Былы прэм'ер Азараў стварыў у Маскве Камітэт выратавання Украіны
Фото: @RoslyakovAP
Былы прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў абвесціў у панядзелак аб стварэнні Камітэта выратавання Украіны.
«Мы заяўляем, што ва Украіне створаны і дзейнічаюць камітэты выратавання Украіны! Мы прапануем усім грамадзянам, палітычным партыям, прафсаюзным і грамадзкім рухам аб'яднацца і агульнымі намаганнямі навесці парадак у нашым доме», — заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў Маскве.
Паслядоўнікі руху маюць намер дамагацца датэрміновых выбараў — прэзідэнцкіх, парламенцкіх і ў мясцовыя органы ўлады.
«Для злачынцаў, якія зладзілі ўзброены дзяржпераварот, выкарыстоўваючы справядлівы народны гнеў, чалавечае жыццё не з'яўляецца ніякай каштоўнасцю», — гаворыцца ў звароце.
Акрамя таго, у Камітэце ўжо выбралі кандыдатуру на пост прэзідэнта Украіны ў выпадку правядзення датэрміновых выбараў — Уладзіміра Алейніка, падазраванага ва Украіне ў арганізацыі незаконнага галасавання ў Вярхоўнай Радзе.
У Крамлі ўжо паспелі пракаментаваць новы рух.
Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў: «У Крамлі, безумоўна, не маюць ніякага дачынення да гэтай ініцыятывы. Не магло і не можа ісці гаворкі пра узгадненне гэтай ініцыятывы з нейкімі афіцыйнымі ўладамі тут, у Расіі, і тым больш узгадненне кандыдатуры Алейніка».
Сам Мікалай Азараў з 12 студзеня знаходзіцца ў міжнародным вышуку па лініі Інтэрпола.