Знайсці
20.12.2015 / 09:317РусŁacБел

Алег Дзярновіч. Гісторыя Беларусі. Частка ХХXV. ХІІ стагоддзе: веліч духоўнага жыцця

Цягам ХІІ стагоддзя непазнавальна змяніўся культурны ландшафт Полацкай зямлі. Заўважнай яго рысай сталі мураваныя храмы — мы налічваем іх аж трынаццаць. Самы першы мураваны храм у Полацку — Сафійскі сабор — скончылі будаваць каля 1050-х. Праз паўстагоддзя ўзводзіцца Вялікі храм у Бельчыцкім манастыры пад Полацкам. У цэрквах, якія будаваліся пазней, пачыналі праглядацца адметныя рысы, характэрныя для ўласна полацкай архітэктуры. Так, ускрытыя падчас раскопак храм-пахавальня Ефрасіннеўскага манастыра і царква на Ніжнім замку маюць галерэі з пашырэннямі па кутах храма.

Архітэктурныя навацыі

Але найбольш адметнай з’яўляецца Спаская царква Ефрасіннеўскага манастыра, якая, на шчасце, захавалася. Яе архітэктар, дойлід Іаан, зламаў візантыйскую храмавую традыцыю. Апошняя прадугледжвала прасторавае пашырэнне, магутныя гарызантальныя лініі. Спаская ж царква заклала новы тып храма, які называюць яшчэ слупападобным. Гэты тып будзе дамінаваць у другой палове ХІІ ст. у дойлідстве Усходняй Еўропы. Расійскі гісторык архітэктуры Павел Рапапорт вобразна пазначыў Спаскую царкву як узор «рускай готыкі». Ва ўсёй кампазіцыі храма падкрэсленае вертыкальнае памкненне, нарастанне вастрыні формаў ад нізу да верху.

Абставіны будаўніцтва храма мы ведаем паводле «Жыція» Ефрасінні Полацкай, складзенага ў самым канцы ХІІ ст. Немагчыма апісваць культурныя працэсы ў Полацкай зямлі ХІІ ст., абмінуўшы ўвагай гэтую легендарную постаць.

Выбар Ефрасінні

Ефрасіння (каля 1101—1167) — гэта манаскае імя прадстаўніцы полацкай княскай дынастыі. Яе ж свецкае імя было Прадслава, а хрысцільнае — Еўпраксія (Параскева). Прадслава была старэйшай і доўгачаканай дачкой у сям’і князя Святаслава-Георгія, малодшага сына легендарнага Усяслава Полацкага. Князь Святаслаў Усяславіч (1050-я — пасля 1130) быў наймалодшым сярод сваіх братоў, таму не мог прэтэндаваць на полацкі стол. Яму быў вылучаны Віцебск, дзе і магла нарадзіцца Прадслава. Паводле ўскосных звестак, маткаю Прадславы была Сафія, дачка Уладзіміра Манамаха. У сям’і былі яшчэ дзеці — малодшыя сястра Гардзіслава, браты Давыд і Васілька.

фота Радыё Рацыя

Паводле «Жыція», у 12-гадовым веку Прадславу хацелі выдаць замуж, але яна адмовілася і таемна прыняла пострыг у Полацкім манастыры. Верагодна, гэта адбылося ў 1116 г.

Як сведчыць «Жыціе», бацька Ефрасінні крытычна ацаніў яе выбар, «смутак жа па ёй ахапіў увесь дом яго». Выбар Ефрасінні ставіць пытанне пра феномен рэлігійнасці ў Полацкай зямлі на пачатку ХІІ ст. Археалагічныя артэфакты сведчаць, што ў жыцці гарадскога насельніцтва яшчэ існавалі моцнымі язычніцкія рэмінісцэнцыі. Але сярод элітных пластоў тагачаснага грамадства хрысціянства ўжо мела трывалае апірышча.

Перасяліўшыся ў мураваную келлю Сафійскага сабора, Ефрасіння занялася перапісваннем кніг і «прыбытак ад продажу іх аддавала тым, хто быў у нястачы». Гэта важная фраза з «Жыція», бо сведчыць пра ўжо сфармаванае кола чытачоў у Полацку ХІІ ст. Магчыма, перапіска кніг на пергаменце, што ў той час было нялёгкай фізічнай працай, стала адным са схімных зарокаў (абетаў) маладой манахіні.

Містыка і прававыя акты

Гэты перыяд адзначаны і містычнымі віданямі (відзеннямі) Ефрасінні, падчас якіх яна пабачыла месца будучай Спаскай царквы. Тры разы да князёўны-інакіні з’яўляўся анёл і адводзіў яе туды, «дзе была цэркаўка Святога Спаса, мятохія Святой Сафіі, што людзі завуць Сяльцом». Вынікае, што за дзве вярсты ад тагачаснага Полацка, на мятохіі — манастарскай зямлі, знаходзілася драўляная Спаская царква. Анёл сцвярджаў: «Ефрасіння! Тут табе належыць быць!» Гэты ж анёл, сведчыць «Жыціе», з’явіўся і полацкаму епіскапу Іллі, у выніку чаго ён склікаў полацкага князя Барыса, бацьку Ефрасінні князя Георгія, іншых пачэсных мужоў і абвясціў: «Вось, аддаю Ефрасінні месца Святога Спаса пры вас, каб пасля маёй смерці ніхто не судзіўся за гэтае маё наданне». Так функцыянавала права ў грамадстве з абмежаванай пісьмовай традыцыяй — здзелкі і наданні яшчэ не заносілі ў актавыя дакументы, а абвяшчалі пры сведках.

У выніку гэтых містычных віданяў і прававых актаў паўстала мураваная Спаская царква. Яе ўзвялі за трыццаць тыдняў, то бок за адзін будаўнічы сезон. Будаўніцтва прадугледжвала і грунтоўны падрыхтоўчы перыяд: паблізу месца будоўлі за некалькі год закладваліся ямы для гашэння вапны, а непасрэдна перад самім будаўніцтвам палі высцілалі цэглаю-плінфаю для прасушкі, а потым і складалі з яе ж палявыя печы для абпалу.

Свецкі ўплыў ігуменні

Ефрасіння стала ігуменняй новага полацкага манастыра. Таксама да манаскага чыну яна прыцягнула сваіх сёстраў — родную Гардзіславу і стрыечную Звеніславу Барысаўну, якая пад новым іменем Еўпраксія стала найбліжэйшай памочніцай Ефрасінні. У далейшым Ефрасіння заахвоціла да манастырскага жыцця і пляменніц Вольгу ды Кірыяну.

Змясціўшы ў 1128—1129 у манастыр сваіх крэўных, яна выратавала іх ад высылкі ў Кіеў, а потым і ў Візантыю. Бо, нагадаем, у 1127, пасля маштабнай выправы кааліцыі паўднёварускіх князёў на Полацкую зямлю, Усяславічы былі высланыя ў Канстанцінопаль. Бацька Ефрасінні, князь Святаслаў-Георгій, так і памёр на чужыне.

Ефрасінню ж бараніў ад высылкі сан ігуменні. І многае сведчыць пра тое, што яна мела шырокія паўнамоцтвы не толькі ў рэлігійным, але і палітычным жыцці Полацкай зямлі ХІІ ст.

Менавіта ігумення Ефрасіння, а не епіскап, накіравала пасольства ў Канстанцінопаль у справе набыцця полацкім Сафійскім саборам абраза Багародзіцы Эфескай. Лічылася, што гэта адзін з трох прыжыццёвых абразоў Божай Маці, якія напісаў евангеліст Лука. Па абраз Ефрасіння даслала да візантыйскага імператара Мануіла І Комніна і патрыярха Лукі Хрысаверга свайго слугу Міхаіла.

Таксама Ефрасіння выдавала ад свайго імя пісьмовыя дакументы, што ва ўмовах ХІІ ст. было сведчаннем важнага грамадскага статусу. Пломбавыя пячаткі князёўны-ігуменні знаходзілі ў розных месцах Усходняй Еўропы — на Рурыкавым гарадзішчы ў Ноўгарадзе, у Какнэсе (полацкай крэпасці Кукенойс на Дзвіне) і непасрэдна каля Спаскай царквы ў Полацку. Свінцовыя пломбавыя пячаткі падвешвалі да актавых дакументаў ці пасланняў. Самі пергаменты, на жаль, не захаваліся.

Больш пра бачанне Ефрасінняй сваёй місіі ў духоўным і палітычным жыцці Полацкай зямлі мы можам даведацца з сюжэтаў фрэсак Спаскай царквы.

Патранальная праграма фрэсак

Заходнюю частку царквы займае манументальная кампазіцыя Крыжаўзвыжання, а па бакавых сценах размешчаныя дзве пары святых мучанікаў: на поўначы — Барыс і Глеб, на поўдні — Раман і Вячаслаў Чэшскі. Святыя атрыбутуюцца беспамылкова, бо маюцца суправаджальныя надпісы.

Выключнае месца ў фрэскавым роспісе займае фігура Вячаслава Чэшскага. У вобразе праглядаюцца партрэтныя рысы — гэта чалавек з даўгімі валасамі, якія спускаюцца на плечы некалькімі пасмамі, трохі закручанымі вусамі і кароткай клінападобнай барадой. Шанаванне святога Вячаслава ўзыходзіць да самых пачаткаў чэшскага хрысціянства.

Выява святога Вячаслава Чэшскага — сведчанне кантактаў полацкага праваслаўя з Захадам.

Сюжэт з выявай св. Вацлава ў Спаскай царкве паказвае, што культурныя і рэлігіныя сувязі Полацка не ўкладаліся толькі ў «руска-візантыйскі» вектар. Мы бачым, як у ХІІ ст. існавала царкоўна-культурная прастора, якая аб’ядноўвала Полацк і Русь з заходнімі славянамі.

Выбар святых для Спаскай царквы меў сімвалічны характар для полацкай дынастыі. Імёны Барыс, Глеб, Вячаслаў былі родавымі для Усяславічаў. Але не толькі так Ефрасіння збіралася ўвекавечыць тут свой род. У апошнія гады, падчас рэстаўрацыйных працаў у Спаскай царкве, былі выяўленыя сем аркасоліяў — пахавальных арачных нішаў у сценах. Відавочна, што царква ўзводзілася як сямейная пахавальня родзічаў Ефрасінні.

Каля адной з тых нішаў змешчаная выява святой Ефрасінні Александрыйскай — патранэсы полацкай ігуменні. Біяграфія Ефрасінні Александрыйскай нязвыклая — яна жыла ў V ст. у манастыры пад выглядам мужчыны. Вобраз святой быў нанесены, як меркаваў расійскі рэстаўратар полацкіх фрэсак Уладзімір Сараб’янаў, каля аркасолі, прызначанай для будучага пахавання Ефрасінні Полацкай. Тут ігумення, хутчэй за ўсё, і малілася падчас храмавых службаў.

Адной з самых ясных праяваў патрыманіяльнай праграмы фрэсак стаў партрэт самой Ефрасінні, якая падносіць мадэль Спаскай царквы Усявышняму, які, у сваю чаргу, бласлаўляе яе з Нябёсаў. Ефрасіння без німбу, што сведчыць пра стварэнне фрэскі яшчэ да афармлення яе шанавання як святой.

Увесь ансамбль Спаскага манастыра ўзводзіўся Ефрасінняй як полацкі сакральны і дынастычны мемарыял. Тут яна і збіралася застацца надалей — побач са сваімі крэўнымі і на сваёй зямлі. Але так выпала, што «вярнулася» ў Полацк яна толькі ў ХХ стагоддзі.

Пра пілігрымку святой Ефрасінні і пра тое, ці існаваў «полацкі матрыярхат», чытайце ў наступным выпуску «Гісторыі Беларусі».

***

Святы Вацлаў (907—935/936) патрон Чэхіі. Бацькам Вацлава быў князь Враціслаў І (888—921) з першай чэшскай дынастыі Пржэмыславічаў, легендарнымі заснавальнікамі якой у другой палове VIII ст. сталі селянін-араты Пржэмысл і княгіня Лібуша. У пачатку ІХ ст. з Баварыі на тэрыторыю Чэхіі стала пранікаць хрысціянства, а ў 845 г. у Рэгенсбургу 14 чэшскіх князёў прынялі хрост. Але, спрабуючы пазбегнуць нямецкага дамінавання, чэхі ў справах катэхізацыі звярталіся да Візантыі. Ад 863 г. на Маравах (усход Чэхіі) прапаведвалі славянскія асветнікі Кірыл і Мяфодзій. Маці князя Враціслава І Людміла была іх вучаніцай.

Калі ж князь Враціслаў І загінуў у бітве з мадзьярамі, рэгенткай пры непаўналетнім Вацлаве засталася яго маці, княгіня Драгаміра. Яна паходзіла з палабскіх славянаў, родавым цэнтрам якіх быў Бранібор — будучы Брандэнбург. Палабы ў першай палове ІХ ст. заставаліся язычнікамі. І сама Драгаміра ўвасабляла ў Чэхіі паганскую рэакцыю на хрысціянізацыю краю.

Супрацьстаянне скончылася замахам на Людмілу — яна была задушаная прыхільнікамі Драгаміры. У пэўным сэнсе яе лёс мусіў падзяліць і ўнук Вацлаў.

Дасягнуўшы паўналецця, ён працягнуў актыўную палітыку хрысціянізацыі Чэхіі. Гэта вяло да ўзмацнення залежнасці Чэхіі ад нямецкага біскупата. І частка чэшскай эліты паставіла на Баляслава, малодшага брата Вацлава, выхаванага пад уплывам маці-язычніцы.

У 935 г. Вацлаў быў забіты ў царкве на загад Баляслава. Кананізавалі Вацлава як мучаніка, і ў гэтым бачыцца характэрная рыса сярэднявечнага хрысціянства. У час, калі для індывідуальнага выжывання патрабаваліся пастаянныя намаганні ці звышэнергія, схільнасць да стрыманасці і пакорлівасці лёсу лічылася цнотай, здольнай утрымаць соцыум у прававых і культурных рамках. Так на Русі кананізавалі мучанікаў Барыса і Глеба. Паводле «Жыція» святога Вацлава, чэшскі князь ведаў пра намер Баляслава яго забіць, але добраахвотна пайшоў на смерць. Паказальна, што ініцыятарам кананізацыі стаў ягоны брат-забойца. Св. Вацлаў і ёсць Св. Вячаслаў Чэшскі праваслаўнай царквы.

Алег Дзярновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031