Знайсці
25.06.2015 / 11:214РусŁacБел

«Чорныя рыэлтары» з Магілёва капалі магілы для сваіх ахвяраў загадзя, калі тыя яшчэ былі жывыя

Следчы камітэт працягвае расследаванне і высвятленне ўсіх абставін крымінальнай справы, звязанай з забойствамі грамадзян у мэтах завалодання грашыма ад продажаў нерухомасці ў Магілёве, гаворыцца ў паведамленні СК ад імя кіраўніка Следчага камітэта Валянціна Шаева.

фота абвінавачаных, sk.gov.by

У ходзе следства асаблівая ўвага надаецца высвятленню прычын і ўмоваў, якія садзейнічалі ўчыненню гэтых злачынстваў, а таксама выяўленню магчымых парушэнняў з боку службовых асобаў розных арганізацый і ведамстваў. Вывучаюцца праблемы нарматыўнага рэгулявання маёмасных і жыллёвых праваадносін у мэтах устанаўлення магчымых прабелаў у заканадаўстве. Ужо ў першыя дні расследавання Следчым камітэтам была выяўлена адсутнасць належнага кантролю і ўліку пахаванняў на могілках, адзначаецца ў паведамленні.

Створаная следчая група па крымінальнай справе аб забойствах цяпер актыўна працуе над усталяваннем ўсіх абставінаў дзейнасці абвінавачаных. Следства паэтапна аднавіла схемы здзяйснення злачынстваў, уключаючы дробныя дэталі, а таксама спосабы, матывы, накіраванасць намеру абвінавачаных.

У якасці меркаваных ахвяраў злачынства, так званыя «чорныя рыэлтары», выбіралі адзінокіх асоб сацыяльна неабароненай катэгорыі насельніцтва. Пацярпелыя ў большасці выпадкаў злоўжывалі спіртнымі напоямі і мелі запазычанасці па камунальных плацяжах.

Затым адбывалася знаёмства рыэлтараў з пацярпелым. Спосаб выбіраўся ў залежнасці ад кожнай канкрэтнай сітуацыі, але быў у двух варыянтах: ці пад выглядам маладой сямейнай пары, або ў вобразе судовага выканаўцы, які прыйшоў спаганяць даўгі па камунальных паслугах.

Спрабуючы усімі магчымымі спосабамі паўплываць на выбраную ахвяру, абвінавачаныя схілялі кожнага з пацярпелых да здзяйснення здзелкі па продажы кватэры. Тут у ход ішлі розныя спосабы: прапаноўваўся алкаголь, прадукты, грошы. Акрамя таго, абвінавачаныя абяцалі дапамогу ў набыцці больш таннага жылля пасля продажу кватэр. Далей маляваліся прыгожыя перспектывы жыцця пацярпелых за кошт розніцы ад выручаных пры продажы кватэр грашовых сродкаў.

Каб канчаткова развеяць сумневы ў праўдзівасці сваіх намераў, абвінавачаныя бралі ў арэнду на суткі якую-небудзь кватэру ў Магілёве, прывозілі туды пацярпелага і дэманстравалі варыянт будучага жылля.

Пры гэтым адбывалася інсцэніроўка: у ролі гаспадара здымнай кватэры выступаў хто-небудзь з зламыснікаў, і, калі пацярпелы даваў сваю згоду на набыццё дадзенай кватэры, абвінавачаныя дэманстратыўна перадавалі змоўшчыку заклад за «куплю» кватэры. З пацярпелага ў сваю чаргу бралі распіску ў тым, што ён абавязваецца вярнуць суму закладу.

У далейшым «чорныя рыэлтары» дапамагалі патэнцыйнай ахвяры з афармленнем і зборам усіх неабходных дакументаў для продажу свайго жылля, перадавалі грошы на пагашэнне камунальнай запазычанасці. Асаблівасцю з'яўлялася тое, што адміністрацыйныя працэдуры і плацяжы здзяйсняліся пацярпелымі асабіста, а абвінавачаныя ўсяляк хавалі свой удзел у суправаджэнні працэдуры адчужэння жылля.

Калі ўвесь неабходны для продажу пакет дакументаў быў сабраны, на імя пацярпелага рэгістраваліся два тэлефонныя нумары і набываліся два недарагія мабільныя тэлефоны. Адзін тэлефон заставаўся ў пацярпелага, а другі — у абвінавачаных. Так канспіравалася сувязь будучых ахвяр і зламыснікаў.

Перад здзяйсненнем кожнай з здзелак, пацярпелых рэгістравалі на тэрыторыі Мінскага раёна.

sk.gov.by

Наступны этап быў інфармацыйным: размяшчаліся аб'явы аб продажы кватэры ў газетах і на рэкламных сайтах. У якасці кантактнага нумару тэлефона размяшчаўся тэлефон «чорных рыэлтараў», набыты напярэдадні. Для патэнцыйных пакупнікоў паказвалася асноўная ўмова здзелкі: разлік наяўнымі грашыма.

Далей адбывалася працэдура афармлення продажу кватэры ва ўстаноўленым законам парадку. Пасля рэалізацыі ўсёй вышэйпаказанай схемы пацярпелы прадаваў сваю кватэру.

Затым «чорныя рыэлтары» пад рознымі падставамі, у тым ліку святкавання паспяховага завяршэння здзелкі, запрашалі ахвяр у бязлюдныя месцы, дзе пасля забівалі.

Каб падкрэсліць цынізм і жорсткасць прыцягнутых па справе абвінавачаных, магілы яны капалі загадзя для яшчэ жывых людзей: напярэдадні здзелкі альбо за некалькі дзён да яе здзяйснення, абвінавачаныя выбіралі месца на могілках, дзе планавалі пахаваць пацярпелага пасля забойства. Для гэтага адшукваліся асобы, якія за невялікае ўзнагароджанне капалі магілы пад падставай пахавання «памерлага сваяка».

Раней Следчы камітэт паведамляў пра тое, што следства выявіла шэсць фактаў забойстваў грамадзян і адну падрыхтоўку да забойства, якое не было даведзена да канца па незалежных ад абвінавачаных абставінах. Цяпер устаноўлена яшчэ два факты падрыхтоўкі да забойстваў. Для дзвюх будучых ахвяр ужо былі выкапаныя магілы на могілках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера