасьля давялося ехаць у аблвыканкам. Была сустрэча і з намесьнікам гарвыканкаму. Вымовы атрымалі намесьніцы дырэктара па ідэалягічнай працы і па выхаваньні за недахопы ў ідэалягічнай працы. Кіраўніцтва навучальнай установы атрымала папярэджаньне аб магчымасьці закрыцьця каледжу.

Каб неяк суцішыць рэпрэсіі, заяву аб звальненьні напісаў выкладчык каледжу, старшыня баранавіцкай суполкі ТБМ Віктар Сырыца. Адзін з найлепшых выкладчыкаў у горадзе, таленавіты настаўнік ад Бога цяпер стаў беспрацоўным. «Каб спыніць усё гэта, звольніўся сам. Звольніць мяне яны ня мелі падстаў — маю 12 падзяк і аніякіх вымоў», — кажа ён. Спадар Сырыца сказаў карэспандэнту «НН», што пайшоў на гэта, «каб паслабіць націск на студэнтаў і выкладчыкаў». У заяве на звальненьне ён напісаў, што сыходзіць у знак пратэсту супраць рэпрэсій у адрас студэнтаў. «Я сам казаў студэнтам, калі ішлі на сустрэчу зь Мілінкевічам, што ім нічога ня будзе, бо гэта не парушэньне закону».

Сырыца лічыць вельмі непрывабнай ролю Тацяны Жытко. Дарэчы, некалі празь пяць хвілін пасьля размовы зь ёю ў Баранавічах былі затрыманы менскія зуброўцы, што прыяжджалі падтрымліваць Сасіма. Летась пасьля наведаньня ёю былога офісу БНФ праз гадзіну туды прыехалі міліцыянты і канфіскавалі ўлёткі «Пяцёркі+».

В.Сырыца лічыць, што выкладчыцкая дзейнасьць для яго скончылася. Аднак «добрыя людзі» прапанавалі сустрэцца з Жытко, тады, маўляў, «усе праблемы вырашацца». «На паклон не пайду. Я не цураюся ніякай працы, без кавалка хлеба не застануся», — кажа старшыня гарадзкой арганізацыі ТБМ.

Нягледзячы на ціск і запалохваньне, студэнты не забываюць свайго выкладчыка. Тэлефануюць яму, пішуць лісты са словамі падтрымкі.

Горка на ўсё гэта глядзець. Чальцы мясцовых няўрадавых арганізацый і партый аднадушна выказваюцца, што калі б мясцовыя чыноўнікі мелі пагрозу стацца невыязнымі ў Эўропу, дык гэта крыху іх стрымлівала б. Дарэчы, актывісты з правінцыі мелі гэткую надзею яшчэ падчас леташніх выбараў — злыя былі на старшыняў выбарчых камісій… Людзі чакаюць нейкай дапамогі ці хаця б маральнага сыгналу асабліва зацятым чыноўнікам.

«Сырыца на першы погляд зрабіў пасьпешлівы крок, — кажа Сяргей Гоўша, старшыня колішняй гарадзкой філіі «Вясны». — Але ён абараняў сваіх вучняў і калег ад горшых вынікаў. Бо намесьнік міністра адукацыі Жук, лічы, папярэдзіў: альбо звальняеце Сырыцу, альбо ў сьнежні каледж не праходзіць атэстацыі».

Сам Мілінкевічаў прыезд сярод простага люду ў адкрытую не камэнтуецца і не абмяркоўваецца. Сярод людзей пануе страх. Страх сказаць лішку ці недзе засьвяціцца. Аднак у той самы час народ цікавіцца ўсім, што зьвязана з адзіным кандыдатам: купляюцца газэты, перадаецца адзін аднаму артыкул мясцовага незалежнага тыднёвіка «Intex-Press», дзе надрукаваны Мілінкевічавы адказы на тэлефанаваньні чытачоў. Уся інфармацыя прагна ўбіраецца.

Паводле слоў С.Гоўшы, у час, калі закрываюцца незалежныя СМІ, адзінай магчымасьцю дайсьці да людзей застаюцца такія паездкі. Магчыма, яны заўчасна падстаўляюць людзей, але за іх трэба змагацца. Іншага шляху няма. Будзем разам, дык не прападзём і пераможам. Але загінем, калі будзем сядзець адзінцамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера